epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Суп з кілбаснай палачкі

І. Суп з кілбаснай палачкі
ІІ. Што чула і чаму навучылася першая мыш у час сваёй вандроўкі
ІІІ. Пра што паведала другая мыш-вандроўніца
ІV. Пра што апавядала чацвертая мыш, якая гаварыла пасля другой
V. Як варылі суп...


 

І. Суп з кілбаснай палачкі

 

- Ах, якую вячэру наладзілі нам учора ў палацы, - хвалілася сталая мыш малодшай сяброўцы. Тая не трапіла на прыдворнае баляванне. - Я сядзела дваццаць першай ад нашага мышынага цара, а гэта, згадзіся, даволі някепска! І якіх толькі страў не падавалі да стала! Чэрствы хлеб, скурачкі ад кумпяка, сала, кілбасу, - а пасля зноў усё гэта падносілі. Ежы было столькі, што кожны з нас, мабыць, па два абеды з'еў! А які настрой быў у кожнага, як нязмушана гаманілі, каб ты ведала! Было спакойна і ўтульна. Мы пагрызлі ўсё дарэшты, акрамя кілбасных палачак, - тых, на якіх кілбасу смажаць; акурат на гэтых палачках пад канец засяродзілі ўвагу, і нехта раптам згадаў пра «суп з кілбаснай палачкі». Выявілася, што чуць пра гэты суп усе чулі, але пакаштаваць яго, а тым больш прыгатаваць самой - нікому не даводзілася. І тады прапанавалі выдатны тост за тую мыш, якая здолее зварыць суп з кілбаснай палачкі, а значыць, зможа стаць старэйшай у прытулку для бедных! Скажы, сястрыца, ці ж не разумна прыдумалі? А стары машыны цар узняўся са свайго трону і голасна, каб усе чулі, заявіў, што зробіць царыцай тую маладзенькую мыш, якая прыгатуе найсмачнейшы суп з кілбаснай палачкі. Даў тэрміну - год і адзін дзень.

- Часу даволі! - сказала маладзейшая мыш. - Але як зварыць гэты самы суп?

Як яго варыць? Пра гэта пыталіся ўсе мышы, і маладыя і старыя. І кожнай хацелася зрабіцца царыцай, але ні ў кога не было ахвоты блукаць па белым свеце, каб даведацца, як гатаваць гэта загадкавае варыва. А седзячы дома, рэцэпту не раздабудзеш. Ды не кожная мыш можа пакінуць сям'ю, родны куток; ды і жыццё на чужыне не дужа салодкае: там не пакаштуеш цвілой скарынкі, не панюхаеш кумпяковай скуркі; іншым разам давядзецца пагаладаць, і чаго добрага ёсць рызыка трапіць у каціныя кіпці.

Шмат хто з кандыдатак у царовы сяброўкі былі дужа занепакоеныя ўсімі гэтымі разважаннямі, і яны выбралі за лепшае застацца дома, і толькі чатыры мышы, маладыя і вёрткія, а да таго і самыя бедныя, пачалі рыхтавацца ў дарогу. Кожная выбрала сабе адну з чатырох краін свету - а раптам некаму з іх усміхнецца шчасце, - і кожная ўзяла з сабою па кілбаснай палачцы, каб не забыць у дарозе, куды і чаго выбралася з дому; да ўсяго гэтага палачка магла выдатна паслужыць вандроўніцам у якасці дарожнага кіёчка.

На самым пачатку мая яны выправіліся ў шлях і ў маі наступнага года вярнуліся назад, але не ўсе, а толькі трое; пра чацвертую ніхто нічога не чуў, ніхто нідзе яе не бачыў, а тэрмін, які быў адпушчаны, канчаўся.

- У кожнай бочцы мёду заўсёды знойдзецца лыжка дзёгцю, - незадаволена бурчэў мышыны цар, але ўсё ж загадаў склікаць мышэй з тутэйшых ваколіцаў.

А сабрацца ўсім было загадана на царскай кухні; тут жа асобна ад усіх астатніх, стаялі побач тры мышы-вандроўніцы, а на месцы той, якая не вярнулася, прыдворныя паставілі кілбасную палачку і абвілі яе чорным жалобным крэпам.

Усім прысутным загадалі весці сябе ціха, пакуль не выкажуцца вандроўніцы і пакуль мышыны цар не аб'явіць свайго канчатковага рашэння.

Ну, а цяпер паслухаем.

