epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Прынцэса на гарошыне

Жыў-быў прынц. І марыў ён ажаніцца на сапраўднай прынцэсе.

Аб'ехаў увесь свет. А такой нявесты, якой жадаў, не сустрэў. Так і вярнуўся дамоў ні з чым. І вельмі бедаваў, бо дужа яму хацелася сустрэць сапраўдную прынцэсу.

Аднойчы вечарам разгулялася непагадзь. Маланкі бліскалі раз-пораз. Гром грымеў. Дождж ліў як з вядра. Жах што рабілася!

Раптам у гарадскую браму нехта пастукаў. Сам кароль пайшоў адкрываць.

Каля брамы стаяла прынцэса. Вада збягала з яе валасоў і адзежы прама ў чаравікі. Адтуль выцякала на зямлю. Божа, на што была падобна тая дзяўчына! А яна запэўнівала, што з'яўляецца сапраўднай прынцэсай.

«Ну, пра гэта мы хутка даведаемся», - падумала старая каралева. Але нічога нікому не сказала. Пайшла ў спальню. Зняла з ложка ўсе матрацы і падушкі. На дошкі паклала гарошыну. А зверху гарошыны паслала дваццаць матрацаў і дваццаць пярын.

У гэту пасцель і паклалі прынцэсу на ноч.

Раніцай у яе спыталі, як яна адпачывала.

- Ах, вельмі кепска! - сказала прынцэса. - Я нават вачэй не звяла. Бог ведае што ў мяне была за пасцель. Я ляжала на нечым такім цвёрдым, што ўсё маё цела цяпер у сіняках. Жудасна!

Тут усе і зразумелі, што яна была сапраўднай прынцэсай. Адчула гарошыну праз сорак матрацаў і пярын! Такой далікатнай асобай магла быць толькі сапраўдная прынцэса.

І прынц ажаніўся на ёй. Цяпер ён быў перакананы, што бярэ сапраўдную прынцэсу.

А гарошыну здалі ў музей. Яна мо і цяпер там ляжыць, калі хто не ўкраў яе.

Ведай, гэта гісторыя - чыстая праўда!



Пераклад: Уладзімір Ліпскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com