epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Свінапас

Жыў-быў бедны прынц. Каралеўства ў яго было зусім маленькае, але якое-ніякое, а ўсё ж каралеўства, - хоць ажаніся, і вось ажаніцца ён якраз і хацеў.

Яно, вядома, дзёрзка было ўзяць ды спытаць дачку імператара: «Пойдзеш за мяне?» Але ён асмеліўся. Імя ў яго было вядомае на ўвесь свет, і сотні прынцэс сказалі б яму дзякуй, але што адкажа імператарская дачка?

А вось паслухаем.

На магіле ў прынцавага бацькі рос ружовы куст, ды які прыгожы! Квітнеў ён толькі раз у пяць год, і распускалася на ім адна-адзіная ружа. Затое салодкі быў яе водар, панюхаеш - і адразу забудуцца ўсе твае гаркоты і турботы. А яшчэ быў у прынца салавей, і спяваў ён так, быццам у горлейку ў яго былі сабраны ўсе самыя цудоўныя напевы на свеце. Вось і вырашыў прынц падарыць прынцэсе ружу і салаўя. Паклалі іх у вялікія срэбныя куфэркі і адаслалі ёй.

Загадаў імператар прынесці куфэркі да сябе ў вялікую залу - прынцэса гуляла там у госці са сваімі фрэйлінамі, бо іншых спраў у яе не было. Убачыла прынцэса куфэркі з падарункамі, запляскала ў ладкі ад радасці.

- Ах, калі б тут была маленькая кіска! - сказала яна.

Але з'явілася цудоўная ружа.

- Ах, як хораша зроблена! - уголас сказалі фрэйліны.

- Мала сказаць хораша, - адгукнуўся імператар, - проста нядрэнна.

Толькі прынцэса пакратала ружу і ледзь не заплакала.

- Фі, тата! Яна не штучная, яна сапраўдная.

- Фі! - уголас паўтарылі прыдворныя. - Сапраўдная!

- Пачакаем сердаваць! Паглядзім спачатку, што ў другім куфэрку! - сказаў імператар.

І вось выпырхнуў з куфэрка салавей і запеў так дзіўна, што спачатку ні да чаго і прычапіцца было.

- Superbe! Charmant!* - сказалі фрэйліны; усе яны балбаталі па-французску адна горш за адну.

* Непараўнана! Цудоўна! (фр.)

- Гэта птушка так нагадвае мне арганчык нябожчыцы імператрыцы! - сказаў адзін стары прыдворны. - Так, так, і гук той жа, і манера!

- Так! - сказаў імператар і заплакаў, як дзіця.

- Спадзяюся, птушка несапраўдная? - спытала прынцэса.

- Сапраўдная! - адказалі пасланцы, якія даставілі падарункі.

- Дык няхай ляціць, - сказала прынцэса і катэгарычна адмовілася прыняць прынца.

Толькі прынц не журыўся; выпацкаў твар чорнай і бурай фарбай, насунуў на вочы шапку і пастукаўся ў дзверы.

- Дзень добры, імператар! - сказаў ён. - Ці не знойдзецца ў вас у палацы месцейка для мяне?

- Шмат вас тут ходзіць ды шукае! - адказваў імператар. - Урэшце, пастой, мне патрэбны свінапас! У нас процьма свіней!

Так і прызначылі прынца свінапасам яго вялікасці і ўбогую каморку побач са свінарнікам адвялі, і там ён павінен быў жыць. Ну вось, праседзеў ён цэлы дзень за работай і да вечара зрабіў цудоўны маленькі гаршчочак. Увесь абвешаны бразготкамі гаршчочак, і калі ў ім што-небудзь варыцца, бразготкі вызваньваюць даўнейшую песеньку:

 

Ах, мой мілы Аўгусцін,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!

 

Але самае забаўнае ў гаршчочку тое, што калі патрымаць над ім у пары палец - адразу можна даведацца, што ў каго гатуецца ў горадзе. Няма слоў, гэта было цікавей, чым ружа.

Аднойчы прагульваецца прынцэса з усімі фрэйлінамі і раптам чуе мелодыю, што вызвоньваюць бразготкі. Стала яна на месцы, а сама так уся і ззяе, таму што таксама ўмела найграваць «Ах, мой мілы Аўгусцін», - толькі гэту мелодыю і толькі адным пальцам.

- Ах, гэта ж і я гэтак магу! - сказала яна. - Свінапас у нас, мабыць, адукаваны. Паслухайце, хай хто-небудзь пойдзе і спытае, колькі каштуе гэты інструмент.

І вось адной з фрэйлін давялося прайсці да свінапаса, толькі яна надзела для гэтага драўляныя чаравікі.

- Што возьмеш за гаршчочак? - спытала яна.

- Дзесяць пацалункаў прынцэсы! - адказваў свінапас.

- Госпадзі памілуй!

- Ды ўжо ніяк не меней! - адказваў свінапас.

- Ну, што ён сказаў? - спытала прынцэса.

- Гэта і вымавіць немагчыма! - адказвала фрэйліна. - Гэта жахліва!

- Дык шапні на вуха!

І фрэйліна шапнула прынцэсе.

