epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Маленькі Клаўс і Вялікі Клаўс

У адной вёсцы жылі два мужыкі; абодвух звалі Клаўсамі, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькі адзін; дык вось, каб адрозніваць іх, і пачалі называць таго, у каго было чацвера коней, Вялікі Клаўс, а таго, у якога адзін, - Маленькі Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з імі адбылося; гэта ж цэлая гісторыя.

Увесь тыдзень, як ёсць, павінен быў Маленькі Клаўс араць на сваім кані поле Вялікага Клаўса. Затое той даваў яму ўсіх сваіх чатырох коней, але толькі адзін раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькі Клаўс над усёй пяцёркай, - сёння ж усе коні былі як бы яго ўласныя. Сонца свяціла, званы званілі на абедню, людзі ўсе былі так прыгожа апранутыя і ішлі з малітоўнікамі ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылі, што Маленькі Клаўс арэ на пяці конях, і ён быў вельмі задаволены, паляскваў пугай і выкрыкваў:

- Гэй вы, мае конікі!

- Не гавары так! - заўважыў яму аднойчы Вялікі Клаўс. - У цябе ўсяго адзін конь!

Але вось зноў хто-небудзь праходзіў побач, і Маленькі Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, і зноў выкрыкваў:

- Гэй вы, мае конікі!

- Сціхні зараз жа! - сказаў яму нарэшце Вялікі Клаўс. - Калі ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!

- Не буду больш! - сказаў Маленькі Клаўс. - Праўда, не буду.

Але раптам зноў нехта прайшоў побач і павітаўся з ім, а ён ад радасці, што арэ на пяці конях, зноў ляснуў пугай і закрычаў:

- Гэй вы, мае конікі!

- Вось я табе нападганяю тваіх конікаў! - сказаў Вялікі Клаўс.

Узяў ён молат, якім заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, і так стукнуў каню па галаве, што забіў яго.

- Эх, няма цяпер у мяне ніводнага каня! - прамовіў Маленькі Клаўс і заплакаў.

Потым ён зняў з каня скуру, добра высушыў яе на ветры, паклаў у мех, ускінуў мех на спіну і пайшоў у горад прадаваць скуру.

Ісці давялося вельмі далёка, праз вялікі цёмны лес, а тут яшчэ непагода разгулялася, і Маленькі Клаўс заблудзіўся. Толькі выбраўся ён на дарогу, як зусім сцямнела, а да горада было яшчэ далёка, ды і дамоў назад няблізка; да ночы ніяк не дайсці яму ні туды, ні сюды.

Пры дарозе быў вялікі сялянскі двор; аканіцы ў доме былі ўжо зачынены, але скрозь шчыліны свяціўся агонь.

«Вось тут я, напэўна, знайду сабе прытулак на ноч», - падумаў Маленькі Клаўс і пастукаўся.

Гаспадыня адчыніла дзверы, даведалася, што яму трэба, і загадала ісці сваёй дарогай: мужа яе не было дома, а без яго яна не магла прымаць гасцей.

- Ну, тады я пераначую на двары! - сказаў Маленькі Клаўс, і гаспадыня зачыніла дзверы.

Каля дома стаяў вялікі стог сена, а паміж стогам і домам - хляўчук з роўнай саламянай страхой.

- Вунь там я і лягу! - сказаў Маленькі Клаўс, убачыўшы гэтую страху. - Цудоўная пасцель! Спадзяюся, бусел не заляціць і не схопіць мяне за нагу!

Гэта ён сказаў таму, што на страсе дома ў сваім гняздзе стаяў жывы бусел.

Маленькі Клаўс узлез на страху хлява, лёг на саломе і пачаў варочацца з боку на бок, шукаючы больш зручнае становішча. Аканіцы закрывалі толькі ніжнюю частку вокнаў, і яму была відаць уся святліца.

А ў святліцы стаяў вялікі стол, чаго-чаго толькі на ім не было: і віно, і мяса, і смачнейшая рыба; за сталом сядзелі гаспадыня і дзяк, - больш нікога.

Гаспадыня налівала госцю віна, а ён уплётваў рыбу, - ён быў вялікі да яе ахвотнік.

«Вось бы мне далучыцца!» - падумаў Маленькі Клаўс і, выцягнуўшы шыю, заглянуў у акно. Божа, які цудоўны пірог ён убачыў! Вось дык банкет!