 

 

ІІ. Што чула і чаму навучылася першая мыш у час сваёй вандроўкі

 

- Калі я адправілася падарожнічаць па белым свеце, - пачала расказваць мышка, - я, як і шмат хто з маіх аднагодкаў, думала, што даўно ўжо разгрызла і праглынула ўсю зямную мудрасць. Аднак памылялася. Жыццё паказала зусім іншае, і спатрэбіўся цалюткі год і адзін дзень, каб нарэшце спасцігнуць ісціну. Я пакіравала на поўнач і спачатку плыла морам на вялікім караблі. Мне казалі, што кок (карабельны повар) павінен быць вынаходлівым, аднак нашаму коку, напэўна, не было ў тым ніякай патрэбы: карабельныя трумы былі цалкам загружаныя карэйкай, салам, цудоўнай заплеснявелай мукой. Жылося мне, як вы здагадваецеся, цудоўна, нічога не скажаш! Але памяркуйце самі, ці ж магла я там навучыцца варыць суп з кілбаснай палачкі? Шмат дзён і начэй мы плылі і плылі, нас гушкалі і залівалі хвалі; але ў рэшце рэшт карабель даплыў да далёкага паўночнага порту, і я выбралася на бераг.

А як гэта нязвыкла: выехаць з роднага дому, сесці на карабель, які таксама неўзабаве зробіцца родным кутком, і раптам апынуцца за сотні міль ад роднай старонкі, у зусім незнаёмай краіне! Мяне ахінулі глухія лясы, хваёвыя і бярозавыя. А які прыкры пах ад іх ішоў. Невыносны! Дзікія травы таксама разлівалі непрыемны водар, ды такі, што я ўвесь час кашляла ды чыхала, а яшчэ думала пра кілбасу. А вялізныя лясныя азёры! Падбяжыш бліжэй да вады - яна здаецца празрыстай, як крышталь; адбяжыш далей - і вось яно ўжо цёмнае, як чарніла. А на азёрах - белыя лебедзі; яны быццам нерухомыя, то я спачатку падумала, што гэта плавае пена на вадзе, але пасля, калі пабачыла, што яны лётаюць у небе і ходзяць па зямлі, то зразумела - гэта птушкі: самі яны з гусінага племя - па тым як ходзяць бачна; ад радні не адмаўляюцца! То і я таксама паспяшалася адшукаць сваю радню - лясных і палявых мышэй, хоць яны, па праўдзе кажучы, мала кумекаюць у такіх далікатных справах, як пачастунак, а я ж толькі дзеля гэтага кінулася ў дарогу. Калі там пачулі, што з кілбаснай палачкі можна зварыць суп, - а чутка пра тое пайшла па ўсім лесе, - то мала хто паверыў у гэта, і мне адкуль было ведаць, што я ў тую ж ноч даведаюся пра таямніцу прыгатавання супу з кілбаснай палачкі.

Лета было ў самым разгары, і мне растлумачылі, што якраз таму вакольныя лясы настоены такім густым водарам-пахам і гэтак пахнуць дзікія травы, а азёры, дзе плаваюць лебедзі, такія празрыстыя і ў той жа час такія цёмныя. На ўскрайку лесу, паміж трыма-чатырма домікамі, была пастаўлена жэрдка вышынёй з карабельную мачту. Гэта была святочная майская жардзіна - яе вяршыню ўпрыгожвалі вянкі і стужкі. Хлопцы і дзяўчаты нястомна скакалі вакол яе ды спявалі пад скрыпку вандроўнага музыкі. Калі сонца зайшло, гулі працягваліся пры месячным святле, ды я ў тых скоках не прымала ўдзелу - якая мая мышыная справа да таго ляснога балю! - я сядзела ў мяккім моху і моцна трымала сваю кілбасную палачку. Месяц добра асвятляў лугавіну, дзе расло дрэва, а ўся лугавіна была ўсланая мяккім і пяшчотным мохам - такім пяшчотным, як, асмелюся заўважыць, шкурка мышынага цара, толькі зялёнага колеру, дужа прыемнага воку. Раптам аднекуль з'явіліся маленькія пацешныя істоты, ростам мне да калена будуць. Яны вельмі ўжо нагадвалі людзей, толькі былі нашмат прыгажэйшымі. Гэтыя чалавечкі называлі сябе эльфамі і былі апранутыя ў святочныя плацці з кветкавых пялёсткаў, у абрамленні з мушыных і камаровых крыльцаў. Такое бачыць было дужа прыемна. Я адразу заўважыла, што тыя чалавечкі нешта шукаюць, а што менавіта, не магла адразу зразумець.

Вось некалькі эльфаў наблізіліся да мяне, і самы важны з іх, паказваючы на маю палачку, сказаў:

- Гэта акурат тое, што нам трэба. І канец завостраны адмыслова!

І чым больш ён глядзеў на мой дарожны кіёк, тым больш захапляўся ім.

- Я вам магу пазычыць часова, але не назаўсёды, - сказала я.

- Ну, вядома ж, не назаўсёды, толькі часова, - закрычалі радасна ўсе эльфіны, выхапілі ў мяне кілбасную палачку і пабеглі з ёю, прытанцоўваючы, якраз да таго месца, дзе зелянеў пяшчотны мох; там яе і ўстанавілі. Эльфам, мабыць, таксама хацелася мець сваю святочную жардзінку, а мая кілбасная палачка акурат падышла ім, быццам для таго і павінна служыць. Эльфы тут жа пачалі ўпрыгожваць жардзінку, і атрымалася ў іх выдатна. Вось гэта, скажу вам, было відовішча!

