epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Талісман

Прынц з прынцэсай адзначалі свой мядовы месяц. Яны былі неверагодна шчаслівыя, і толькі адна думка-развага не давала ім спакою: ім вельмі хацелася ведаць, ці будуць яны гэткія ж шчаслівыя ўсё сваё жыццё? Таму і сталі яны марыць пра талісман, які засцярог бы іх ад усялякіх нягод у сямейным жыцці. А да гэтага яны шмат наслухаліся пра аднаго чалавека; жыў гэты чалавек у лесе, і ўсе паважалі яго за мудрасць. У любой бядзе і ў любым цяжкім становішчы ён мог даць слушную параду. Выправіліся да гэтага мудраца прынц з прынцэсай і расказалі яму пра ўсё, што смылела ў іх на душы. Выслухаў іх мудрэц і сказаў:

- Ідзіце вандраваць па белым свеце, і калі сустрэнуцца вам шчаслівыя і ўсім задаволеныя муж і жонка, папрасіце ў іх квалачак сподняй бялізны, а калі здабудзеце такі кавалачак, насіце яго заўсёды як талісман. Гэта надзейны сродак.

Селі прынц з прынцэсай на коней і выправіліся ў шлях-дарогу; неўзабаве пачулі яны ад людзей пра аднаго вядомага рыцара, які нібыта жыў са сваёй жонкай шчаслівей за ўсіх іншых. Паехалі яны да яго ў замак і пачалі самі распытвацца, ці праўда, што яны так задаволены сваім жыццём, як сведчыць пра гэта погаласка.

- Усё праўда, - адказалі яны, - толькі адно гора: няма ў нас дзяцей.

Значыць, шукаць тут талісман не мела сэнсу, і давялося прынцу з прынцэсай выправіцца далей на пошукі шчаслівых і ўсім задаволеных мужа з жонкай.

І вось прыехалі яны ў горад, дзе згодна з чуткамі быў адзін сумленны гараджанін, які жыў са сваёй жонкай у згодзе, каханні і ласцы. Прыйшлі яны да яго і спыталі, ці праўда, што ён гэткі шчаслівы ў сямейным жыцці, як пра гэта расказваюць.

- Ды ўжо што праўда, то праўда! - адказаў муж. - Жывём мы з жонкай душа ў душу, вось толькі дзяцей у нас зашмат, а з імі хапае нам клопату і гора!

Значыць, шукаць талісман і ў яго няма сэнсу, і прынц з прынцэсай выправіліся далей, усюды распытваючы, ці не чуў хто пра шчаслівых і задаволеных мужа і жонку. Але такія ніяк не сустракаліся.

Аднойчы, калі ехалі па палях і лугах, заўважылі яны ля дарогі пастуха, які весела іграў на жалейцы. І бачаць яны, што да пастуха ідзе жанчына з немаўлём, а другое дзіця, хлапчука, вядзе за руку. Як толькі пастух убачыў жанчыну, ён кінуўся ёй насустрач, павітаўся, узяў немаўля і пачаў цалаваць і лашчыць яго. А сабака пастуха скакаў і брахаў ад радасці, падбег да хлапчука і лізнуў яго за руку. Між тым жонка пастуха дастала гаршчок, які прынясла з сабой, і сказала:

- Ідзі, бацька, паеш.

Муж сеў на зямлю і пачаў есці, але першы кавалак ён аддаў немаўляці, а другі падзяліў паміж хлапчуком і сабакам. Усё гэта бачылі і чулі прынц з прынцэсай. Падышлі яны бліжэй і завялі гаворку з мужам і жонкай:

- Відаць, вы самыя шчаслівыя і задаволеныя на свеце муж і жонка?

- Ды ўжо ж што праўда, то праўда, - адказаў муж. - Дзякаваць Богу. Няма на свеце ніводнага прынца з прынцэсай, якія былі б шчаслівейшыя за нас.

- Ведаеце што, - сказаў тады прынц, - дапамажыце нам, вы пра гэта не пашкадуеце! Дайце нам кавалачак кашулі, якую вы носіце на целе!

Пачуўшы гэта, пастух з жонкай неяк дзіўна пераглянуліся. А пастух сказаў:

- Бачыць Бог, мы з радасцю далі б вам не толькі па шматку, але і цэлую кашулю, калі б яна ў нас была. Але ў нашай хаце няма нават ніякай анучы.

Давялося прынцу з прынцэсай выправіцца далей з пустымі рукамі. У рэшце рэшт доўгія і марныя блуканні надакучылі ім, і яны скіравалі дамоў. Калі прынц з прынцэсай ехалі міма хаціны мудраца, яны папікнулі яго за тое, што ён даў ім такую дрэнную параду, і расказалі пра сваё падарожжа.

Усміхнуўся на гэта мудрэц і сказаў:

- Няўжо вы і на самай справе змарнавалі час? Хіба не вярнуліся вы дамоў умудроныя вопытам?

- Гэта праўда, - адказаў прынц, - я даведаўся, што шчасце і задаволенасць сваім лёсам - рэдкі дар на гэтым свеце!

- А я, - сказала прынцэса, - зразумела: каб быць шчаслівым, трэба толькі адно - быць шчаслівым!

Тут прынц працягнуў прынцэсе рукі і зірнулі яны адно на аднаго з зайздросным замілаваннем і каханнем. Блаславіў іх мудрэц і сказаў:

- У вашым уласным сэрцы знайшлі вы сапраўдны талісман! Беражыце яго, і тады злы дух незадаволенасці ніколі не завалодае вамі!



Пераклад: Максім Валошка