epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Лёс лопуху

Перад багатаю сядзібай быў разбіты дзівосны сад з рэдкімі дрэвамі і кветкамі. Госці, якія наязджалі ў маёнтак, уголас захапляліся садам; гараджане і навакольныя сельскія жыхары знарок прыязджалі сюды ў нядзелі і святы прасіць дазволу агледзець яго; з'яўляліся сюды з тою ж мэтай і вучні розных школ са сваімі настаўнікамі.

За металічнай агароджай сада, якая аддзяляла яго ад поля, вырас лопух; ён быў такі вялікі, густы і раскідзісты, што па ўсёй справядлівасці заслугоўваў назвы лопухавага куста. Але ніхто не любаваўся на яго, акрамя старога асла, які вазіў каламажку малочніцы. Ён выцягваў сваю доўгую шыю і казаў лопуху:

- Які ты прыгожы! Так бы і з'еў цябе!

Але вяроўка была кароткая, і аслу не ўдавалася дацягнуцца да лопуху.

Неяк у садзе сабралася вялікая кампанія: да гаспадароў прыехалі знатныя госці са сталіцы, маладыя людзі, цудоўныя дзяўчаты, і між імі адна паненка здалёку, з Шатландыі, славутага роду і вельмі багатая. «Зайздросная нявеста!» - казалі халастыя маладыя людзі і іх матулі.

Моладзь забаўлялася на лужку, гуляла ў кракет, затым усе накіраваліся ў сад; кожная паненка сарвала кветку і ўваткнула яе ў пятліцу аднаго з маладых людзей. А юная шатландка доўга азіралася вакол, выбірала, выбірала, ды так нічога і не выбрала; ні адна з садовых кветак не прыйшлася ёй да густу. Але вось яна глянула за агароджу, дзе рос лопух, убачыла яго сінявата-чырвоныя пышныя кветкі, усміхнулася і папрасіла сына гаспадара дома сарваць ёй адну з іх.

- Гэта кветка Шатландыі! - сказала яна. - Яна красуецца ў шатландскім гербе. Дайце мне яе!

І ён сарваў самую прыгожую кветку, укалоўшы сабе пры гэтым пальцы, быццам яна расла на калючай шыпшыне.

Паненка прасунула кветку маладому чалавеку ў пятліцу, ён быў вельмі задаволены гэтым, ды і кожны з астатніх маладых людзей ахвотна б аддаў сваю шыкоўную садовую кветку, каб толькі атрымаць з ручак цудоўнай шатландкі хоць лопух. Але ўжо калі быў усцешаны гаспадароў сын, то што ж адчуў сам лопух? Яго як быццам акрапіла расою, асвяціла сонейкам.

«Аднак я важней, чым думаў! - сказаў ён пра сябе. - Месца ж маё, бадай, у садзе, а не за дратамі. Вось, праўда, як дзіўна іграе намі лёс! Але цяпер хоць адно з маіх дзяцей перабралася за агароджу, ды яшчэ трапіла ў пятліцу!»

І з таго часу лопух расказваў аб гэтай падзеі кожнаму бутону, які толькі што распускаўся. Не прайшло затым і тыдня, як лопух пачуў навіну - не ад людзей, не ад шчабятлівых пташак, а ад самога паветра, якое ўспрымае і разносіць паўсюдна найменшы гук, што пачуўся ў самых глухіх алеях сада або ва ўнутраных пакоях дома, дзе вокны і дзверы адчынены насцеж. Вецер паведаміў, што малады чалавек, які атрымаў з цудоўных рук шатландкі кветку лопуху, удастоіўся нарэшце атрымаць і руку і сэрца прыгажуні. Слаўная выйшла парачка, упаўне прыстойная партыя.

- Гэта я іх сасватаў! - вырашыў лопух, успамінаючы сваю кветку, якая трапіла ў пятліцу. І кожная кветка, якая толькі распускалася, павінна была выслухаць гэтую гісторыю.

«Мяне, канечне, перасадзяць у сад! - думаў лопух. - Можа быць, нават пасадзяць у гаршчок; цеснавата будзе, ну, ды затое ганарова!»

І лопух так захапіўся гэтай марай, што ўжо з поўнаю ўпэўненасцю казаў: «Я траплю ў гаршчок!» - і абяцаў кожнай сваёй кветачцы, якая паяўлялася зноў, што яна таксама трапіць у гаршчок, а можа быць, нават і ў пятліцу, - вышэй за гэта ўжо трапіць не было куды! Але ні адна з кветак не трапіла ў гаршчок, не кажучы ўжо аб пятліцы. Яны ўбіралі ў сябе паветра і святло, сонечныя промні ўдзень і кропелькі расы ноччу, цвілі, прымалі візіты жаніхоў - пчол і восаў, якія шукалі пасагу, кветкавага соку, атрымлівалі яго і пакідалі кветкі.

