epub
 
Падключыць
слоўнікі

Холі Рот

Дынастаманія

— Ну, вось, прыехалі, — сказаў таксіст і з цікавасцю зірнуў у мой бок.

Я вылез з машыны, заплаціў за праезд, прайшоў дзве прыступкі, адчыніў дзверы — і спыніўся. Усё ніяк не мог перавесці дых і супакоіць тахканне ў грудзях. Акрамя таго, мяне бянтэжыў выгляд будынка. На ім была шыльда «Паліцэйскі ўчастак», але такой мізэрнасці я ніколі ў жыцці не бачыў. Потым зразумеў, што мне ніколі не даводзілася бачыць паліцэйскі ўчастак знутры; усе мае ўяўленні пра такія ўстановы браліся з кніжак. Можа, на самай справе ўсе паліцэйскія ўчасткі былі падобны на гэты цесны пакойчык, у якім толькі і было, што стол і некалькі крэслаў.

Адзіны чалавек, што знаходзіўся ў пакоі, быў ужо ў гадах, па-хатняму без кіцеля, у акулярах. Седзячы за сталом, ён чытаў газету. Калі я ўвайшоў, ён апусціў яе, зграбна варухнуў носам, каб апусціць ніжэй акуляры і, узняўшы бровы, глянуў паверх іх у мой бок. На ўсе тры жэсты спатрэбілася толькі частка неабходных на гэта намаганняў — і мне варта было б пазайздросціць такой здольнасці зберагаць сваю энергію, калі б не той незайздросны стан, у якім я знаходзіўся. Я ўспрыняў узнятыя бровы як запытанне і ў якасці адказу сказаў:

— Я хачу заявіць пра забойства. Мне здаецца... Вось тут, ведаеце... — Я быў у глыбокім шоку, але ўсё ж спакваля да мяне дайшло, што тыя блытаныя фразы, якія я вымаўляў, гучалі не вельмі пераканаўча.

Чалавек за сталом — на маю думку — паліцэйскі — спытаў:

— Труп?

— Не. Прынамсі — не. Яго ніколі не было. Праўда, не зусім так. Калі дазволіце...

— У нас звычайна не бывае забойстваў без трупаў. Я маю на ўвазе — у гэтым горадзе. Да таго ж, як правіла, у нас забойствы не здараюцца. Падазрэнні ўзнікалі, але яны ніколі не спраўджваліся. Але ж і гарадок вельмі малы. У яго ўсё яшчэ наперадзе.

— Тут, ведаеце, не да смеху.

— А я што, жартачкамі займаюся? Ваша прозвішча?

Я адкрыў рот, каб сказаць, што не варта марнаваць часу, але потым зразумеў, што нарэшце надышоў час традыцыйных фармальнасцей, і з удзячнасцю пачаў прытрымлівацца звыклага парадку.

— Уільям Дэнтэл.

Паліцэйскі ўзняў бровы, і я зноў назваў сваё прозвішча, вымаўляючы кожную літару паасобку.

Ён выцягнуў з шуфляды стала «гросбух» у чорнай вокладцы і, апусціўшыся ніжэй у крэсле, намацаў недзе ў самым канцы шуфляды шарыкавую асадку. Разгарнуў свой «гросбух» недзе на палове і запісаў туды маё прозвішча. Почырк быў размашысты і гэтым самым сведчыў аб шырыні характару, пра што нельга было здагадацца па знешнасці паліцэйскага.

— Узрост.

— Сорак год.

— Занятак.

— Камерсант, працую ў кампаніі «Сімсан-Блюэ».

— Што займаецца цяжкім машынабудаваннем? У асноўным шахтавымі механізмамі?

Я сцвярджальна кіўнуў галавой.

— Прыехалі, каб сустрэцца з кліентамі на шахтах, ці не так?

Я зноў кіўнуў галавой.

— Спыніліся ў гатэлі «Бентаўн»?

Гэта быў адзіны гатэль у горадзе. Я сцвярджальна кіўнуў галавой.

— Калі прыехалі?