- Які недалікатны! - сказала прынцэса і пайшла далей, ды не паспела зрабіць і некалькі крокаў, як бразготкі зноў зазвінелі так слаўна:

 

Ах, мой мілы Аўгусцін,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!

 

- Паслухай, - сказала прынцэса, - ідзі спытай, можа, ён згодзіцца на дзесяць пацалункаў маіх фрэйлін?

- Не, дзякуй! - адказваў свінапас. - Дзесяць пацалункаў прынцэсы, альбо гаршчочак застанецца ў мяне.

- Якая нудота! - сказала прынцэса. - Ну, станьце наўкол мяне, каб ніхто не бачыў!

Захінулі фрэйліны прынцэсу, растапырылі спадніцы, і свінапас атрымаў дзесяць пацалункаў прынцэсы, а прынцэса - гаршчочак.

Вось дык радасці было! Увесь вечар і ўвесь наступны дзень стаяў на агні гаршчочак, і ў горадзе не засталося ніводнай кухні, хай гэта дом камергера альбо шаўца, пра якую прынцэса не ведала, што там гатуюць. Фрэйліны скакалі ад радасці і пляскалі ў ладкі.

- Мы ведаем, у каго сёння салодкі суп і блінчыкі! Ведаем, у каго каша і свіныя катлеты! Як цікава!

- У вышэйшай ступені цікава! - пацвердзіла обер-гафмайстэрына.

- Але толькі трымайце язык за зубамі, я ж дачка імператара.

- Змілуйцеся! - сказалі ўсе.

А свінапас - гэта значыць прынц, але для іх ён быў па-ранейшаму свінапас - дарма часу не губляў і змайстраваў трашчотку. Варта пакруціць ёю ў паветры - і вось ужо яна сыпле ўсімі вальсамі і полькамі, якія толькі ёсць на свеце.

- Гэта ж suреrbе! - сказала прынцэса, ідучы міма. - Проста не чула нічога лепшага! Паслухайце, спытайце, што ён хоча за гэты інструмент. Толькі цалавацца я болей не стану!

- Ён патрабуе сто пацалункаў прынцэсы! - паведаміла фрэйліна, выйшаўшы ад свінапаса.

- Ды ён, відаць, вар'ят! - сказала прынцэса і пайшла далей, але, зрабіўшы два крокі, спынілася. - Мастацтва трэба заахвочваць! - сказала яна. - Я дачка імператара. Скажыце яму, я згодна на дзесяць пацалункаў, як учора, а астатнія хай атрымае з маіх фрэйлін!

- Ах, нам так не хочацца! - сказалі фрэйліны.

- Якое глупства! - сказала прынцэса. - Ужо калі я магу цалаваць яго, то вы і тым болей. Не забывайце, што я кармлю вас і плачу вам жалаванне!

Давялося фрэйліне яшчэ раз схадзіць да свінапаса.

- Сто пацалункаў прынцэсы! - сказаў ён. - А не - кожны застанецца пры сваім.

- Станьце наўкол! - сказала прынцэса, і фрэйліны абступілі яе і свінапаса.

- Гэта што яшчэ за зборышча ля свінарніка? - спытаў імператар, выйшаўшы на балкон. Ён працёр вочы і надзеў акуляры. - Не інакш як фрэйліны ізноў нешта выдумалі! Трэба пайсці паглядзець.

І ён выпрастаў заднікі сваіх туфляў - туфлямі яму служылі стаптаныя чаравікі. І-эх, як хутка ён пайшоў!

Спусціўся імператар у двор, падкрадваецца паціхеньку да фрэйлінаў, а тыя толькі тым і занятыя, што пацалункі лічаць: гэта ж трэба, каб справа зладзілася як належыць і свінапас атрымаў роўна столькі, колькі прызначана, - ні больш ні менш. Вось чаму ніхто не заўважыў імператара, а ён прыўстаў на дыбачкі і глянуў.

- Гэта што яшчэ такое? - сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свінапаса, ды як стукне іх туфлем па галаве!

Здарылася гэта ў тую хвіліну, калі свінапас атрымаў свой восемдзесят шосты пацалунак.

- Неrаus*! - у гневе сказаў імператар і выштурхаў прынцэсу са свінапасам за межы сваёй дзяржавы.

* Вон! (ням.)

Стаіць і плача прынцэса, свінапас лаецца, а дождж так і палівае.

- Якая я гаротная! - галосіць прынцэса. - Хай бы я выйшла за цудоўнага прынца! Якая я няшчасная!

А свінапас зайшоў за дрэва, сцёр з твару чорную і бурую фарбу, скінуў брудную вопратку - і вось перад ёй ужо прынц у царскім адзенні, ды такі прыгожы, што прынцэса міжвольна зрабіла рэверанс.

- Цяпер я пагарджаю табою! - сказаў ён. - Ты не захацела выйсці за сумленнага прынца. Ты нічога не зразумела ні ў салаўі, ні ў ружы, затое магла цалаваць за забаўкі свінапаса. Так табе і трэба!

Ён пайшоў да сябе ў каралеўства і зачыніў дзверы на засаўку. А прынцэсе толькі і заставалася стаяць ды спяваць:

 

Ах, мой мілы Аўгусцін,

Усё прайшло, прайшло, прайшло!



Пераклад: Уладзімір Мазго