epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Злы князь

Паданне

Жыў-быў злы, фанабэрлівы князь. Ён толькі і думаў пра тое, як бы пакарыць сабе ўвесь свет, на ўсіх нагнаць страху адным сваім імем. І вось ён ішоў у чужыя землі з агнём і мячом; воіны ягоныя тапталі нівы ды палілі сялянскія хаты; чырвоныя языкі лізалі лісце на дрэвах, а плады падсмажваліся на абвугленых галінах. Часта бедная маці хавалася з голенькім грудным немаўляткам за сценамі, што дыміліся, але ваяры шнарылі паўсюль, знаходзілі іх, і пачыналася д'ябальская забава! Злыя духі не маглі рабіць горш. Але князю здавалася, быццам справы ішлі як мае быць. Дзень пры дні расла князева магутнасць, імя ягонае наводзіла жах на ўсіх, і ўдача спадарожнічала яму ва ўсіх дзеяннях. З пакораных гарадоў вывозіў ён золата ды багатыя скарбы, і ў сталіцы ягонай накапіліся незлічоныя багацці: нідзе ў свеце не было анічога падобнага. Ён загадаў будаваць цудоўныя палацы, цэрквы ды аркі, і ўсе, хто бачыў гэтыя дзівосныя пабудовы, казалі: «Які вялікі князь!» Яны не думалі пра бядоты, у якія ён кінуў чужыя землі, не чулі стогнаў і скаргаў, што не змаўкалі ў абрабаваных ды спаленых гарадах.

Сам князь глядзеў на сваё золата і думаў, як іншыя: «Які я вялікі князь! Але мне яшчэ мала ўсяго гэтага! Хачу большага! Нічыя ўлада ў свеце не павінна быць роўнай маёй, не тое каб пераўзыходзіць яе!»

І ён пайшоў вайной на сваіх суседзяў і ўсіх пакарыў. Палонных каралёў ён загадаў прыкоўваць залатымі ланцугамі да сваёй калясніцы кожны раз, як збіраўся праехацца па вуліцах сталіцы. Калі ж ён сядзеў за сталом, яны павінны былі ляжаць пры яго нагах і нагах прыдворных ды хапаць кавалкі хлеба, якія ім кідалі.

Нарэшце, князь загадаў узвесці сабе на плошчах ды ў палацах статуі; ён хацеў быў паставіць іх і ў храмах, перад алтаром Госпада, але святары сказалі: «Князь, ты вялікі, але Бог вышэй за цябе, мы не асмельваемся зрабіць гэта».

- Добра! - сказаў злы князь. - Тады я скару і Бога!

І, аслеплены шалёнай фанабэрыяй, ён загадаў будаваць дзівосны карабель, на якім можна было гойсаць у паветры. Карабель быў размаляваны рознымі фарбамі і нагадваў паўлінаў хвост, усеяны тысячамі вочак, але кожнае вочка было руляй стрэльбы. Князь сеў на карабель; варта яму націснуць адну спружыну, са стрэльбаў выляталі тысячы куляў, а стрэльбы адразу ж самі сабой зараджаліся нанова. Сто магутных арлоў былі запрэжаны ў карабель, і вось ён узвіўся ў паветра, да сонца. Зямля ледзь віднелася ўнізе, горы ды лясы здаваліся спачатку ўзараным дзёрнам, потым намаляванымі на геаграфічнай карце і, нарэшце, зусім зніклі ў воблачным тумане. Усё вышэй ды вышэй узнімаліся арлы; тады Бог паслаў аднаго са сваіх незлічоных анёлаў, але злы князь сустрэў яго залпам са стрэльбаў. Кулі адскочылі ад бліскучых крылаў анёла, як градзінкі; толькі адна-адзіная кропелька крыві выцекла з беласнежнага крыла і ўпала на карабель, дзе сядзеў князь. Яна глыбока ўелася ў дрэва і націснула на дно карабля са страшэннай сілай, быццам глыба свінцу ў тысячу пудоў. Карабель паляцеў уніз з неверагоднай хуткасцю; магутныя крылы арлоў пераламіліся; вецер так і свістаў у вушах князя; аблокі, што сабраліся з дыму ад спаленых гарадоў, грувасціліся наўкол і прымалі пачварныя формы: велізарных ракаў, якія працягвалі да князя дужыя клюшні, абломкаў скал, што каціліся ўніз, і драконаў, што дыхалі агнём. Князь ляжаў на дне карабля напаўмёртвы ад страху. Нарэшце карабель засеў у густым вецці лясных дрэў.

- Я адолею Бога! - сказаў князь. - Я даў сабе клятву адолець яго, і быць па тым! - І ён загадаў пабудаваць новы карабель; будавалі яго сем гадоў. Загадаў ён таксама каваць маланкі з найцвярдзейшае сталі, каб узяць цвярдыню неба прыступам, і сабраў ваяроў з усіх канцоў сваёй дзяржавы; войскі пакрылі прастору ў некалькі квадратовых міляў. Ваяры гатовыя былі сесці на караблі, князь падышоў да свайго, але Бог наслаў на яго рой камароў, адзін толькі маленькі камаровы рой. Насякомыя гулі вакол князя ды джалілі яго ў твар і рукі. Ён злосна выхапіў меч, але сек ім толькі паветра, у камароў патрапіць аніяк не ўдавалася. Тады ён загадаў прынесці каштоўныя дываны ды ахінуць сябе імі з ног да галавы, каб аніводзін камар не мог дастаць яго сваім джалам. Загад быў выкананы, але адзін камар ухітрыўся прабрацца пад самы ніжні дыван, залез у вуха князя ды ўджаліў яго. Быццам агонь разліўся па князевай крыві, яд пранік у ягоны мозг, і ён сарваў з сябе ўсе апраткі ды голы ўзяўся кідацца з боку ў бок і скакаць перад натоўпам сваіх бязлітасных салдат, а тыя толькі смяяліся са звар'яцелага князя, які хацеў перамагчы Бога і быў сам пераможаны камарыкам!



Пераклад: Артур Вольскі