— Сёння, у другой палове дня. У пяць гадзін. Згодна з дамоўленасцю, мяне прымуць ва ўпраўленні шахт заўтра ў восем гадзін раніцы.

— У пяць гадзін. А ў дванаццаць — з Піцбурга. — Гэта ўжо было не пытанне. — Такім чынам, вы прабылі тут дзве гадзіны, і вы сведка забойства.

— Я гэтага не гаварыў.

— Так, вы гэтага не гаварылі. Наогул сказалі мала што. Можа, пачняце з чаго-небудзь? Хоць бы з таго, каго забілі?

— Ну, зразумела, так. Але — гэта здарылася пятнаццаць гадоў назад.

Паліцэйскі паклаў на стол асадку, зняў акуляры, якія з'ехалі на кончык носа, склаў газету і нахіліўся ўперад, абапёршыся на складзеныя на стале рукі. У гэты момант я заўважыў на крэсле за яго спінай кіцель. Паліцэйскі быў у званні капітана.

— Дык вы лічыце, што мне не трэба нікуды спяшацца? Мы — вы і я — не паімчым пад звон капытоў на абарону законнасці?

— Не, мы якраз і павінны гэта зрабіць. Але я павінен спачатку ўсё растлумачыць.

Паліцэйскі затрымаў на мне позірк, відаць, на якую хвіліну, але яна мне здалася вельмі доўгай. У капітана ясныя карычневыя вочы, надзвычайна ясныя на чалавека яго гадоў, а яму было, відаць, за шэсцьдзесят — так мне здалося спачатку. Ён яшчэ не пачынаў лысець, і галаву ўпрыгожвала шапка шыкоўных, густых сівых валасоў. Я заўважыў, што ў яго вымаўленні не чуваць было мясцовага акцэнту, хоць жыхароў мястэчак у гэтым канцы Пенсільваніі часам нават цяжка зразумець.

— Я начальнік паліцыі гэтага горада. Мой абавязак — забеспячэнне парадку. Адзін са шляхоў адпаведнага выканання гэтага абавязку — гэта ашчадныя адносіны да ўласнай энергіі, а не марнаванне яе на розных вар'ятаў. Я не прашу прабачэння за такія словы, таму што вас я не назваў вар'ятам — пакуль што. Праўда, вы на яго і непадобны, хоць гаворыце як самы сапраўдны вар'ят. З другога боку, у «Сімсан-Блюэ», відаць, не трымаюць вар'ятаў. Звычайна. Ёсць што-небудзь у доказ таго, што вы — Уільям Дэнтэл і што Ўільям Дэнтэл працуе ў «Сімсан-Блюэ»?

— Вядома, — адказаў я. — А як жа.

Я пачаў выкладаць дакументы, а іх у кішэнях аказалася значна больш, чым я думаў: вадзіцельскія правы, візітныя карткі, страхоўка на выпадак шпіталізацыі, якая праляжала ва ўнутраным клапане партаманета не менш пяці гадоў, пад ёй аказалася картка сацыяльнага забеспячэння. Дзве крэдытныя карткі. Я зірнуў на капітана, але той не падаваў знака, што гэтага дастаткова. Таму я дастаў з унутранай кішэні і паказаў тры лісты. Усе яны былі напісаны на маё імя на адрас кампаніі «Сімсан-Блюэ», і ўсе яны мелі дачыненне да камерцыйных заказаў.

На гэтым я спыніўся.

Паліцэйскі ўважліва вывучыў кожную паперу. Праверыў вадзіцельскія правы, пазіраючы раз-пораз у мой бок, калі чытаў дадзеныя наконт «колеру вачэй, росту, дня нараджэння». Разгарнуўшы зноў свой чорны «гросбух», запісаў туды мой хатні адрас. Потым вельмі ўважліва разгледзеў кожную візітную картку і аддаў іх мне.

— Ну, добра, містэр Дэнтэл, — сказаў ён. — Я паспеў ужо павячэраць. Дык вы хацелі расказаць гісторыю?

— Менавіта так, — адказаў я з удзячнасцю. — Яна доўгая, блытаная, і калі вы толькі...

