epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Лён

Лён красаваў цудоўнымі блакітнымі кветачкамі, мяккімі і пяшчотнымі, як крылцы матылькоў, нават яшчэ больш пяшчотнымі! Сонца лашчыла яго, дождж паліваў, і ільну гэта было так карысна і прыемна, як маленькім дзецям, калі маці спачатку памые іх, а потым пацалуе, дзеці ад гэтага становяцца больш прыгожымі, прыгажэў і лён:

- Усе кажуць, што я ўрадзіўся на славу! - сказаў лён. - Кажуць, што я яшчэ выцягнуся, і потым з мяне атрымаецца выдатны кавалак тканіны! Ах, які я шчаслівы! Напраўду, я шчаслівейшы за ўсіх! Гэта так прыемна, што і я спатрэблюся на што-небудзь! Сонейка мяне весяліць і ажыўляе, дожджык харчуе і асвяжае! Ах, я такі шчаслівы, такі шчаслівы! Я шчаслівейшы за ўсіх!

- Так, так, так! - сказалі калкі згароды. - Ты яшчэ не ведаеш свету, а мы дык вось ведаем, - бачыш, якія мы сукаватыя!

І яны жаласліва зарыпелі:

 

Азірнуцца не паспееш,

Як і песеньцы канец!

 

- Зусім не канец! - сказаў лён. - І заўтра зноў будзе грэць сонейка, зноў пойдзе дожджык. Я адчуваю, што расту і квітнею! Я шчаслівейшы за ўсіх на свеце!

Але вось аднойчы з'явіліся людзі, схапілі лён за макушку і выдралі з коранем. Як балюча было! Потым яго паклалі ў ваду, быццам збіраліся ўтапіць, а пасля таго трымалі над агнём, быццам хацелі падсмажыць. Жах, дый толькі!

- Не век жа мы можам жыць для свайго задавальнення! - сказаў лён. - Прыходзіцца і пацярпець. Затое паразумнееш.

Але ільну даводзілася ўжо вельмі дрэнна. Чаго толькі з ім не рабілі: і мялі, і трушчылі, і трапалі, і часалі - ды проста ўсяго і не запомніш! Нарэшце ён апынуўся на пралцы. Жжж! Тут ужо міжволі ўсе думкі ўроскід пайшлі!

«Я ж так доўга быў невыказна шчаслівы! - думаў ён у час сваіх пакут. - Што ж, трэба быць удзячным за тое добрае, што выпала мне на долю! Так, трэба, трэба!.. Ох!»

І ён паўтараў тое ж самае, нават трапіўшы на ткацкі станок.

Але вось нарэшце з яго атрымаўся вялікі кавалак цудоўнай тканіны. Увесь лён да апошняй сцяблінкі пайшоў на гэты кавалак.

- Але ж гэта ўсё цудоўна! Вось ужо не думаў, не гадаў! Як мне, аднак, шанцуе! А калкі ж усё паўтаралі: «Азірнуцца не паспееш, як і песеньцы канец!» Ці шмат яны разумелі, сказаць няма чаго! Песеньцы зусім не канец! Яна толькі цяпер і пачынаецца. Вось шчасце! Сапраўды калі мне і давялося папакутваць крыху, то затое цяпер з мяне і атрымалася сёе-тое. Не, я шчаслівейшы за ўсіх на свеце! Які я цяпер моцны, мяккі, белы і доўгі! Гэта несумненна лепш, чым проста расці або нават квітнець у полі! Там ніхто за мной не даглядаў, ваду я толькі і бачыў, што ў дожджык, а цяпер да мяне прыставілі прыслугу, кожную раніцу мяне перакладваюць на другі бок, кожны вечар паліваюць з лейкі! Сама пастарша трымала нада мною прамову і сказала, што ва ўсім акалодку не знойдзецца лепшага кавалка! Ну, ці ж можна быць шчаслівейшым за мяне!

Палатно ўзялі ў дом, і яно трапіла пад нажніцы. Ну і выпала ж яму! Яго і рэзалі, і кроілі, і калолі іголкамі - так, так! Нельга сказаць, што гэта было прыемна! Затое з палатна атрымалася дванаццаць пар... такіх прыналежнасцей туалета, якія не прынята называць у грамадстве, але ў якіх усе маюць патрэбу. Цэлых дванаццаць пар атрымалася!

- Дык вось калі толькі з мяне атрымалася сёе-тое! Вось якое, было маё прызначэнне! Дык гэта ж проста шчасце! Цяпер і я прыношу карысць свету, а ў гэтым жа ўся і сутнасць, у гэтым жа ўся і радасць жыцця! Нас дванаццаць пар, але ўсё ж мы адно цэлае, мы - тузін! Вось дык шчасце!

Прайшлі гады, і бялізна знасілася.

- Усяму на свеце бывае канец! - сказала яна. - Рада б была паслужыць яшчэ, ды немагчыма - немагчыма!

І вось бялізну парвалі на рыззё. Яно ўжо было падумала, што яму зусім надышоў канец, так пачалі яго секчы, камечыць, варыць, адціскаць... Ды, зірк - яно пераўтварылася ў тонкую белую паперу!

