epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Куфар-самалёт

Жыў-быў купец. Ён быў такі багацей, што мог бы вымасціць срэбнымі грашыма цэлую вуліцу. А ў прыдатак - яшчэ і завулак. Але гэтага купец не рабіў. Ён добра ведаў як траціць грошы.

Раптоўна гэты багацей памёр. Нашчадкам яго скарбаў застаўся сын. От ён і пачаў жыць весела. Кожную ноч удзельнічаў у розных гулях, маскарадах. З грошай вырабляў папяровых змеяў. А па вадзе, замест каменьчыкаў, шпурляў залатымі манетамі.

Зразумела, што сын купца вельмі хутка застаўся без грошай. У адным старым халаце. Ды ў пантофлях-шлёпанцах. Адвярнуліся ад яго ўсе сябры. Толькі адзін з іх, добры чалавек, прыслаў яму стары куфар. Нічоганькі не мог пакласці бядак у той куфар. Узяў ды сам усеўся туды.

А куфар быў не просты. Варта націснуць на замок - і куфар узлятаў у паветра. Купецкі сын так і зрабіў.

Вокамгненна, з подсвістам куфар вылецеў з ім у комін. Узвіўся высока-высока, пад самыя воблакі. Купецкі сын вельмі страшыўся, што куфар вось-вось разаб'ецца на друзачкі. Але ўсё было добра, і неўзабаве ён прыляцеў у Турцыю.

Схаваў купецкі сын у лесе свой незвычайны куфар-самалёт. А сам пакіраваў у горад. Ён не саромеўся свайго ўбора, бо ў той краіне ўсе людзі хадзілі ў халатах і туфлях.

Сустрэлася яму на вуліцы жанчына з дзіцём, ён і пытае:

- Скажыце, што гэта за вялізны палац каля вашага горада? Чаму ў ім вокны так высока ад зямлі?

- О, тут жыве прынцэса! - сказала жанчына. - Ёй прадказана, што яна будзе няшчаснай ад свайго жаніха. Вось да яе ніхто і не можа зайсці. Толькі з дазволу саміх караля і каралевы.

Падзякаваў купецкі сын, вярнуўся ў лес. Сеў у свой куфар і прыляцеў на дах палаца. Адтуль улез да прынцэсы праз акно.

Прынцэса якраз спала на канапе. Яна была такая прыгажуня, што купецкі сын не ўтрымаўся і пацалаваў яе. Прынцэса прачнулася, спалохана спытала:

- Вы хто?

- Турэцкі бог! - адказаў купецкі сын. - Я прыляцеў да вас з неба.

Прынцэсе гэта спадабалася. Яны селі побач. І госць пачаў расказваць ёй казкі: пра яе вочы, прыгажосць, урэшце, пра буслоў, якія прыносяць людзям маленькіх дзяцей.

Так яны і пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму. Хлопец прапанаваў прынцэсе выйсці за яго замуж. Яна пагадзілася, але сказала пры гэтым:

- Прыйдзіце сюды ў суботу. У мяне будуць піць гарбату кароль і каралева. Ім спадабаецца, што я выходжу замуж за турэцкага бога. А вы пастарайцеся расказаць ім цікавую казку. Толькі ўлічыце: мама любіць казкі павучальньныя і сур'ёзныя, а бацька - вясёлыя.

- Мае казкі і будуць вясельным падарункам, - паведаміў купецкі сын.

Прынцэса на развітанне падарыла свайму жаніху шаблю, выкладзеную чырвонцамі. Такога багацця яму і не хапала. На тым яны развіталіся.

Паляцеў хлопец у горад, купіў сабе новы халат. Ды засеў у лесе складваць казку. Не думайце, што гэта так проста.

Але вось казка гатова. І якраз наступіла субота. Усё адбылося, як сказала прынцэса. Кароль, каралева і ўвесь двор сабраліся да прынцэсы на гарбату. Купецкага сына прынялі як найлепш.

- Ну, раскажы нам казку! - папрасіла каралева. - Толькі што-небудзь сур'ёзнае, павучальнае.

- Але каб і пасмяяцца можна было! - дадаў кароль.

- Добра! - адказаў купецкі сын.

Паслухаем і мы яго казку.

«Жыў-быў пачак запалак. Ляжалі запалкі на паліцы паміж крэсівам і старым жалезным кацялком. Час ад часу яны расказвалі суседзям пра сваё дзяцінства:

- Добра нам было ў маладосці. Жылі мы ў лесе зялёнай сасной. Кожную раніцу і штовечар пілі брыльянтавую гарбату - расу. Цалюткі дзень свяціла нам сонейка, а птушкі расказвалі казкі. Мы ганарыліся сваім багатым родам. Ліставыя дрэвы былі апрануты толькі летам. А мы мелі зялёную вопратку круглы год, нават зімой. Але аднойчы з'явіліся ў лесе дрывасекі, і пачаліся вялікія перамены. Загінула ўся наша сям'я. З нашага шаноўнага дрэва зрабілі запалкі. Вось мы, важныя паны, ляжым цяпер на кухні, служым чэрні.