— Усё роўна расказвайце, калі ласка. — Вочы ў капітана і былі ясныя. У такія вочы не цяжка гаварыць праўду.

 

Калі вайна закончылася, я, як і многія іншыя амерыканскія салдаты, падумаў, што прыйшоў час атрымаць кампенсацыю за страчаныя гады. Мне трэба было вучыцца яшчэ два гады ў тэхнічным каледжы Карнегі, каб атрымаць дыплом горнага інжынера, і я быў поўны жадання завяршыць курс. У маім выпадку гэта было значна лягчэй здзейсніць дзякуючы фінансавай дапамозе, прадугледжанай мне як удзельніку вайны. Мае бацькі былі даволі заможныя людзі, але мне ўжо было дваццаць чатыры гады, і я з прыемнасцю ўсведамляў, што не давядзецца іх занадта абцяжарваць.

Але спачатку... Атрымаўшы дзембельскія грошы, я падумаў, што наперадзе вакацыі — два тыдні за кожны з шасці год: чатыры ваенныя і два акупацыйныя. Гэта азначала цэлых тры месяцы.

— Дзе, — спытаўся Ўільям Дэнтэл у Ўільяма Дэнтэла, — самае прыгожае, самае дасканалае і, апрача таго, самае вясёлае месца для адпачынку ў свеце?

Уільям Дэнтэл знайшоў адказ на сваё пытанне і апынуўся на Блакітным беразе Францыі.

Каны. Красавік 1947 года. Мне дваццаць чатыры гады. Знаёмствы, мноства знаёмстваў. Горад кішэў ад былых салдат, якія, паразважаўшы, зрабілі тое ж, што і я. Былі там і дзяўчаты — францужанкі, англічанкі і нават амерыканкі. Што ж датычыцца людзей сталага ўзросту, дык іх было мала. Яны дабіралі тое, чаго ў свой час не хапіла ў жыцці. Але калі старыя, тыя, хто мог сабе гэта дазволіць, прыехалі, каб адагрэць на сонцы састарэлыя косці і змораныя душы, моладзь, не зважаючы на тое, магла яна сабе дазволіць такую раскошу ці не, прыязджала ў пошуках радасці, якую ў яе ў свой час адабралі падманам. «Раскоша» была не такая ўжо недасягальная. Прыгожы прыморскі праспект — Бульвар Круазет — амаль цалкам аднавіў свой даваенны шык, але, на жаль, пакуль што не даваенныя цэны.

Зразумела, назбіралася ў Канах і мноства «п'явак»: ігракоў, махляроў, сутэнёраў, пачынаючых мафіёзі і звычайных аферыстаў — яны таксама ў гады пературбацый былі пазбаўлены магчымасці даць волю сваім схільнасцям, трымацца выбранага аднойчы шляху жыцця. І вось яны кінуліся, як гэта заўсёды робяць людзі такога гатунку, туды, дзе жывецца проста, вольна, у лёгкай эйфарыі, ад якой да неабачлівасці — усяго адзін крок.

Спачатку была Ірэн. Яна была сама асалода. Потым былі тры іншыя — я ўжо не памятаю іх імёнаў, — усе яны былі для мяне асалода. На іх месцы з'явілася Валеры — англічанка, хоць у яе было такое імя. Валеры спецыялізавалася на тым, што проста ляжала на пляжы. З яе фігурай гэтага было дастаткова.

І вось з'явілася Эн.

За пятнаццаць год не было такога тыдня, каб я не ўспомніў пра Эн.

Цяпер я жанаты мужчына. Маю двух сыноў, добрых хлопцаў. Жонка — мілая, чароўная жанчына, якую я люблю амаль усёй душой. Частка душы назаўсёды засталася з Эн. Усе пятнаццаць год я ўспамінаў пра яе, і сэрца маё млела, а першыя гады было яшчэ горш — я нават плакаў. Ростам я за метр дзевяноста, дзякуючы перабітаму носу выгляд у мяне нават крыху пагражальны, мне даўно пайшоў трэці дзесятак, а я палову начэй абліваўся слязьмі.

