epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Што муж ні зробіць, усё добра

Раскажу я табе казку, якую сам чуў у маленстве. І кожны раз, як я ўспамінаў яе пасля, яна здавалася мне ўсё лепшай і лепшай, бо і з казкамі бывае гэтак жа, як шмат з кім з людзей: з гадамі яны становяцца ўсё лепшымі і лепшымі, і гэта вельмі добра!

Ты, вядома, бываў у вёсцы, і табе, напэўна, даводзілася бачыць старэнькія вясковыя хаты з саламянымі стрэхамі. Стрэхі гэтыя абраслі мохам, травою, на вільчыку абавязкова буслінае гняздо, сцены пакрывіліся, акенцы нізенькія, і адчыняецца ўсяго адно; на кухні печ выпучваецца, нібы жывот таўстуна; цераз агароджу звісае куст бузіны. А дзе трапіцца лужына, па якой плавае качка з качанятамі, там прыткнулася і вузлаватая, каравая вярба. Каля хаты ёсць, вядома, навязаны на ланцуг сабака, які брэша на ўсіх і кожнага.

Якраз вось такая хатка і стаяла ў адной вёсцы, а ў ёй жылі старыя муж з жонкай. Ды як ні бедна яны жылі, сёе-тое было ў іх і лішняе. Так яны маглі абысціся без свайго каня, бо работы для яго не было, і ён цэлыя дні пасвіўся ў прыдарожнай канаве. Муж часамі ездзіў на кані ў горад, іншы раз пазычаў яго суседзям, за што тыя расплачваліся дробнымі паслугамі. Але ўсё-такі выгадней было б прадаць гэтага каня або памяняць на што-небудзь больш патрэбнае. А на што памяняць?

- Ну, што прадаць, а што купіць, ты лепей за мяне ведаеш! - сказала мужу жонка. - Цяпер якраз кірмаш у горадзе, едзь туды, ды і прадай коніка або памяняй з выгадай! Ты ж у мяне заўсёды што ні зробіш, дык усё добра! Едзь з Богам!

І яна завязала яму на шыю хусцінку - гэта яна ўсё-такі ўмела рабіць лепш за мужа, завязала яе падвойным вузлом; вельмі прыгожа выйшла! Потым яна прыгладзіла далонню капялюш мужа і пацалавала старога проста ў губы. І вось ён паехаў на кані, якога трэба было або прадаць, або прамяняць у горадзе. А ўжо ў чым, у чым, а ў куплі-продажы ён разбіраўся!

Сонца так і пякло, на небе не было ні воблачка. Над дарогай стаялі хмары пылу, бо на кірмаш ехала і ішло столькі народу - хто на возе, хто вярхом, а хто проста пешкі. Спёка стаяла нясцерпная, і нідзе на ўсёй дарозе аніякага ценю.

І тут стары ўбачыў, што па дарозе ідзе чалавек і гоніць перад сабою карову, ды такую прыгожую, адно заглядзенне! «Пэўна, і малако яна дае цудоўнае! - падумаў наш селянін. - От бы выменяць яе за каня!»

- Гэй, ты там, з кароваю! - гукнуў ён. - Давай пагамонім! Бачыш майго каня? Я думаю, ён каштуе даражэй за тваю карову, але карова мне больш патрэбна. Давай памяняемся, га?

- Давай, - згадзіўся гаспадар каровы, і яны памяняліся.

Памяняліся, і цяпер селянін мог спакойна вярнуцца дадому. Але ж ён збіраўся пабываць у горадзе і таму разам з каровай рушыў далей, каб хоць паглядзець на кірмаш.

Ішоў ён шпарка, карова не адставала, і неўзабаве яны дагналі чалавека, які вёў авечку. Авечка была добрая, укормленая, з густою воўнаю.

«От бы мне такую! - падумаў селянін. - Улетку ёй хопіць корму ў нашай канаве, а на зіму яе можна браць у хату. І праўда, нам зручней трымаць авечку, чым карову. Памяняцца, ці што?»