Але тут ён пачуў, што нехта пад'язджае да дома, - гэта вярнуўся дамоў муж гаспадыні. Ён быў вельмі добры чалавек, але яго непакоіла дзіўная хвароба: ён цярпець не мог дзякаў. Варта яму было сустрэць дзяка - як ён вар'яцеў. Таму дзяк і прыйшоў у госці да яго жонкі ў той час, калі мужа не было дома, а добрая жанчына імкнулася пачаставаць яго на славу. Абодва яны вельмі напалохаліся, пачуўшы, што гаспадар вярнуўся, і гаспадыня папрасіла госця хутчэй залезці ў вялікі пусты куфар, які стаяў у куце. Дзяк паслухаўся, - бо ведаў, што гаспадар цярпець не мог дзякаў, - а гаспадыня хутка прыхавала ўсе пачастункі ў печы; калі б муж бачыў усё гэта, ён, вядома, спытаў бы, каго яна збіралася частаваць.

- Ах, - цяжка ўздыхнуў Маленькі Клаўс на страсе, гледзячы, як яна хавала ежу і віно.

- Хто там? - спытаў селянін і глянуў на Маленькага Клаўса. - Чаго ж ты ляжыш тут? Хадзем лепей у святліцу!

Маленькі Клаўс. растлумачыў, што ён заблудзіўся і папрасіўся начаваць.

- Добра, - сказаў селянін, - начуй. Толькі найперш трэба нам з табой падмацавацца з дарогі.

Жонка прыняла іх абодвух вельмі ласкава, падрыхтавала стол і дастала з печы вялікі чыгун кашы.

Селянін прагаладаўся і еў з апетытам, а ў Маленькага Клаўса з галавы не выходзіла рыба, смажанае мяса і пірог, якія былі прыхаваны ў печы.

Пад сталом, каля ног Маленькага Клаўса, ляжаў мяшок з конскай скурай, з той самай, якую ён нёс прадаваць. Каша не лезла яму ў горла, і вось ён прыціснуў мяшок нагой, - сухая скура гучна затрашчала.

- Цсс! - сказаў Маленькі Клаўс, а сам зноў наступіў на мяшок, і скура затрашчала яшчэ мацней.

- Што там у цябе? - спытаў гаспадар.

- Ды гэта ўсё мой вядзьмак, - сказаў Маленькі Клаўс. - Гаворыць, што не трэба нам есці кашу, - ён ужо начараваў для нас поўную печ усяго: там і мяса, і рыба, і пірог!

- Вось дык штука! - закрычаў селянін, хутка адкрыў печ і ўбачыў там выдатныя стравы. Мы ж ведаем, што іх схавала туды яго жонка, а ён падумаў, што гэта ўсё вядзьмак нарабіў!

Жонка не стала нічога гаварыць і тут жа ўсё паставіла на стол, а муж з госцем пачалі ўплётваць і мяса, і рыбу, і пірог. Але вось Маленькі Клаўс зноў наступіў на мяшок, скура затрашчала.

- А што ён толькі што сказаў? - спытаў селянін.

- Ды вось, кажа, што начараваў нам яшчэ тры бутэлькі віна, яны таксама ў печы, - адказаў Маленькі Клаўс.

Давялося гаспадыні выцягнуць і віно. Селянін выпіў шклянку, другую, і яму стала так весела! Так, такога ведзьмака, як у Маленькага Клаўса, ён не супраць быў займець!

- А можа ён вызваць чорта? - спытаў селянін. - Вось на каго б я паглядзеў; мне ж цяпер весела!

- Магчыма, - сказаў Маленькі Клаўс, - мой вядзьмак можа зрабіць усё, што я захачу. Праўда? - спытаў ён у мяшка, а сам наступіў на яго, і зноў скура затрашчала.

- Чуеш? Ён адказвае «так». Толькі чорт вельмі пачварны, не варта і глядзець на яго!

- Ну, а я яго ніколечкі не баюся. А які ён на выгляд?

- Ды выліты дзяк!

- Цьфу! - плюнуў селянін. - Вось брыдота! Трэба табе сказаць, што я бачыць не магу дзякаў! Але ўсё роўна, я ж ведаю, што гэта чорт, і мне будзе не так прыкра! Да таго ж я цяпер набраўся храбрасці, гэта вельмі дарэчы! Толькі няхай ён не падыходзіць вельмі блізка!

- А вось я зараз скажу ведзьмаку! - вымавіў Маленькі Клаўс, наступіў на мяшок і прыслухаўся.

- Ну што?

- Ён загадвае табе пайсці і адкрыць вунь той куфар у куце: там прыціх чорт. Толькі прытрымлівай вечка, а то ён выскачыць.