Спадзяюся, вы прабачыце некаторыя сантыменты — ніяк не магу суладаць з пачуццямі, што ахапілі мяне. Справа ў тым, што толькі паўтор параджае стэрэатыпы, а паўтараюцца толькі глыбокія ісціны. Як і Ўіт'ер*, я хацеў бы сказаць, што ў высновах майго жалю былі тыя самыя сумныя словы: «Гэта магло б адбыцца».

* Дж.Г.Уіт'ер (1807-1892) — амерыканскі паэт і барацьбіт супраць рабаўладання.

Быў час, ведаеце, калі я пачынаў думаць пра жаніцьбу з Эн, аднак не фарсіраваў гэтай справы. Я знаходзіў сабе дзесятак апраўданняў — свой малады ўзрост, неабходнасць закончыць каледж, фінансавае становішча, атмасферу тых гадоў, — але ўсе гэтыя апраўданні так і не прынеслі суцяшэння. Увесь час я адчуваў, што не толькі не змог авалодаць асаладой сваёй душы, але праз свой эгаізм аказаўся вінаватым, што ўзніклі прычыны для яе гібелі. Для забойства...

Эн занесла ў горад чарговая хваля студэнтаў-медыкаў — як амерыканцаў, так і французаў — з Сарбоны. Кампанія, з якой яна вандравала, была размаістая, схільная да ўсялякіх розыгрышаў і нават крыху істэрычная; наколькі я разумею, студэнты-медыкі часта бываюць менавіта такімі, а ў 1947 годзе ўсе іх звычайныя схільнасці былі яшчэ больш выразныя.

Эн ні ў якай меры не нагадвала сваіх спадарожнікаў. Яна сядзела ў баку ад натоўпу — стройная дзяўчына, на выгляд — амерыканка. У яе была вельмі танклявая фігура, далікатныя формы эфектна прыкрываў незвычайны купальнік — срэбныя ніткі па ярка-зялёным полі. Тады яшчэ амаль не чулі, каб вось з такіх парчовых тканін шылі купальнікі. На яе твары лунала ледзь прыкметная ўсмешка — размова вакол не заслугоўвала большага. Хлопцы абмяркоўвалі, на каго пасадзіць труп. Я вырашыў рызыкнуць.

— Яны што, з імі ездзяць?

— З кім?

— З трупамі.

— Гэта неабходны аксесуар іх жыцця.

— Але... — і тут я зразумеў, што яна мела на ўвазе не прафесіянальнае жыццё, а іх маладосць.

— Вы не іх кола? — спытаў я.

Яна адмоўна пахітала галавой, прамыя валасы, вельмі проста падстрыжаныя, веерам разляцеліся ў сонечных промнях.

— Я каля іх, — адказала яна, — а маё кола — гэта, свет добрага старога вольнага мастацтва.

— Але тады чаму вы каля іх?

— Мне яны падабаюцца. Акрамя таго, можа, у мяне таксама ёсць якая-небудзь паталогія?

— Не паверу. Што з'яўляецца аб'ектам вашых пошукаў? — Тут я павінен растлумачыць, што гэта просталінейнае і ў той жа час пытальнае звяртанне да суразмоўцы было маёй манерай у 1947 годзе. У мяне склалася ўражанне, што яно інтрыгавала дзяўчат. У той час мне бракавала сталасці, каб зразумець, што пытанні, якія датычацца асабіста суразмоўцы, інтрыгуюць і дзяўчат, і хлопцаў, і мужчын, і жанчын, і старых. А я думаў, што знайшоў новы рэцэпт.

Аднак у выпадку з Эн гатовыя рэцэпты не падыходзілі. Праўда — вось што было ў выснове яе ўвагі да мяне. Дзякуючы майму пытанню яна ўпершыню засяродзіла на маёй асобе надзіва праніклівы позірк сваіх вачэй. Яны былі вялікія, ясныя, з маленькімі зрэнкамі. Вочы былі адзінай яе красой, але яе прывабнасць, заснаваную на кантрасце светлага і цёмнага, яшчэ больш падкрэсліваў загар, а таксама тое, што невыразныя рысы змаглі змясціцца на худзенькім тварыку з крыху завостраным падбародкам.