Малюпасенькія павучкі абвілі жэрдку залатымі ніткамі, упрыгожылі трапяткімі сцяжкамі ды празрыстымі палотнамі. Тканіна была тонкая і пры месячным святле зіхацела такой урачыстай беллю, што ў мяне ажно ў вачах заіскрылася. Пасля эльфы сабралі з матылёвых крыльцаў каляровы пылок і пасыпалі ім белую тканіну, і ў тое ж імгненне на ёй заззялі тысячы кветкаў і алмазаў. Цяпер маю кілбасную палачку было не пазнаць - іншай такой святочнай жардзіны, напэўна, ва ўсім свеце няма!

Тут, як з-пад зямлі, з'явіўся вялікі натоўп эльфаў. На іх не было ніякай вопраткі, але мне яны падаліся ў такім выглядзе яшчэ больш прыгожымі, чым самыя прыгожыя з апранутых.

Мяне таксама запрасілі падзівіцца на гэта вясёлае свята, але толькі здалёку, бо я занадта вялікая.

Пасля заіграла музыка, і якая яшчэ музыка! Нібы тысячы крышталёвых званочкаў ударылі і напоўнілі паветра меладычным звонам. Спачатку я падумала, ці не лебедзі гэта заспявалі. Але пасля мне падалося, нібыта зязюля закукавала і зачырыкаў дрозд, а ўжо далей - як заспяваў увесь вакольны лес! Спявалі дзіцячыя галасы, перагукваліся званы, заліваліся птушкі, плылі цудоўныя мелодыі - і ўсе гэтыя гукі ішлі ад маёй упрыгожанай кілбаснай палачкі. Я ніколі не здагадвалася, што яна валодае такой чароўнай уласцівасцю, але, мабыць, усё залежыць, у чые рукі яна трапіць.

Была я глыбока ўсхваляваная і нават плакала ад пачуццёвага ўзрушэння, як толькі можа плакаць маленькая мышка.

Ноч была вельмі кароткая, - на поўначы ў такую пару яны даўжэйшымі не бываюць. На світанні падзьмуў вецер і люстэрка ляснога возера зарабацінела, празрыстыя палотны і сцяжкі паразляталіся ў розныя бакі, а гірлянды з павуціння ды навіслыя мосцікі, што яшчэ нядаўна калыхаліся між лісцяў, раптам пазнікалі, нібыта іх тут ніколі не было. Шасцёра эльфаў прынеслі мне маю кілбасную палачку і спыталі, ці няма ў мяне да іх якой просьбы; і я тут жа папрасіла, каб яны расказалі мне, як варыцца суп з кілбаснай палачкі.

- Ды зусім гэтак, як толькі што мы рабілі, - сказаў з усмешкай самы знатны эльф. - Ты сама ўсё бачыла, што нам табе лішні раз тлумачыць.

«Ах, вось пра што яны гавораць», - падумала я і прызналася ім шчыра, што мяне паклікала ў гэтую вандроўку і чаго ад мяне чакаюць на радзіме.

- Ну, скажыце мне, - закончыла я сваю споведзь, якая будзе карысць мышынаму цару і ўсёй нашай вялікай дзяржаве ад таго, што бачыла я ўсе гэтыя дзівосы? Не змагу ж я вытрасці іх з кілбаснай палачкі і сказаць: «Вось палачка, а вось і суп!» Гэтакім супам падмацуешся хіба што пасля сытага абеду.

Тады эльф правёў сваім маленечкім пальчыкам па пялёстку блакітнай фіялкі, пасля дакрануўся да кілбаснай палачкі і кажа:

- Глядзі! Я кранаюся яе; а калі ты вернешся ў палац мышынага цара, дакраніся сваім дарожным кійком да цёплых царовых грудзей - і тут жа на кійку заквітнеюць фіялкі, нават калі на вуліцы будзе стаяць лютая сцюжа. Значыць, ты вернешся дадому не з пустымі рукамі. А вось табе і яшчэ тое-сёе.

Але перш чым мышка паказала гэта «тое-сёе», яна дакранулася палачкай да цёплых грудзей мышынага цара - і сапраўды ў тое ж імгненне на палачцы вырас цудоўны букет фіялак. Ад іх ішоў такі пах, што мышыны цар загадаў некалькім мышам, якія стаялі бліжэй да агню, сунуць хвасты ў агонь, каб запахла ў пакоі падсмаленай поўсцю: мышы, як вядома, не пераносяць паху фіялак, для іх тонкага нюху ён занадта грубы.

- А што яшчэ даў табе эльф? - запытаў мышыны цар.

- Во, ледзьве не забыла, - схамянулася мышка, - ён навучыў мяне аднаму фокусу. - Тут яна павярнула кілбасную палачку - і ўсе кветкі імгненна пазнікалі.