- Разбойнікі гэткія! - казаў пра іх лопух. - Так бы і пракалоў іх наскрозь, ды не магу.

Кветкі панікалі галоўкамі, бляклі і завядалі, але на змену ім распускаліся новыя.

- Вы з'яўляецеся якраз своечасова! - казаў ім лопух. - Я з хвіліны на хвіліну чакаю перасадкі туды, за агароджу.

Нявінныя рамонкі і макрычнік слухалі яго з глыбокім здзіўленнем, шчыра верачы кожнаму яго слову.

А стары асёл, які цягаў каламажку малочніцы, стаяў на прывязі каля дарогі і любоўна касавурыўся на квітучы лопух, але вяроўка была кароткая, і ён ніяк не мог дацягнуцца да куста.

Лопух так многа думаў аб сваім родзічы, шатландскім лопусе, што пад канец паверыў у сваё паходжанне з Шатландыі і ў тое, што іменна яго бацькі і красаваліся ў гербе краіны. Вялікая гэта была думка, але чаму б такому вялікаму лопуху і не мець вялікіх думак?

- Іншы раз паходзіш з такой славутай сям'і, што не асмелішся і здагадвацца аб тым! - сказала крапіва, якая расла непадалёк, у яе таксама было нейкае цьмянае адчуванне, што пры належным доглядзе і яна магла ператварыцца ў кісяю!

Лета прайшло, прайшла і восень, лісце з дрэў асыпалася, кветкі набылі больш яркую афарбоўку, але амаль страцілі свой пах. Вучань садоўніка распяваў у садзе з таго боку металічных прутоў:

 

Уверх на горку,

Уніз пад горку

Хуткі час бяжыць!

 

Маладзенькія елачкі ў лесе пачалі ўжо мардавацца перадкалядным сумам, але да каляд было яшчэ далёка.

- А я ўсё яшчэ тут стаю! - сказаў лопух. - Нікому як быццам і справы да мяне няма, а я ж наладзіў вяселле! Яны заручыліся, ды і пажаніліся вось ужо тыдзень таму назад! Што ж, сам я кроку не зраблю - не магу!

Прайшло яшчэ некалькі тыдняў. На лопусе красавалася ўжо толькі адна кветка, апошняя, але вялікая і пышная. Вырасла яна амаль каля самых каранёў, вецер абвяваў яе холадам, фарбы яе звялі, і чашачка, такая вялікая, быццам у кветкі артышоку, нагадвала цяпер высерабраны сланечнік.

У сад выйшла маладая парачка, муж і жонка. Яны ішлі ўздоўж садовай агароджы, і маладая жанчына зірнула праз яе.

- А вось ён, вялікі лопух! Усё яшчэ стаіць! - усклікнула яна. - Але на ім няма больш кветак!

- Не, бачыш вунь марны цень апошняй! - сказаў муж, паказваючы на высерабраныя рэшткі кветкі.

- А яна ўсё-такі прыгожая! - сказала жонка. - Трэба загадаць выразаць такую ж на рамцы вакол нашага партрэта.

І маладому мужу зноў давялося пералезці цераз агароджу і сарваць кветку лопуху. Кветка ўкалола яму пальцы - малады ж чалавек абазваў яе «марным ценем». І вось кветка трапіла ў сад, у дом і нават у залу, дзе вісеў партрэт маладажонаў, напісаны маслянымі фарбамі. У пятліцы ў маладога была адлюстравана кветка лопуху. Пагаварылі і аб гэтай кветцы, і аб той, якую толькі што прынеслі; яе вырашана было выразаць на рамцы.

Вецер падхапіў гэтыя размовы і разнёс іх далёка-далёка па ўсёй ваколіцы.

- Чаго толькі не прыходзіцца перажыць! - сказаў лопух. - Мой першынец трапіў у пятліцу, мой паследак трапіў у рамку! Куды ж траплю я?

А асёл стаяў каля дарогі і касавурыўся на яго:

- Падыдзі ж да мяне, салодкі мой! Я не магу падысці да цябе - вяроўка кароткая!

Але лопух не адказваў; ён усё больш і больш акунаўся ў думы. Так ён прадумаў амаль да каляд і нарэшце расцвіў думкай: «Калі дзеткі ўладкаваны добра, бацькі могуць прастаяць і за металічнымі прутамі!»

- Вось гэта высакародная думка! - сказаў сонечны прамень. - Але і вы зоймеце ганаровае месца!

- У гаршку ці ў рамцы? - спытаў лопух.

- У казцы! - адказаў прамень.

Вось яна, гэтая казка!



Пераклад: Віктар Гардзей