— Я шукаю мужа.

Такі адказ асадзіў мяне назад — як псіхічна, так, відаць, і фізічна.

— Гэта нязвыкла? — спытала яна з ледзь прыкметнай усмешкай.

— Ну, не. Я мяркую, што не. Але...

— Нязвыкла гаварыць праўду?

— Ну, так. Я мяркую, што так.

— Вось у гэтым якраз і розніца паміж намі, — сказала яна. — Вы мяркуеце пра некаторыя рэчы, а я іх ведаю.

У словах Эн гучаў рэалізм і не адчувалася паблажлівасці. Яна ўстала вельмі грацыёзна, прычым без штучных намаганняў ці какецтва.

— Прабачце, — сказала яна і пайшла да кампаніі будучых медыкаў.

Праз некалькі дзён я зноў нечакана сустрэўся з Эн. У вадзе. Гэта здарылася звычайнай раніцай а палове сёмай на Блакітным беразе, калі там чыстае неба, цёплае паветра, не вельмі цёплая вада і амаль пусты пляж. Цудоўны час, каб паплаваць.

Шалёна махаючы рукамі, паказваючы тым самым калі не ўменне, дык фасоністасць у плаванні аўстралійскім кролем, я нарабіў вакол сябе столькі пены і шуму, што не заўважаў нічога навокал, нават Эн, якая аказалася зусім блізка, пакуль яна не крыкнула:

— Прывітанне!

Эн была за паўтара метра ад мяне, уся мокрая. Ну, канечне, яна наскрозь прамокла, падумаў я сам сабе і зразумеў, што такое ўражанне ўзнікла таму, што на ёй не было купальнай шапачкі. Гэты раз яна была не такая прывабная — падобная больш на мокрую мыш. Але вочы здаваліся яшчэ большымі на маленькім і вузкім тварыку.

— Прывітанне, — адгукнуўся я і перастаў малаціць рукамі і нагамі па вадзе.

— Вы, відаць, плаваеце? — Гэта быў не камплімент, а пытанне, шчыра зададзенае.

Гэта шчырасць прымусіла і мяне быць сумленным.

— Не зусім, — прызнаўся я. — Спускаю пару — да буя і назад — амаль толькі на гэта мяне і хапае. — Я паволі перабіраў рукамі ваду, цяжка дыхаючы, дзівячыся сваім паводзінам.

— Вось як.

Можа, мой адказ яе расчараваў? Што, калі ў яе вачах я быў героем тыпу Апалона? Я скарыстаў свой рэцэпт і хуценька памяняў напрамак гутаркі.

— Ну, а вы? Нешта не відаць, каб вы вельмі стаміліся, а адплылі мы даволі далёка.

— Ну, я наогул не плаваю. Калі сказаць, што зусім, дык не. Умею неяк трымацца на вадзе, крыху плаваю на баку. Магу даплыць куды захачу, але на гэта часам патрэбна цэлая вечнасць.

— Ну, што ж, давайце працягнем нашу гутарку і пагаворым пра вечнасць, — напорыстасці ў мяне тады хапала.

Калі яна выйшла з вады, зноў кінуўся ў вочы бліскучы зялёна-срэбны купальнік. (Пазней я зразумеў, што ён у яе быў адзіны.) Намоклая тканіна блішчэла яшчэ больш.

— А ваш купальнік нішто сабе, — заўважыў я.

У адказ не пачулася рознай лухты накшталт таго, што «гэта ўсё старое і вынашанае».

— Ён і павінен быць нішто сабе. Яго саткалі мне на замову. Дзеля яго я практычна паўгода эканоміла на адзенні.

— Ён прыгожы, але...

— Але што?

— Неяк, здаецца, гэта не ваш стыль.

Яна засмяялася.

Калі я таго ж дня запрасіў Эн павячэраць, яна спытала:

— Вы прапаноўваеце павячэраць разам ці запрашаеце павячэраць з вамі?

Я папярхнуўся і адказаў нязвыкла па-даросламу:

— Разам, як культурныя людзі.