Цяпер мышка трымала ў лапцы звычайную палачку і, уздымаючы яе над галавой, як дырыжор, казала:

- Фіялка цешыць зрок, нюх, адчуванне, - гаварыў мне эльф, - але ж ёсць яшчэ смак і слых.

Тады мышка пачала дырыжыраваць, і ў тое ж імгненне пачулася музыка, аднак зусім не падобная на тую, якая гучала ў лесе на свяце эльфаў: гэта музыка адразу нагадала ўсім шум, які бывае на звычайнай кухні. Вось гэта быў канцэрт дык канцэрт! Ён пачаўся знянацку - нібыта вецер раптам узвыў у коміне; у катлах і гаршках быццам закіпела вада, і зашыпела, і палілася цераз край, і заляпала качарга па мядзяным катле. Пасля гэтак жа нечакана ўсё гэта сціхла: адно глуха яшчэ булькатаў імбрык, так, што нельга было зразумець, ці ён закіпае, ці яго толькі што паставілі на агонь. Пасля ў маленькім гаршочку зноў падала голас вада, і ў вялікім закіпела, - і яны забулькаталі, як раззлаваныя адзін на аднаго. А мышка тым часам махала сваёй палачкай усё хутчэй і хутчэй. Вада ў катлах булькала, шыпела, пенілася, вецер дзіка завываў, а ў коміне гуло: гу-у-у! Мышцы зрабілася так страшна ад гэтай музыкі, што яна выпусціла палачку.

- Вось дык суп! - ўсклікнуў мышыны цар. - А што будзе на другое?

- Гэта ўсё, - нясмела прапішчала мышка і прысела.

- Ну і хопіць, - вырашыў мышыны цар. - Паслухаем цяпер, што нам скажа другая мыш.

 

 

ІІІ. Пра што паведала другая мыш-вандроўніца

 

- Я нарадзілася ў бібліятэцы, - пачала другая мыш. - Мне і ўсёй нашай сям'і так і не давялося ніводнага разу трапіць у сталоўку, пра кладоўку дык і казаць няма чаго. Першы раз пабачыла кухню я ў час вандроўкі, другі - сёння, вось тут. Кажучы шчыра, мы часта галадалі, калі жылі ў бібліятэцы, але затое набылі багата ведаў, і вось калі да нас данесліся чуткі пра царскую ўзнагароду за суп з кілбаснай палачкі, то мая старая бабуля адшукала адзін даўні рукапіс. Яна яго, вядома, прачытаць не магла, але чула, як чыталі іншыя, з таго рукапісу запомніла такія словы: «Калі ты паэт, то здолееш зварыць нават суп з кілбаснай палачкі». Бабуля тады пытае ў мяне, ці магу я пісаць вершы? За сабой такога Божага дару я не заўважала, але бабуля пачала рашуча даводзіць, што я абавязкова павінна стаць паэтэсай. Тады я пытаю ў яе, а што для гэтага патрэбна, - бо зрабіцца паэтэсай было для мяне не больш лёгкай справай, чым зварыць той жа суп з кілбаснай палачкі. Мая бабуля за свой век праслухала багата кніг і сказала мне - каб зрабіцца паэтэсай трэба валодаць трыма рэчамі: розумам, фантазіяй і пачуццём.

- Раздабудзь усё гэта і адразу пачнеш вершыкі складаць, - сказала яна. - А ўжо тады абавязкова зварыш суп з кілбаснай палачкі.

І вось я пакіравала на захад і пачала вандраваць па свеце, каб зрабіцца паэтэсай.

Я ведала, што ва ўсялякай справе розум - гэта самае важнае, а фантазія і пачуццё маюць другасную ролю, - то найперш вырашыла набрацца розуму. Але ж дзе яго шукаць, той розум?

«Ідзі да мураша і набірайся мудрасці ў яго!» - сказаў некалі адзін чалавечы цар. Пра тое чула я некалі ў бібліятэцы. Я ні разу не спынілася ў дарозе, пакуль не дайшла да вялікага мурашніка.

Я затаілася ў моху і пачала набірацца той самай мудрасці.

Што за цікавы народ, гэтыя мурашы, і да чаго ж яны мудрыя! У іх усё размеркавана і разлічана да дробязей. «Працаваць і класці яйкі, - кажуць мурашы, - найпершы абавязак». Тым яны жывуць сёння, тым самым клапоцяцца і пра заўтрашні дзень. Усе мурашы дзеляцца на шляхетных і рабочых. Становішча кожнага з іх у мурашніку вызначаецца яго асабістым нумарам. Царыца мае першы нумар, таму яе думка заўсёды вырашальная для ўсіх астатніх, царыца ўжо даўным-даўно праглынула ўсю зямную мудрасць.