- А ты памажы прытрымаць! - сказаў селянін і падышоў да куфра, куды жонка схавала дзяка.

Дзяк быў ні жывы ні мёртвы са страху. Селянін прыадчыніў вечка і заглянуў у куфар.

- Тфу! Бачыў, бачыў! - закрычаў ён і адскочыў убок. - Якраз наш дзяк. Вось брыдота!

Такую непрыемнасць трэба было запіць, і яны пілі да позняй ночы.

- Ведзьмака гэтага ты мне прадай! - сказаў селянін. - Прасі колькі хочаш, хоць поўную мерку грошай!

- Не, не магу, - сказаў Маленькі Клаўс.

- Падумай, колькі мне з яго ўзяць! - сказаў селянін і пачаў угаворваць Маленькага Клаўса.

- Ну добра, - адказаў нарэшце Маленькі Клаўс, - няхай будзе па-твойму! Ты са мной ласкавым быў, пусціў мяне начаваць, дык бяры майго ведзьмака за мерку грошай, толькі насыпай паўней!

- Добра, - сказаў селянін. - Але ты павінен узяць і куфар, я і гадзіны не хачу трымаць яго ў сябе дома. Хто ведае, можа, чорт усё яшчэ сядзіць там.

Маленькі Клаўс аддаў селяніну свой мяшок з высушанай скурай і атрымаў за яго поўную мерку грошай, ды яшчэ вялікую тачку, каб было на чым везці грошы і куфар.

- Бывай! - сказаў Маленькі Клаўс і пакаціў тачку з грашыма і з куфрам, у якім усё яшчэ сядзеў дзяк.

За лесам працякала вялікая блакітная рака, такая быстрая, што ледзь можна было справіцца з плынню. Праз раку быў перакінуты новы мост. Маленькі Клаўс стаў пасярэдзіне моста і сказаў наўмысна як можна гучней, каб дзяк пачуў:

- Нашто мне гэты бязглузды куфар? Ён такі цяжкі, нібы напакаваны каменнямі! Я зусім замучыўся з ім. Кіну я яго ў рэчку: прыплыве ён да мяне дамоў сам - добра, а не прыплыве - і не трэба!

Потым ён узяўся за куфар адной рукой і злёгку прыпадняў яго, нібы збіраючыся спіхнуць у ваду.

- Пачакай! - закрычаў у куфры дзяк. - Выпусці спачатку мяне!

- Ай! - ускрыкнуў Маленькі Клаўс, прыкідваючыся, што напалохаўся. - Ён усё яшчэ тут! У ваду яго хутчэй! Няхай топіцца!

- Не, не! Гэта не чорт, гэта я! - крычаў дзяк. - Выпусці мяне, я табе дам поўную мерку грошай!

- Вось гэта іншая справа! - сказаў Маленькі Клаўс і адчыніў куфар.

Дзяк імгненна выскачыў адтуль і спіхнуў пусты куфар у ваду. Потым яны пайшлі да дзяка, і Маленькі Клаўс атрымаў яшчэ мерку грошай. Цяпер тачка была поўная.

- А конь прынёс мне добры барыш! - сказаў сабе Маленькі Клаўс, калі прыйшоў дамоў і высыпаў на падлогу кучу грошай. - Вось Вялікі Клаўс раззлуецца, калі даведаецца, як я разбагацеў ад свайго адзінага каня! Толькі няхай не чакае, каб я сказаў яму ўсю праўду!

І ён паслаў да Вялікага Клаўса хлопчыка папрасіць мерку, якой мераюць зерне.

«Нашто яна яму спатрэбілася?» - падумаў Вялікі Клаўс і злёгку памазаў дно меры дзёгцем, авось, маўляў, да чаго-небудзь ды прыклеіцца. Так яно і адбылося: атрымаўшы мерку, Вялікі Клаўс убачыў, што да дна прыклеіліся тры новенькія сярэбраныя манеткі.

- Вось дык штука! - сказаў Вялікі Клаўс і тут жа пабег да Маленькага Клаўса.

- Адкуль у цябе гэтулькі грошай?

- Я прадаў учора вечарам скуру свайго каня.

- З барышом прадаў! - сказаў Вялікі Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор і забіў усіх сваіх чатырох коней, зняў з іх скуры і выправіўся ў горад прадаваць іх.

- Скуры! Скуры! Каму патрэбны скуры! - крычаў ён на вуліцы.