— А, — сказала яна з той жа ледзь прыкметнай сумнай усмешкай. — Не забывайце, што я вандрую са студэнтамі-медыкамі. Калі б у іх і былі грошы, яны ўсё роўна не вельмі схільныя на выдаткі. А ў іх грошай няма, так што пытання не ўзнікае. Тым не менш прабачце.

 

Эн, апранутая ў сукенку «на выхад», выглядала вельмі прыгожа. Яна была падобная на сапраўдную даму. Я перастараўся, выбіраючы рэстаран. Тыя тры месяцы я не мог дазволіць сабе часта хадзіць у рэстаран, але калі шыкануць адзін раз, дык гэта не павінна спустошыць бюджэт, разлічаны на дзевяноста дзён, думаў я... пакуль не ўбачыў рахунку.

Потым, стараючыся надаць твару абыякавы выгляд і ўсё ж не вельмі весела, палез за партаманетам.

Эн не манерылася наконт рахунку. Яна, вядома ж, ніколі не манерылася. Уважліва паглядзеўшы на лічбу ў рахунку, які ляжаў да яе дагары, спытала:

— Ты багаты?

— Не.

— Тады гэта жахліва многа.

— Ага.

— Ты не шкадуеш?

І адразу ж пачуццё жалю знікла.

— Не, — адказаў я. — Вячэра была добрая.

— Табе падабаецца добра жыць. Мне таксама, — сказала яна з сур'ёзным выглядам, кіўнуўшы галавой.

— Я б ніколі не падумаў, што для цябе гэта мае значэнне.

— Няўжо? Ну, тады ты зусім памыляешся. Я хачу жыць добра, а на гэта патрэбны грошы. Таму, — усміхнулася яна, — я хачу выйсці замуж.

— Хочаш выйсці замуж за грошы? — спытаў я, уражаны яе словамі.

— Нейкім чынам — так, — адказала Эн. — Нейкім чынам.

Я сустракаўся з ёю кожны дзень і кожны вечар на працягу амаль месяца. Калі дакладна, то на працягу дваццаці шасці дзён.

Увесь гэты час мы разважалі, зразумела, пра жыццё. Прынамсі, я. Эн гаварыла мала. Яна слухала і, калі штосьці яе закранала, часам выказвала сваю думку. Яна заўсёды была шчырая. Альбо здавалася такой. Калі яна не хацела быць шчырай, то папярэджвала пра гэта.

Калі вы яшчэ не зразумелі самі, то я вам павінен сказаць, яна была вельмі незвычайная асоба. Вельмі незвычайная як на жанчыну. І надзіва незвычайная як на маладую жанчыну. Яна гаварыла, што думала, і думала, што гаварыла, ведала, што хоча, і старалася простым шляхам гэта самае атрымаць.

— Ці не марнуеш ты са мной часу, — спытаў я Эн, як мага стараючыся паказаць, што гавару гэта з гумарам, адчуваючы разам з тым нейкае шчымленне і ўсё большую разгубленасць у душы. (Я ўсё-такі мог дазволіць сабе ажаніцца. Нельга сказаць, што гэта было мне раз плюнуць, але бацькі з радасцю паспрыялі б адзінаму сыну, які цэлы і здаровы вярнуўся з жудаснай вайны... Я ніколі ёй пра гэта не сказаў.)

— Мабыць, так, — адказала Эн, не збіўшыся пры гэтым у танцы. Я танцаваў з ёю ў той вечар у «Казіно» ў Монтэ-Карла. Яна выглядала цнатлівай і невыказна прыгожай у доўгай белай сукенцы.

— Давай сыдзем з круга.

Здавалася, яна на нейкі момант здзівілася, але ніколькі не збянтэжылася. Грацыёзна, не віхляючыся, пайшла да нашага століка.

Я сеў з такім грукатам, што ўсё навокал страсянулася, і спытаў:

— Няўжо ты не верыш у каханне?

— Канечне, я веру ў каханне.

Такі адказ мяне здзівіў.

— Але тым не менш ты хочаш выйсці замуж за грошы?

— Нейкім чынам так.