Царыца гаварыла так доўга і так разумна, што яе прамовы падаліся мне нават занадта мудрагелістымі. Яна, напрыклад, сцвярджала, што ва ўсім свеце няма нічога больш вышэйшага, чым іхні мурашнік, а між тым тут жа побач расло дрэва і было яно такое высокае, што не расказаць! Ды ніхто не мог пярэчыць царыцы, усе слухалі яе ды маўчалі. Але вось неяк вечарам адзін мураш узабраўся на тое дрэва, высока-высока, ажно заблудзіўся ў галлі. На такую вышыню яшчэ не ўзбіраўся ні адзін яго суродзіч. А калі мураш, добра паблукаўшы, вярнуўся дадому, то пачаў расказваць іншым мурашам, што ёсць на свеце тое-сёе значна вышэйшае, чым іхні мурашнік. Астатнія мурашы палічылі такія словы зневажальнымі для іх мурашынага роду і загадалі стражнікам, каб яны надзелі нахабніку наморднік і замкнулі зламысніка ў адзіночную камеру. Праз колькі часу пасля гэтага здарэння залез на дрэва яшчэ адзін мураш і ўзабраўся на тую ж вышыню, што і яго папярэднік, а як вярнуўся дахаты, то таксама падзяліўся сваім адкрыццём, але зрабіў ён гэта больш асцярожна, гаварыў нейкія няпэўныя словы, загадкава паводзіў вусамі. Ён лічыўся найбольш паважаным мурашом, да таго ж быў са шляхетных, мабыць, акурат таму паверылі яму, а калі ён памёр, то гэтаму мурашу паставілі нават помнік з яйкавай шалупінкі - у знак асаблівай павагі да навукі.

- Мне часта даводзілася бачыць, - казала далей мышка, - як мурашы пераносяць яйкі на спіне. Аднойчы мураш не ўтрымаў яйка, і як ён пасля ні стараўся закінуць яго сабе за спіну, нічога з таго не атрымлівалася. Тады падбеглі яшчэ два мурашы і пачалі з усяе сілы дапамагаць суродзічу. Яны шчыравалі так заўзята, што ледзьве не паскідалі сваёй уласнай ношкі, а калі апамяталіся, то кінулі сябра ў бядзе і пабеглі далей сваёй дарогай, бо кожнаму свая кашуля бліжэй да цела. Мурашыная царыца ва ўсім гэтым убачыла лішні доказ таму, што мурашы валодаюць не толькі сэрцам, але і розумам. «Гэтыя якасці ўзносяць нас, мурашоў, вышэй за ўсіх іншых разумных істотаў, - заявіла яна. - Розум між іншым стаіць на першым месцы, і я асабіста адорана ім найбольш!» Сказаўшы гэтыя словы, царыца велічна паднялася на заднія лапы, тут я і праглынула яе, бо якраз успомніла словы чалавечага цара: «Ідзі да мураша і набірайся мудрасці ў яго!» Вось я і праглынула тую мудрасць разам з царыцай-мурашыхай. Пасля я наблізілася да высокага дрэва, што расло паблізу мурашніка. Гэта быў стары, магутны дуб. Я ўжо ведала, што на дубе жыве жанчына, якую завуць дрыядай. Яна нараджаецца, жыве і памірае разам з дрэвам. Пра ўсё гэта я даведалася некалі ў бібліятэцы, а цяпер пабачыла лясную паненку на ўласныя вочы. Дрыяда, як убачыла мяне, то адразу спалохана войкнула - як і ўсе жанчыны, яна баялася мышэй; але былі ў яе на тое куды больш важкія прычыны, чым у іншых: я ж магла пагрызці карані дрэву, ад якога залежыла жыццё жанчыны. Тады я загаварыла з дрыядай ласкава і ветліва, як магла, супакоіла, то яна ўзяла мяне ў сваю пяшчотную далонь. А як даведалася, чаму я трапіла сюды, то выказала такое меркаванне - мабыць, гэтым вечарам мне пашчасціць завалодаць адным з тых двух скарбаў, якія мне засталося знайсці. Дрыяда растлумачыла, што дух фантазіі - яе добры сябра і што ён такі прыгожы, як сам бог кахання, і любіць ён вельмі адпачываць у зялёным голлі, якое шуміць тады мацней звычайнага. Дух фантазіі называе жанчыну сваёй любімай дрыядай, а гэты дуб - найбольш любімым дрэвам. Карані дуба і сапраўды пранікаюць глыбока ў глебу, а ствол дрэва з пышнай зялёнай шапкай цягнецца высока ў неба. Галіны дуба прывыклі і да лютых зімовых маразоў, і да буйных ветраў, і сонечныя спякотныя прамяні ім не перашкода.