Гаспадар авечкі ахвотна згадзіўся на абмен, і селянін пайшоў далей ужо з авечкай. Раптам ён убачыў пры дарозе чалавека, які трымаў пад пахаю вялікую гусь.

- Ну і гусь у цябе! - залюбаваўся селянін. - Ды тлустая якая! Ды пер'я на ёй колькі! Хораша было б паглядзець, як яна плавае на прывязі ў нашай лужыне. І старой маёй было б для каго збіраць аб'едкі! Яна не раз гаварыла: «Ах, каб у нас была гусь!» Ну вось цяпер яна будзе яе мець! Хочаш мяняцца? Даю табе за гусь авечку, ды яшчэ дзякуй скажу ў прыдачу!

Той не адмовіўся, і яны памяняліся. Селянін займеў гусь.

Тым часам горад ужо быў блізка, і дарога ажно кішма кішэла людзьмі і жывёлай - ступіць не было дзе. Таму шмат хто ішоў па дне канавы, а некаторыя нават па палетку бульбы вартаўніка пры дарозе. Тут жа хадзіла курыца вартаўніка, але яе прывязалі да агароджы аборкай, каб яна не спалохалася людской таўханіны і не адбілася ад дому. Была яна куртатая, падміргвала адным вокам і ўвогуле з выгляду курыца хоць куды. «Ко-ко-ко!» - сакатала яна; што хацела гэтым сказаць, я не ведаю, але селянін, як убачыў яе, дык падумаў: «Лепшай за гэтую курыцу я не бачыў. Яна прыгажэйшая за квактуху нашага святара; от бы яе нам! Курачка заўсёды знойдзе сабе зернетка, лічы, што сама сябе пракорміць! Дапраўды, добра было б памяняць на яе гусь».

- Хочаш мяняцца? - спытаў ён у вартаўніка.

- Мяняцца? А чаму б і не?! - адказаў той.

І яны памяняліся: вартаўнік узяў сабе гусь, а селянін курыцу.

Нямала ўсё-такі панамяняўся ён па дарозе ў горад, ды яшчэ спякота стаяла страшэнная, і ён вельмі стаміўся. Няблага было б цяпер і перакусіць! А тут якраз і карчма побач. У яе ён і падаўся, але каля дзвярэй сутыкнуўся з парабкам, які нёс туга напакаваны нечым мех.

- Што нясеш? - спытаў селянін.

- Гнілыя яблыкі, - адказаў парабак. - От назбіраў поўны мех свінням.

- Ух ты! Гэтак многа?! От каб пабачыла мая жонка! У нас летась урадзіў на старой яблыні ўсяго адзін яблык, дык мы яго так шанавалі, у куфры хавалі, пакуль ён не згніў! Але мая старая ўсё адно казала: «Які ні ёсць, а прыбытак!» От каб яна паглядзела, які бывае прыбытак. Хацелася б мне пацешыць яе!

- А што вы дасце за гэты мех? - спытаў хлопец.

- Што дам? Ды вось курыцу!

Селянін аддаў курыцу парабку, узяў мех з яблыкамі, зайшоў у карчму і - адразу да прылаўка, а мех свой прыхіліў да печы, у якой якраз палілася. Ды ён на гэта не звярнуў увагі. У карчме было процьма народу: перакупшчыкі, гандляры жывёлай. Сядзелі там і два ангельцы. Ды такія багатыя, што ўсе кішэні ў іх былі набіты золатам. І вельмі ж любілі яны ісці ў заклад. А цяпер паслухайце!

«Пок! Пок! Пок!» - пачулася каля печы.

Ды гэта ж яблыкі пачалі лопацца ад гарачыні.

Вось тут усе і даведаліся пра гісторыю, як стары памяняў каня на карову, карову на авечку і ўрэшце атрымаў мех гнілых яблыкаў.

- Ну і будзе табе ад жонкі, як вернешся! Дасць яна табе дыхту! Галаву адарве! - загаманілі ўсе ў карчме.

- Нічога не будзе, - запярэчыў селянін. - Жонка пацалуе мяне і скажа: «Што муж ні зробіць, усё добра!»