— Таму што ты ніколі не была закаханая?

— Я была закаханая.

Мяне адразу ж пачала тачыць рэўнасць.

— З кім?

— Не з кім, а ў каго. Не забывайце пра граматыку, сэр. У чалавека, не падобнага на цябе, у бедалагу, які вучыцца на інжынера. Ён не можа забяспечыць мяне цяпер і ніколі не здолее што-небудзь зарабіць. Ён слабы чалавек, я гэта ведаю, але ён, ну, як бы гэта сказаць, адпавядае. І ўсё ж ён не той, хто можа зарабляць грошы.

— Я не слабы і магу зарабляць грошы.

— Ты просіш мяне выйсці за цябе замуж?

— Не.

— Я так і думала, што ты не папросіш. — І разам з тым яна ўсміхнулася.

— Ты б не пайшла за мяне замуж, — сказаў я, гуляючы з агнём, якога я баяўся, але, відаць, ад якога не мог далёка схавацца, — хаця б таму, што ў мяне такая бандыцкая морда.

— А, гэта. — Яна не пярэчыла, толькі схіліла галаву крыху набок і ўважліва агледзела мяне. Потым сказала: — Гэта прываблівае мяне.

— Як наконт таго, што я змагу зарабляць грошы? Няўжо ты мне не верыш?

— Я веру. Цалкам. Але грошы мне патрэбны цяпер. Мне дваццаць два гады. Я не хачу чакаць яшчэ трынацццаць год. Хачу, каб наступныя трынаццаць год былі поўныя такіх начэй, як гэта — калі весела, калі на мне прыгожае адзенне, калі вакол цудоўныя рэчы.

— Гэта сукенка прыгожая.

Твар яе зрабіўся непрыгожым, і я першы раз убачыў яе такой.

— Гэта сукенка, — сказала яна, — танная і нікчэмная. Калі яна такой не здаецца, дык толькі таму, што мне дваццаць два гады. Яна б выглядала яшчэ лепей, калі б мне было шаснаццаць. Але калі мне будзе дваццаць шэсць, дваццаць сем, я ўжо не змагу выкруціцца з такімі таннымі трантамі. Я не прыгажуня, а магла б ёю быць. Дзякуючы грашам. Толькі ім.

Гэта быў якраз той момант, калі яна выглядала вельмі непрыгожай.

— Трынаццаць год, — сказаў я. — Чаму трынаццаць год? Трынаццаць і дваццаць два — што, узрост трыццаць пяць год азначае для цябе нешта асаблівае?

Эн усміхнулася і адразу папрыгажэла.

— Азначае што-небудзь? — перапытала яна лагодна — Так, мой даражэнькі Біл, ён нешта азначае. У трыццаць пяць я атрымаю ў спадчыну маёмасць майго бацькі. Вельмі значную. Зраблюся даволі багатай. У трыццаць пяць. Ён пакінуў пасля смерці вельмі дакладна абумоўленае завяшчанне — тады мне было сем год. Яго аргументам было тое што ўсе жанчыны — легкадумныя, пустыя, бязглуздыя. Гэта каб са мной не жаніліся дзеля грошай. Але калі ў трыццаць пяць я ўсё яшчэ не буду замужам, то, можа было б лепш, каб са мной жаніліся дзеля грошай. Нельга дараваць бацьку за яго завяшчанне, але прычыны зразумець не цяжка. Мая маці была легкадумная і пустая. Яна збегла з другім мужчынам. Бацька перажыў маці, але ніколі не дараваў ёй і ніколі не дараваў мне. Ён пажадаў, каб суд апекаваўся мною, і прасіў у пасмяротным пасланні, каб я выхоўвалася «ў сціпласці». На справе гэта азначала — у беднасці. На маю думку, бацькава воля выконвалася дакладна. Калі б ён аказаўся тут, каб пацікавіцца, як ідуць справы, ён бы, відаць, адчуў, што апекуны перастараліся. — Яна нейкі час памаўчала. — Можа, ён не ведаў або не разумеў, якую жудасную рэч рабіў, што тварыў. Можа, ён сапраўды не ведаў?