- Са мной усё было інакш, - сказаў жалезны кацялок. - Як толькі з'явіўся на свет, мяне бясконца чысцяць, шкрабуць, ставяць на агонь. Калі сказаць праўду, то я займаю ў хаце першае месца. Адзінае маё балаўство - ляжаць пасля абеду чысценькім на паліцы ды гутарыць з сябрамі.

Кацялок пачаў расказваць розныя небыліцы пра вядро, кошык, гаршчок. Яго супыніла крэсіва:

- Вельмі, дружа, ты разбалбатаўся. Ці не лепш бы нам паслухаць іншых?

- Так, так, давайце пагаворым, хто з нас важнейшы, - прапанавалі запалкі.

- Не, я не люблю гаварыць пра сябе, - сказала гліняная міска. - Я пачну і паведаю сёе-тое з жыцця, што будзе знаёма ўсім і кожнаму. Дык вось, на беразе роднага мора, у цяньку ад дацкіх букаў...

- Цудоўны пачатак! - пахвалілі талеркі.

- Там у адной мірнай сям'і правяла я сваю маладосць. Уся мэбля была паліраваная. Падлога чыста вымытая. А фіранкі на вокнах мяняліся кожныя два тыдні.

- Як цікава! - сказала мяцёлка. - У вашым аповедзе так і адчуваецца жанчына, якая любіць чысціню.

- Так, так! - пацвердзіла вядро, ад задавальнення нават падскочыла і выплюхнула на падлогу крыху вады.

Гліняная міска тым часам прадаўжала свой аповед. Талеркі загрымелі ад захаплення. Мяцёлка дастала са скрыні з пяском пучок зялёнай пятрушкі і ўвянчала ім міску.

Вугальныя абцугі пусціліся ў скокі. Бог ты мой, як яны ўскідвалі то адну, то другую нагу!

Павінен быў заспяваць самавар. Але ён важнічаў, маўляў, можа спяваць толькі тады, калі ўсярэдзіне ў яго кіпіць.

- Што ж, - сказала гусінае пяро, якое ляжала на акне, абмакнутае ў чарнільніцу, - калі самавар не хоча спяваць, хай заспявае салавей, які вісіць за акном у клетцы.

- Па-мойму, гэта непрыстойна слухаць нейкую нетутэйшую птушку, - зазначыў медны імбрык, зводны брат самавара.

- Давайце шумець! - закрычалі ўсе.

Раптам дзверы адчыніліся, увайшла служанка. Усе прыціхлі, ні гугу. Але не было ніводнага гаршка, які б не думаў пра сваю знакамітасць. Кожны думаў пра сябе: «От каб я ўзяўся за справу, было б весела!»

Служанка ўзяла запалкі і запаліла імі свечку. Божа мой, як яны фыркалі, калі запальваліся!

«Вось цяпер усе бачаць, што мы тут важныя асобы, - думалі яны. - Які ад нас бляск, колькі святла!»

Так яны і згарэлі.

- Цудоўная казка! - сказала каралева. - Я нібыта сама пасядзела на кухні разам з запалкамі. Так, ты варты рукі нашай дачкі.

- Безумоўна! - пацвердзіў кароль. - Вяселле адбудзецца ў панядзелак!

Кароль і каралева звярталіся да жаніха на «ты». Яны паверылі, што ён вельмі хутка стане часткай іх сям'і.

Вечарам у горадзе наладзілі ілюмінацыю. Народу кідалі пампушкі і абаранкі. Хлапчукі лавілі іх, крычалі «ўра».

А купецкі сын накупляў ракет, хлапушак. Узляцеў з імі на сваім куфры-самалёце і давай піф-пафаць. Туркі скакалі ад радасці, бо яшчэ ніколі не бачылі такога феерверка. І паверылі, што на прынцэсе жэніцца сам турэцкі бог.

Купецкі сын зноў схаваў свой куфар-самалёт у лесе. Вярнуўся ў горад і з прыемнасцю слухаў, што казалі людзі пра яго.

- Бачыў я самога турэцкага бога! - сказаў адзін гараджанін. - Вочы ў яго нібыта зоркі, а барада - пена марская!

- Ён лятаў на вогненным плашчы! - расказваў другі.

Набліжаўся час вяселля, і купецкі сын пайшоў у лес, каб сесці ў свой чароўны куфар ды паляцець да нявесты. Але здарылася нечаканая бяда.

Куфар згарэў. Ад яго застаўся толькі попел. Відаць, у час феерверка ў ім аселі іскры. Яны тлелі, тлелі дый успыхнулі.

Так і не пашчасціла купецкаму сыну зноў узляцець на каралеўскі палац, да вокнаў прынцэсы.

А яна ўвесь дзень стаяла на даху, чакала яго. Ды чакае і па сёння!

Жаніх жа ходзіць па белым свеце, расказвае новыя казкі. Толькі цяпер яны ўжо не такія вясёлыя, як была яго першая казка пра запалкі.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі