epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Каўнерык

Жыў-быў элегантны кавалер; у яго толькі і было за душой, што падстаўка, каб здымаць боты, грабянец ды яшчэ вельмі прыгожы, нават франтаваты каўнерык. Вось пра каўнерык і пойдзе размова.

Каўнерык пажыў ужо на свеце і пачаў думаць пра жаніцьбу. Выпала яму аднойчы трапіць у начоўкі разам з падвязкай для панчохі.

- Ах! - усклікнуў каўнерык. - Якія вы стройныя, якія пяшчотныя і мілыя! Дазвольце ўведаць вашае імя?

Але падвязка была вельмі сарамлівая, гэтае запытанне здалося ёй нясціплым, і яна змаўчала.

- Вы, мабыць, завязка? - не адступаўся каўнерык. - Штосьці падобнае да тасьмы, што звужае сукенку на стане. Вось, вось, бачу: вы ўпрыгожанне і ў той жа час прыносіце карысць, понадзь мая!

- Будзьце ласкавыя, не заводзьце са мной гутаркі! - загневалася падвязка. - Я, здаецца, не давала для гэтага падставы!

- Ваша краса - самая лепшая падстава! - сказаў каўнерык.

- Ах, прашу, не чапляйцеся! - павысіла голас падвязка. - Вы падобныя на мужчыну!

- Канечне, я ж элегантны кавалер! - з гонарам прамовіў каўнерык. - У мяне ёсць падстаўка для ботаў і грабянец!

Вось і зманіў! Каўнерык проста хваліўся: тыя рэчы былі не ягоныя, а яго гаспадара.

- Адчапіцеся, калі ласка, - не падпускала яго блізка да сябе падвязка. - Я не прывыкла, каб так са мной паводзіліся.

- Незачэпа! - буркнуў каўнерык.

Тут яго ўзялі, памылі, накрухмалілі, павесілі на спінку крэсла, высушылі на сонцы, затым паклалі на прасавальную дошку.

Заявілася гарачая прасавальная плітка.

- Пані! - прамовіў каўнерык ёй. - Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьці робіцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку і сэрца!

- Ах ты рызман! - ганарыста сказала прасавальная плітка і цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны.

Каўнерык крыху абшморгнуўся; і з'явіліся нажніцы, каб падраўняць яму краі.

- О! - усклікнуў каўнерык. - Вы, мусіць, знакамітая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамі! Ніколі не бачыў нічога такога! Ніхто з жанчын не можа параўнацца з вамі!

- Ведаем! - сказалі нажніцы.

- Вы вартыя быць графіняй, - прадаўжаў каўнерык. - Але, на жаль, я маю толькі гаспадара-франта, падстаўку для ботаў і грабянец... Ах, каб было ў мяне графства...

- Ды ён, здаецца, сватаецца?! - ускрыкнулі нажніцы і ў злосці гэтак спаласавалі каўнерык, што прыйшлося яго выкінуць.

«Пасватацца хіба толькі да расчоскі?» - падумаў каўнерык і звярнуўся да яе:

- Проста дзіва, як захаваліся вашыя зубкі, фрэкен!.. Скажыце, вы калі-небудзь думалі пра замужжа?

- Чаму не думала! - адказала расчоска. - Я паненка зэдлічка, на якім твой гаспадар абувае боты.

- Паненка?! - усклікнуў каўнерык.

Цяпер яму не было да каго сватацца, і ён пачаў з пагардай думаць пра жаніцьбу.

Час ішоў, і каўнерык разам з іншым рыззём трапіў на папяровую фабрыку.

Там сабраўся вялікі рыззёвы гурт.

Тоненькія анучкі, як і трэба, трымаліся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсіх, - ён быў хвалько з хвалькоў.

- У мяне была процьма нарачоных! - лапатаў ён. - Проста бегалі за мной! Ды і як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былі ўласная падстаўка для ботаў і грабянец, хоць я імі ніколі не карыстаўся... Паглядзелі б вы на мяне, калі я, бывала, ляжаў на баку!.. Ніколі не змагу забыць першую нарачоную - завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кінулася! Была яшчэ адна, удоўка, - загарэлася да мяне такім каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакінуў, і яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, - гэта яна раніла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод... Але болей за ўсё мне шкада падвязку ці, лепш сказаць - завязку, бо яна з-за мяне кінулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я... Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу!

Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык - вось у гэты самы аркушык, на якім надрукавана яго гісторыя. Так ён быў пакараны за сваю лішнюю ману.

І нам варта паводзіцца асцярожней: хто ведае, можа, і таму-сяму з нас прыйдзецца некалі трапіць у ахапак лахманоў і пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гісторыю, і тады пойдзеш разносіць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!



Пераклад: Генрых Далідовіч