- А яшчэ, - казала далей дрыяда, - там, на макаўцы дрэва, спяваюць птушкі, гэта яны апавядаюць пра далёкія заморскія краіны, куды лётаюць крылатыя спевакі ў вырай. Толькі адзін сук на дубе засох, але на ім звіў буслянку бусел. Гэта яшчэ больш упрыгожвае дрэва, да таго ж можна паслухаць згадкі бусла пра краіну пірамідаў. Духу фантазіі ўсё гэта вельмі падабаецца. Бывае і я апавядаю яму пра жыццё ў лесе: пра той час, калі я была зусім маленькай, а маё дрэўца толькі пачынала расці і галінавацца, нават крапіва-жыгучка захінала яго ад сонца. Апавядаю яму пра ўсё, што тут адбывалася за доўгія гады. А цяпер паслухай мяне, - гаварыла далей жанчына. - Схавайся паблізу і ўважліва сачы за ўсім, што будзе тут дзеяцца. Калі з'явіцца дух фантазіі, я пры першым зручным выпадку вырву ў яго з крыла пёрка. А ты падбяры тое пяро, лепшага няма ні ў аднаго паэта!

- Праз колькі часу з'явіўся дух фантазіі, пяро было вырвана, і я атрымала яго, - дзялілася ўспамінамі мышка. - Мне давялося апусціць пяро ў ваду і трымаць там да тае пары, пакуль яно не размокла, а тады я згрызла яго, хоць было не дужа смачна. Усё ж нялёгка ў нашы дні зрабіцца паэтам, вунь колькі ўсяго трэба пагрызці і пераварыць! І вось я набыла не толькі розум, але і фантазію, а ўжо маючы ўсё гэта, лёгка было раздабыць і пачуццё ў маёй роднай бібліятэцы. Там я некалі чула, як адзін вялікі чалавек гаварыў, што ёсць раманы, адзінае прызначэнне якіх - выцэджваць з людзей лішнія слёзы. Гэта своеасаблівая губка, якая ўсмоктвае пачуцці. Я прыгадала некалькі такіх кніг. Яны заўсёды здаваліся мне асабліва апетытнымі, бо былі такія зачытаныя і зашмальцаваныя, што, напэўна, увабралі ў сябе мора чалавечых пачуццяў.

Калі вярнулася на радзіму, то я адразу рушыла ў бібліятэку і не марудзячы часу ўзялася за вялікі раман - правільней, за яго мякіш ці, так сказаць, за сутнасць; вокладку я не чапала. Калі я згрызла гэты раман, а пасля яшчэ адзін, то раптам адчула, быццам унутры ў мяне нешта, зварухнулася. Тады я адгрызла яшчэ кавалачак ад трэцяга рамана - і зрабілася сапраўднай паэтэсай. Я так пра гэта ўсім і заявіла. Але неўзабаве ў мяне моцна разбалелася галава, пачаліся колікі ў жываце - і наогул, дзе ў мяне толькі не балела! Я пачала думаць: што б такое расказаць пра кілбасную палачку? І тады ў мяне ў галаве закруцілася мноства розных палачак, - то сапраўды ў мурашынай царыцы розум быў адметны! Спачатку я без дай прычыны раптам успомніла пра чалавека, які ўзяўшы ў рот чароўную палачку, адразу рабіўся нябачным; пасля ўспомніла пра палачку-выручалачку; пасля пра тое, што «шчасце - не палка, у рукі яго не возьмеш»; пасля згадала пра тое, што «ў кожнай палкі два канцы»; нарэшце пра ўсё, чаго я баюся, «як сабака палкі» і нават пра «палачку-павучалачку»! Як бачна, усе мае думкі засяродзіліся на ўсемагчымых палках і палачках. Як ты паэт, то здолей уславіць нават звычайную сукаватую палку! А я ж цяпер паэтэса, і не горшая, чым іншыя рыфмаплёты! З гэтага дня я магу штодня частаваць вас вершыкамі пра любую палачку - гэта і ёсць мой суп.

- Паслухаем трэццюю, - сказаў мышыны цар.

- Пі-і, пі-і! - данеслася ад дзвярэй, і ў кухню стралой уляцела маленькая мышка, тая, якая была чацвертаю па ліку, - тая самая, пра якую ўсе казалі, што яна загінула дзесьці ў дарозе. І вось цяпер мышка-вандроўніца так бегла, што нават паваліла кілбасную палачку, абвітую чорным жалобным крэпам. Бегла тая мышка сюды ўвесь дзень і ўсю ноч, ехала чыгункаю ў таварным вагоне, ледзьве паспеўшы ў яго ўскочыць. У дарозе яна згубіла сваю кілбасную палачку, але не ўласны язык, і вось цяпер, уся ўскудлачаная, праціснулася наперад і адразу ж пачала гаварыць-стракатаць, нібыта тут чакалі яе адну, быццам на ёй адной белы свет клінам сышоўся. Яна стракатала бесперастанку і з'явілася так нечакана, што ніхто не паспеў яе своечасова спыніць, гэта якраз дазволіла мышцы выказацца да канца. То і мы паслухаем.