- А вось пабачым! - заспрачаліся ангельцы. - Ідзём у заклад на бочку золата!

- Хопіць і адной меркі, - сказаў селянін. - А я са свайго боку магу паставіць толькі поўную мерку яблыкаў ды самога сябе са сваёю старою ў прыдачу, гэтага хопіць з лішкам!

- Згодны! - закрычалі ангельцы.

Пад'ехала каламажка карчмара. У ёй змясціліся ўсе - ангельцы, селянін, узвалілі і мех з гнілымі яблыкамі. Каламажка рушыла ў дарогу, і нарэшце прыехалі да хацінкі старога селяніна.

- Добры дзень, жоначка!

- Добры дзень, муж даражэнькі!

- Ну, я памяняў!

- Ды ты ў мяне на ўсё майстар! - сказала жонка і кінулася абдымаць мужа, не зважаючы ні на мех з яблыкамі, ні на чужых людзей.

- Я памяняў каня на карову!

- І дзякуй Богу! - сказала жонка. - Цяпер у нас на стале будзе і малако, і масла, і сыр. Вунь як выгадна памяняў!

- Так то яно так, але карову я памяняў на авечку!

- І добра зрабіў! - пахваліла жонка. - Ты заўсёды ведаеш, як лепей! Для авечкі ў нас і корму хопіць. А мы будзем піць авечае малако ды авечым сырам частавацца, а з воўны звяжам цёплыя панчохі і нават фуфайкі. А з каровы шэрсці не збярэш. Яна, як ліняе, дык усю пагубляе. Які ты ў мяне разумны!

- Я і авечку памяняў - на гусь!

- Ах, няўжо і праўда, што ў гэтым годзе на дзень святога Марціна ў нас будзе смажаная гусь?! Ты ўсё стараешся, чым бы мяне парадаваць ды пацешыць! Як добра ты гэта прыдумаў! Гусь, хоць пасі яе, хоць не пасі, усё адно да свята растлусцее.

- Яно так, але я памяняў гусь на курыцу! - сказаў муж.

- На курыцу? Ну і цудоўна! Курыца нанясе яек, вывядзе куранят, і ў нас будзе цэлы птушнік! От што даўно мне хацелася мець!

- Але курыцу я памяняў на мех гнілых яблыкаў.

- Ну, дык дай я цябе расцалую! - усклікнула жонка. - Дзякуй табе, даражэнькі мой! Ты от паслухай, што я табе раскажу. Ты паехаў, а я і падумала: «Давай прыгатую яму на вячэру што-небудзь смачненькае - яечню з цубуляй! Яйкі ў мяне былі, а цыбулі не. Я і пайшла да жонкі настаўніка, бо ведаю, што ў іх ёсць цыбуля, але яна жмінда скупая, хоць і прыкідваецца добранькай. Я папрасіла яе пазычыць цыбуліну. «Цыбуліну? - перапытала яна. - Ды ў нас у садзе і агародзе нічагусенькі не расце. Нават гнілога яблыка не знойдзеш!» А от цяпер я магу ёй пазычыць хоць дзесяць яблык, хоць цэлы мех! Ну і пасмяёмся ж мы з настаўнічыхі. - І яна зноў пацалавала мужа проста ў губы.

- Вось гэта здорава! - закрычалі ангельцы. - Як ёй ні туга даводзіцца, а яна хоць бы што! Заўсёды ўсім задаволена. Для такой і грошай не шкада!

Тут яны расплаціліся з селянінам, бо жонка ж яму галавы не адарвала, а, наадварот, моцна абняла і пацалавала. Цэлую мерку золата насыпалі.

Так вось яно. Калі жонка лічыць мужа разумнейшым за ўсіх на свеце і што ён ні зробіць, усё добра, - гэта заўсёды ёй на карысць.

Вось табе і ўся казка. Я чуў яе яшчэ ў маленстве, а цяпер расказаў табе. І цяпер ты ведаеш: «Што муж ні зробіць, усё добра!»



Пераклад: Сяргей Міхальчук