Усе шаўцы і гарбары збегліся да яго і пачалі пытацца колькі ён просіць за скуры.

- Мерку грошай за штуку! - адказваў Вялікі Клаўс.

- Ды што ты? - абураліся пакупнікі: у нас гэтулькі грошай няма, каб іх меркамі мераць!

- Скуры! Скуры! Каму патрэбны скуры! - крычаў ён зноў і ўсім, хто пытаўся, колькі каштуюць гэтыя скуры, адказваў: - Мерку грошай за штуку!

- Ды ён нас абдурвае! - закрычалі шаўцы і гарбары, пахапалі хто папругі, хто скураныя фартукі і пачалі хвастаць імі Вялікага Клаўса.

- «Скуры! Скуры!» - перадражнівалі яны яго. - Вось мы пакажам табе скуры! Вон з горада!

І Вялікі Клаўс - дай, божа, ногі! Ніколі яго так не білі!

- Ну, - сказаў ён, дабраўшыся дамоў, - заплаціць жа мне за гэта Маленькі Клаўс! Заб'ю яго!

А ў Маленькага Клаўса якраз памерла старая бабуля; яна не вельмі ладзіла з ім, была злая і скупая, але ён усё-такі вельмі шкадаваў яе і паклаў на ноч у сваю цёплую пасцель - раптам сагрэецца і ажыве, - а сам усеўся на крэсле ў кутку: яму не ўпершыню было так начаваць.

Ноччу дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Вялікі Клаўс з тапаром у руках. Ён ведаў, дзе стаіць ложак Маленькага Клаўса, падышоў да яго і стукнуў па галаве таго, хто на ім ляжаў. Думаў, што гэта Маленькі Клаўс, а там ляжала мёртвая бабуля.

- Вось табе! Не будзеш мяне абдурваць! - сказаў Вялікі Клаўс і пайшоў дамоў.

- Ну і ліхадзей! - сказаў Маленькі Клаўс. - Гэта ён мяне хацеў забіць! Добра, што бабуля была мёртвая, а то ёй бы не паздаровілася!

Потым ён апрануў бабулю ў святочны касцюм, папрасіў у суседа каня, запрог яго ў калёсы, добра пасадзіў старую на задняе сядзенне, каб яна не звалілася, калі паедуць, і паехаў з ёй праз лес. Калі сонейка ўзнялося, яны пад'ехалі да вялікай карчмы. Маленькі Клаўс спыніўся і пайшоў перакусіць.

У гаспадара карчмы было шмат грошай, і сам ён быў чалавек добры, але такі гарачы, быццам быў начынены перцам і табакай.

- Дзень добры! - сказаў ён Маленькаму Клаўсу. - Чаго гэта ты з самага ранку так расфранціўся?

- Ды вось, - адказваў Маленькі Клаўс, - трэба з бабуляй у горад з'ездзіць; яна там, у калёсах, засталася - ніяк не хоча злазіць. Калі ласка, занясіце ёй туды шкляначку мёду. Толькі гаварыце з ёй гучней: яна глухаватая!

- Добра, - згадзіўся гаспадар, узяў вялікую шклянку мёду і панёс бабулі, а тая сядзела ў калёсах прамая, як палка.

- Вось унучак прыслаў вам шкляначку мёду! - сказаў гаспадар, калі падышоў да калёсаў, але бабуля не адказала і нават не паварушылася.

- Чуеце? - закрычаў гаспадар з усёй сілы. - Ваш унук пасылае вам шкляначку мёду!

Яшчэ раз пракрычаў ён тое ж самае і яшчэ раз, а яна ўсё не варушыцца; тады ён раззлаваўся і кінуў ёй у твар шклянку, так што мёд пацёк у яе па носё, а сама яна павалілася. Маленькі ж Клаўс не прывязваў яе, а проста прыставіў да лаўкі.

- Што ты зрабіў? - залямантаваў Маленькі Клаўс, выбег з дзвярэй і схапіў гаспадара за варатнік. - Ты маю бабулю забіў! Паглядзі, якая ў яе дзірка ў ілбе!

- Вось гэта бяда! - завойкаў гаспадар, развёўшы рукі. - І ўсё гэта з-за маёй гарачнасці! Маленькі Клаўс, дружа ты мой, я табе поўную мерку грошай дам і бабулю тваю пахаваю, як сваю ўласную, толькі маўчы пра гэта, а то мне адсякуць галаву, а гэта ж вельмі непрыемна!