- Ну, вось сюрпрыз дык сюрпрыз! - сказала папера. - Цяпер я танчэй ранейшага, і на мне можна пісаць. Чаго толькі на мне не напішуць! Якое шчасце!

І на ёй напісалі цудоўнейшыя апавяданні. Слухаючы іх, людзі рабіліся дабрэй і разумней, - так добра і разумна яны былі напісаны. Якое шчасце, што людзі змаглі іх прачытаць!

- Ну, гэтага мне і ў сне не снілася, калі я цвіла ў полі блакітненькімі кветачкамі! - казала папера. - І ці магла я ў той час думаць, што мне выпадзе на долю шчасце несці людзям радасць і веды! Я ўсё яшчэ не магу прыйсці ў сябе ад шчасця! Самой сабе не веру! Але ж гэта так! Сама я тут ні пры чым, я імкнулася толькі па меры слабых сіл сваіх недарэмна займаць месца! І вось жыццё нясе мяне ад адной радасці і гонару да другой! Кожны раз, як я падумаю: «Ну, вось і песеньцы канец», тут якраз і пачынаецца для мяне новае, яшчэ вышэйшае, лепшае жыццё! Цяпер я думаю выправіцца ў шлях-дарогу, абысці ўвесь свет, каб усе людзі маглі прачытаць напісанае на мне! Гэтак жа і павінна быць! Раней у мяне былі блакітненькія кветачкі, цяпер кожная кветачка расцвіла цудоўнейшай думкай! Шчаслівей за мяне няма нікога на свеце!

Але папера не выправілася ў падарожжа, а трапіла ў друкарню, і ўсё, што на ёй было напісана, перадрукавалі ў кнігу, ды не ў адну, а ў сотні, тысячы кніг. Яны маглі прынесці карысць і падараваць задавальненне бясконца большай колькасці людзей, чым адна тая папера, на якой былі напісаны апавяданні: бегаючы па белым свеце, яна б абшматалася на паўшляху.

«Сапраўды, бясспрэчна, так справа будзе надзейней! - падумала спісаная папера. - Гэтага мне і ў галаву не прыходзіла! Я застануся дома адпачываць, і мяне будуць шанаваць, як старую бабульку! На мне ж усё напісана, словы сцякалі з пяра прама на мяне! Я застануся, а кнігі будуць бегаць па белым свеце! Вось гэта справа! Не, якая я шчаслівая, якая я шчаслівая!»

Тут усе асобныя лісты паперы сабралі, звязалі разам і паклалі на паліцу.

- Ну, можна цяпер і спачываць на лаўрах! - сказала папера. - Не лішне таксама сабрацца з думкамі і засяродзіцца! Цяпер толькі я зразумела, як след, што ўва мне ёсць! А зразумець сябе самога - вялікі крок наперад. Але што ж будзе са мной потым? Адно я ведаю - што абавязкова рушу наперад! Усё на свеце пастаянна ідзе наперад, да дасканаласці.

У адзін цудоўны дзень паперу ўзялі і кінулі ў пліту; яе вырашылі спаліць, бо яе нельга было прадаць у малочную крамку на абгортку масла і цукру.

Дзеці абступілі пліту; ім хацелася паглядзець, як папера ўспыхне і потым па попелу пачнуць перабягаць і згасаць адна за другой гарэзлівыя, бліскучыя іскрынкі! Вось так дакладна дзятва бяжыць дадому са школы! Пасля ўсіх выходзіць настаўнік - гэта апошняя іскра. Але, зрэдку думаюць, што ён ужо выйшаў - не і не! Ён выходзіць яшчэ шмат часу пагадзя пасля самага апошняга школьніка!

І вось агонь схапіў паперу! Як яна ўспыхнула!

- Уф! - сказала яна і ў тую ж хвіліну пераўтварылася ў слуп полымя, якое ўзвінулася ў паветра высока-высока, лён ніколі не мог падняць так высока сваіх блакітненькіх кветкавых галовак, і полымя ззяла такім асляпляльным бляскам, якім ніколі не ззяла белая тканіна. Напісаныя на паперы літары ў адно імгненне заірдзеліся, і ўсе словы і думкі ператварыліся ў полымя!

- Цяпер я ўзвінуся прама да сонца! - сказала полымя, быццам тысячамі галасоў адначасова, і паляцела ў трубу. А ў паветры залёталі маленечкія нябачаныя істоты, лягчэй, больш лягчэй, чым нават полымя, з якога нарадзіліся. Іх было столькі ж, колькі калісьці было кветачак на ільне. Калі полымя патухла, яны яшчэ раз пратанцавалі па чорным попеле, пакідаючы на ім бліскучыя сляды ў выглядзе залатых іскрынак.

Дзятва выбегла са школы, за ёй выйшаў і настаўнік; любата была паглядзець на іх! І дзеці заспявалі над мёртвым попелам:

 

Азірнуцца не паспееш,

Як і песеньцы канец!

 

Але нябачаныя малюпасенькія істоты казалі:

- Песенька ніколі не канчаецца - вось што самае дзівоснае! Мы ведаем гэта, і таму мы шчаслівейшыя за ўсіх!

Але дзеці не пачулі ніводнага слова, а калі б і пачулі, не зразумелі б. Ды і не трэба! Не ўсё ж ведаць дзецям!



Пераклад: Валянцін Лукша