 

 

ІV. Пра што апавядала чацвертая мыш, якая гаварыла пасля другой

 

- Я адразу пакіравала ў вялізны горад. Як ён называецца, не памятаю, бо ў мяне кепская памяць на назвы і імёны. Адразу з вакзала разам з канфіскаваным таварам была я дастаўлена ў гарадскую ратушу, адтуль пабегла да мясцовага турэмшчыка. Ён мне расказаў пра зняволеных, асабліва пра аднаго вязня, які трапіў у турму ўсяго за слова, якое вымавіў неасцярожна. На чалавека была заведзена шумная справа, хоць яна, шчыра кажучы, нявартая была нават выедзенага яйка. «Уся гэта гісторыя - проста суп з кілбаснай палачкі, - заявіў турэмшчык, - аднак за гэты суп недарэку чаго добрага давядзецца заплаціць галавой». Зразумела, я адразу зацікавілася вязнем і, падпільнаваўшы зручны момант, шмыганула да яго ў камеру: няма на свеце такіх пазамыканых дзвярэй, пад якімі не знайшлося б прыдатнай шчыліны для мышкі...

Вязень меў прыгожыя вялікія вочы, яны ажно гарэлі на бледным твары. А яшчэ меў ён доўгую бараду. У змрочнай камеры чадзіла лямпа, але сценам і столі гэта ўжо не шкодзіла, бо былі яны і без таго чорныя. На сцяне вязень выдрапваў вершы, малюнкі. Ён тут, мабыць, вельмі сумаваў і таму ўзрадаваўся, калі ўбачыў нечаканую госцю. Ён спачатку прыручаў мяне хлебнымі крошкамі, пасвістваў мне, прамаўляў ласкавыя словы, і я адчула да яго ўзаемную прыязнасць. Так мы хутка пасябравалі. Ён дзяліўся са мной хлебам і вадой, карміў мяне сырам і кілбасой - словам, жылося мне там цудоўна, але найбольш прыемным было тое, што чалавек палюбіў мяне. Ён мне дазваляў бегаць у яго па руках, нават залезці ў рукаво, зашыцца ў бараду; называў мяне сваёй маленькай сяброўкай. І я таксама вельмі палюбіла вязня, бо сапраўдная любоў заўсёды павінна быць узаемнай. Я нават забылася, чаго вандрую па гэтым свеце, і нават дзесьці ў нейкай шчыліне згубіла сваю кілбасную палачку, яна і цяпер там, пэўна, ляжыць. Я вырашыла не пакідаць майго новага сябру, бо калі б пакінула, то застаўся б ён на гэтым свеце зусім адзін і наўрад ці перанёс бы такую скруху. Дык вось я засталася ў турэмнай камеры, а вязень неўзабаве пакінуў яе. Калі мы бачыліся апошні раз, то быў чалавек вельмі сумным, даў мне двайную порцыю хлеба, кавалачак сыру і паслаў на развітанне паветраны пацалунак.

Ён пайшоў з камеры і не вярнуўся ў яе. Больш нічога я пра яго не ведаю. Дык вось прыгадала я тады словы турэмшчыка: «Зрабілі хлапцу суп з кілбаснай палачкі», - і пакіравала да турэмшчыка. Быў ён злым і непрыемным чалавекам. Ён мяне таксама пачаў прывабліваць крошкамі, а пасля схапіў і пасадзіў у клетку, што круцілася, як кола. Трапіць у такую пастку - проста жах! Бяжыш і бяжыш, а застаешся на месцы, і ўсе з цябе смяюцца, здзекуюцца з цябе.

Аднак у турэмшчыка была цудоўная маленькая ўнучка з залатымі завітушкамі на галаве; мела яна зіхоткія, добрыя вочы, усмешлівы тварык.

- Бедная маленькая мышка, - сказала аднойчы дзяўчынка, калі зазірнула ў апрыклую мне клетку, пасля дзяўчынка адсунула жалезную засаўку і я выскачыла на волю. Узабралася на падваконнік, а тады сіганула ў вадасцёкавы жолаб. «Воля! Я вольная!» - радавалася я і нават забылася, чаго сюды прыбягала.

А між тым пачало цямнець, насоўвалася ноч. Я прыстала нанач у старой вежы. Там жылі толькі вартаўнік ды сава. Спачатку я крыху баялася іх, асабліва савы - яна вельмі падобная на кошку і акрамя таго ў яе ёсць адна прыкрая загана: як і кошка, сава ласуецца мышамі. Але хто з нас не памыляецца ў жыцці! Гэтым разам памылілася і я. Сава, як выявілася, - разважлівая і адукаваная асоба. Яна шмат чаго пабачыла на сваім веку, ведала больш, чым вартаўнік, і амаль столькі, колькі ведаю я. Яе малыя савяняты прымалі ўсялякую жыццёвую недарэчнасць вельмі блізка да сэрца. «Не варыце супу з кілбаснай палачкі, - павучала іх у такіх выпадках старая сава, - не шуміце без дай-прычыны». Старая сава была вельмі ўважлівай, пяшчотнай маці. Я адразу адчула да яе давер і нават не пабаялася падаць голасу са сваёй шчыліны. Гэта саве вельмі спадабалася, і яна абяцала мне падтрымку. Ніводнай жывёліне яна цяпер не дазволіць з'есці мяне, бо ўжо лепш зробіць гэта сама, калі наблізіцца зіма і не будзе чаго іншага есці.