І вось Маленькі Клаўс атрымаў поўную мерку грошай, а гаспадар пахаваў яго старую бабулю, як сваю ўласную.

Маленькі Клаўс вярнуўся дамоў зноў з вялікай кучай грошай і адразу ж паслаў да Вялікага Клаўса хлопчыка папрасіць мерку.

- Як так? - здзівіўся Вялікі Клаўс. - Хіба я не забіў яго? Трэба паглядзець самому!

І ён сам панёс мерку Маленькаму Клаўсу.

- Адкуль гэта ў цябе такая куча грошай? - спытаўся ён і аж вытрашчыў вочы ад здзіўлення.

- Ты ж забіў не мяне, а маю бабулю, - сказаў Маленькі Клаўс, - і я яе прадаў за мерку грошай!

- З барышом прадаў! - сказаў Вялікі Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор і забіў сваю старую бабулю, потым паклаў яе на калёсы, прыехаў з ёй у горад да аптэкара і прапанаваў яму купіць мёртвае цела.

- Чыё яно, і дзе вы яго ўзялі? - спытаў аптэкар.

- Гэта мая бабуля! - адказаў Вялікі Клаўс. - Я забіў яе, каб прадаць за мерку грошай!

- Госпадзі, памілуй! - усклікнуў аптэкар. - Вы самі не ведаеце, што гаворыце! Глядзіце, гэта ж можа каштаваць вам галавы!

І ён растлумачыў Вялікаму Клаўсу, што ён такое нарабіў, які ён нядобры чалавек і як яго за гэта пакараюць. Вялікі Клаўс перапалохаўся, мігам вылецеў з аптэкі, сеў на калёсы, сцебануў коней і паімчаўся дамоў. Аптэкар і ўвесь народ падумалі, што ён звар'яцеў, і таму не затрымалі яго.

- Заплаціш ты мне за гэта, заплаціш, Маленькі Клаўс! - сказаў Вялікі Клаўс, выехаўшы на дарогу, і як толькі дабраўся дамоў, узяў вялікі мяшок, пайшоў да Маленькага Клаўса і сказаў:

- Ты зноў абдурыў мяне? Спярша я забіваў сваіх коней, а цяпер і бабулю! Усё гэта рабіў па тваёй міласці. Але ўжо больш ты мяне не абдурыш!

І ён схапіў Маленькага Клаўса і запіхнуў яго ў мяшок, а мяшок завязаў, закінуў за плечы і крыкнуў:

- Пайду ўтаплю цябе!

Да ракі было не блізка, і Вялікаму Клаўсу было вельмі цяжка несці Маленькага. Дарога ішла каля царквы, адтуль чуліся гукі аргана, ды і вернікі прыгожа спявалі хорам. Вялікі Клаўс паставіў мяшок з Маленькім Клаўсам каля царкоўных дзвярэй і падумаў, што не дрэнна было б зайсці ў царкву, паслухаць псалом, а потым ужо ісці далей. Маленькі Клаўс не мог вылезці з мяшка сам, а ўвесь народ быў у царкве. І вось Вялікі Клаўс зайшоў у царкву.

- Ох, ох! - уздыхаў Маленькі Клаўс, круцячыся ў мяшку, але, як ён ні стараўся, развязаць мяшок яму не ўдавалася. У гэты час ішоў побач стары, сівы як голуб пастух з вялікай кульбай у руках; ён паганяў ёю статак. Каровы і быкі наляцелі на мяшок з Маленькім Клаўсам і павалілі яго.

- О-ох! - уздыхнуў Маленькі Клаўс. - Такі я малады яшчэ, а ўжо трэба выпраўляцца ў царства нябеснае!

- А я, няшчасны, такі стары, лядачы і ўсё не магу трапіць туды! - сказаў пастух.

- Дык развяжы мяшок, - закрычаў Маленькі Клаўс. - Лезь на маё месца - хутка трапіш туды!

- З задавальненнем! - сказаў пастух і развязаў мяшок, а Маленькі Клаўс імгненна выскачыў на волю.

- Цяпер ты будзеш наглядаць за статкам! - сказаў стары і залез у мяшок.

Маленькі Клаўс завязаў яго і пагнаў статак далей. Трошкі пазней выйшаў з царквы Вялікі Клаўс, закінуў мяшок за плечы, і яму адразу здалося, што мяшок палягчэў, - Маленькі ж Клаўс важыў амаль удвая больш, чым стары пастух.