Сава была надзвычай разумнай птушкай. Яна, напрыклад, даказала мне, што вартаўнік не змог бы трубіць, калі б у яго на поясе не вісеў рог. А яшчэ важнічае чалавек, робіць выгляд, што ён не горшы за саву! Але што з яго возьмеш! Суп з кілбаснай палачкі!

Тут я і папрасіла саву расказаць мне, як той суп можна прыгатаваць. А сава мне растлумачыла: «Суп з кілбаснай палачкі - гэта ўсяго толькі прымаўка; кожны разумее яе па-свойму, як сам хоча, і кожны верыць, што яго думкі наконт гэтага найбольш правільныя. А калі папраўдзе разабрацца, то ніякага супу з кілбаснай палачкі не бывае». «Як не бывае?» - збянтэжылася я. Вось дык навіна! Так, ісціна не заўсёды прыемная, але ж яна вышэй за ўсё.

Тое самае сказала мне і сава. Падумала я, падумала і ўрэшце зразумела, што калі я прывязу дадому самае высокае, што толькі ёсць на свеце, гэта значыць ісціну, то гэта будзе куды больш каштоўным, чым нейкі там суп. І я заспяшалася дадому, каб хутчэй паднесці вам самае высокае і праўдзівае - ісціну.

Мышы - народ адукаваны, а мышыны цар тым больш. І ён можа смела браць мяне царыцай, у імя высокай ісціны.

- Твая ісціна - хлусня! - залямантавала мыш, якая яшчэ не паспела выказацца. - Я магу зварыць гэты суп, і звару яго зараз жа!..

 

 

V. Як варылі суп...

 

- Я нікуды не ездзіла, - пачала апавядаць трэццяя мыш. - А засталася дома, бо гэтак больш надзейна. Няма чаго бадзяцца па белым свеце, калі ўсё можна раздабыць дома. І я вось засталася! Я не набівалася ў сяброўства да ўсялякага там гнюсу, каб навучыцца варыць суп, не глытала мурашоў і не чаплялася да соў. Я дайшла да ўсяго ўласным розумам... То пастаўце, калі ласка, кацёл на пліту. Вось так! Цяпер наліце вады, ды каб паўней было. Вельмі добра! Няхай вада закіпае, няхай забурліць белымі струмянямі. А цяпер кіньце ў кацёл кілбасную палачку... Ці не пажадаеце вы цяпер, ваша светласць, сунуць у кіпень ваш пушысты царскі хвосцік, каб злёгку памешваць ім суп! Чым даўжэй будзеце памешваць, тым больш наварыстым атрымаецца булён, - гэта ўсё вельмі проста. І не трэба ніякіх прыпраў - сядзіце сабе ды памешвайце хвосцікам! Вось так!

- А ці нельга даручыць гэту справу каму іншаму? - пытае мышыны цар.

- Не, - адказвае мышка, - нельга. Уся сіла ў царскім хвасце!

І вось вада закіпела, а мышыны цар прыладзіўся каля катла і выцягнуў хвост, - акурат так, як мышы звычайна здымаюць смятанку з малака. Але як толькі на царскі хвост дыхнула гарачай парай, мышыны цар імгненна саскочыў на падлогу.

- Ну, быць табе царыцай, - паспешліва заявіў ён. - А з супам давай пачакаем да нашага залатога вяселля. Вось узрадуюцца тады беднякі ў маім царстве! А пакуль няхай чакаюць ды смачна аблізваюцца.

Адгулялі вяселле, ды толькі шмат хто з мышэй, вяртаючыся дадому, незадаволена пабуркваў:

- Ну, хіба гэта суп з кілбаснай палачкі? Гэта хутчэй суп з мышынага хваста!

Яны лічылі, што іншыя падрабязнасці, якія паведалі тры мышы, былі цікавымі, але іх, бадай, трэба было расказаць іначай. Калі б пра гэта апавядалі мы, то казалі б вось так і так.

Увогуле, гэта ўжо самая сапраўдная крытыка, а крытыка, згадзіцеся, заўсёды заднім розумам моцная.

Уся гэта гісторыя абляцела ўвесь свет, і меркаванні наконт яе раздвоіліся; але яна сама ад таго ніколечкі не змянілася. Наша гісторыя праўдзівая ва ўсіх падрабязнасцях ад пачатку да канца, уключаючы і кілбасную палачку. Вось толькі падзяку за казку лепш не чакаць, усё адно не дачакаешся!



Пераклад: Генадзь Пашкоў