«Бач як цяпер лёгка стала! А ўсё таму, што я праслухаў псалом!» - падумаў Вялікі Клаўс, дайшоў да шырокай і глыбокай ракі, кінуў туды мяшок з пастухом і, думаючы, што там сядзіць Маленькі Клаўс, закрычаў:

- Ну вось, цяпер не будзеш мяне абдурваць!

Пасля гэтага пайшоў ён дамоў, але ля самага раздарожжа сустрэў... Маленькага Клаўса з вялікім статкам!

- Вось табе і раз! - закрычаў Вялікі Клаўс. - Хіба не ўтапіў цябе?

- Вядома, утапіў! - сказаў Маленькі Клаўс. - Паўгадзіны назад ты кінуў мяне ў раку!

- Дык дзе ж ты ўзяў такі вялікі статак? - спытаў Вялікі Клаўс.

- А гэта вадзяны статак! - адказаў Маленькі Клаўс. - Я раскажу табе цэлую гісторыю. Дзякуй, што ты ўтапіў мяне. Цяпер я стаў багатым, як бачыш! А страшна мне было ў мяшку! Вецер так і засвістаў у вушах, калі ты кінуў мяне ў халодную ваду! Я адразу пайшоў на дно, але не пабіўся, - там унізе расце такая пяшчотная, мяккая трава, на яе я і ўпаў. Мяшок адразу ж развязаўся, і цудоўная дзяўчына ў белай як снег сукенцы, з вяночкам зялёным на мокрых валасах, падала мне руку і сказала: «А, гэта ты, Маленькі Клаўс? Ну вось, перш за ўсё бяры гэты статак, а трошкі далей адсюль пасецца другі, большы, - ён таксама твой».

Тут я ўбачыў, што рака была для вадзяных жыхароў усё роўна як дарога: яны ездзілі і хадзілі па дне ад самага возера і да таго месца, дзе рака канчаецца. Ах, як там было прыгожа! Якія кветкі, якая свежая трава! А рыбкі шныпарылі каля маіх вушэй якраз так, як у нас тут птушкі! Якія прыгожыя людзі трапляліся мне насустрач і якія цудоўныя статкі пасвіліся каля загарадзяў і канаў!

- Чаму ж вы так хутка вярнуліся? - спытаў Вялікі Клаўс. - Мяне б не выманілі адтуль, калі там так прыгожа!

- А я гэта не так сабе зрабіў! - сказаў Маленькі Клаўс. - Ты чуў, што вадзяная дзяўчына загадала мне пайсці па другі статак, які пасецца на дарозе ўсяго за адну вярсту адтуль? Дарогай яна называе раку - іншай дарогі яны ж там не ведаюць, - а рака так пятляе, што мне давялося б зрабіць вялікі круг. Вось я і рашыўся выбрацца на сушу ды пайсці напрамкі да таго месца, дзе чакае мяне статак; так я скарачу амаль паўмілі!

- Эх, які шчасліўчык! - сказаў Вялікі Клаўс. - А як ты думаеш, атрымаю я статак, калі спушчуся на дно?

- Вядома! - сказаў Маленькі Клаўс. - Толькі я не магу цягнуць цябе ў мяшку да ракі, ты вельмі цяжкі. А вось калі хочаш, дайдзі сам ды залезь у мяшок, а я з задавальненнем цябе скіну ў ваду!

- Дзякуй! - сказаў Вялікі Клаўс. - Але калі я не атрымаю там статак, я цябе паб'ю, так і ведай!

- Ну-ну, не злуйся, - сказаў Маленькі Клаўс, і яны пайшлі да ракі.

Калі статак убачыў ваду, дык кінуўся да яе; жывёле вельмі хацелася піць.

- Паглядзі, як яны спяшаюцца! - сказаў Маленькі Клаўс. - Бач, як засумавалі па вадзе: дамоў, на дно, відаць, захацелася!

- Але ты спярша памажы мне, а не дык я цябе паб'ю! - сказаў Вялікі Клаўс і залез у вялікі мяшок, які ляжаў на спіне ў аднаго з быкоў. - Ды пакладзі мне ў мяшок камень, а то я, мусіць, не пайду на дно!

- Пойдзеш! - сказаў Маленькі Клаўс, але ўсё-такі паклаў у мяшок вялікі камень, моцна завязаў мяшок і спіхнуў яго ў ваду. Боўць! І Вялікі Клаўс пайшоў прама на дно.

- Ох, баюся, не знойдзе ён там ні кароў, ні быкоў! - сказаў Маленькі Клаўс і пагнаў свой статак дамоў.



Пераклад: Уладзімір Карызна