Эн глыбока ўздыхнула. Потым пачала гаварыць зноў:

— Я не люблю гаварыць пра гэта. Я сама здзіўляюся, што гавару пра гэта. Але ты — добры хлопец. Бачыш, я хачу мець сям'ю, хачу дзяцей, але я не хачу ўвесь час выкручвацца наконт грошай і адносіцца да сваіх дзяцей так, як мой бацька адносіўся да мяне, без усялякай на гэта патрэбы. І нават болей чым дзецям, я хачу належаць каму-небудзь, да каго-небудзь, быць часткай сям'і. Гэта таксама лёгка зразумець, бо ўсё гэта ў межах нармальнай псіхалогіі, той самай дафрэйдаўскай псіхалогіі. Я была адна, заўсёды адна. Я адчуваю патрэбу належаць да чагосьці ў сэнсе... — яна змоўкла і потым сказала амаль з адчаем: — Да дынастыі.

— Дынастыі? — усміхнуўся я. — Паслухай, Эн, я быў з табой не да канца шчыры.

— Так? — адказала яна ў разгубленасці, ачуўшыся ад ахапіўшых яе думак і цяпер намагаючыся ўспомніць, хто такі Ўільям Дэнтэл. — Вось як? — перапытала яна.

— Ну, не зусім так. Гэта праўда, што я бедны, але паслухай, на самай справе я магу ім і не быць. Мае бацькі — даволі заможныя людзі. І яны дапамаглі б мне. Ахвотна. Да таго часу, пакуль я змагу зарабляць гэтыя грошы, а я ведаю, што змагу.

— А, — нарэшце яна ўсвядоміла маю прысутнасць і ўспомніла, хто я такі. Але яе рэакцыя была не тая, якую я чакаў. Яе звычайна такія ясныя вочы заслала смуга, а маленькія зрэнкі зрабіліся яшчэ меншымі. Потым яна пахітала галавой, не таму, каб даць адмоўны адказ мне, я верыў, што не, але ў адказ на нейкую думку, на нейкае сваё ўяўленне.

— Ведаеш, ты вельмі добры хлопец, Біл, — сказала Эн. — Занадта добры, у нейкім сэнсе.

Яна перавяла позірк з майго твару і глядзела на некага паверх маёй галавы.

— Хто гэта?

— Каго ты маеш на ўвазе?

— Вунь той, прыгожы мужчына, што каля бара?

— А, гэты. — І я расказаў ёй пра незнаёмца.

Поль, — ну не памятаю яго прозвішча, відаць, таму, што яго заўсёды клікалі «Барон». Звычайна гаварылі «Поль», «Барон» альбо «Барон Поль». Бясспрэчна, ён быў прыгожы, хоць і па-тэатральнаму, з тых, што занадта прыгожыя, каб ім верыць, а для недаверу ёсць падставы.

Яго маці была каралевай нейкай маленькай балканскай краіны — я забыўся якой. Яна была самая сапраўдная каралева, з самых сапраўдных Бурбонаў. Бацька ж быў садоўнік. І, як гаварылі з усмешкай, не галоўны садоўнік. У сувязі з гэтым пераказваліся жартачкі наконт палюбоўніка ледзі Чатэрлей. Маленькая краіна пайшла прахам, і Поль, як і бацька, ніколі, як бы мовіць, не вылез з гразі. Ён зарабляў сабе на жыццё, калі можна назваць яго занятак заробкам, тым, што адкрыта і не тоячыся задавальняў пажаданні дам.

У яго адкрытасці было нешта такое, што раззбройвала. На маё здзіўленне і нават крыху сорам, а таксама насуперак атрыманаму выхаванню, я нават адчуваў да яго сімпатыю.

— Я даўно хацеў табе сказаць: «Не будзь занадта адкрытая», і вось нарэшце, Эн, ты дала мне такую магчымасць. Не будзь такая адкрытая. Ён самы сапраўдны жыгало. Каторы раз ты мяне здзіўляеш. Я нешта не заўважаў, каб ты звяртала ўвагу на іншых мужчын. У цябе ж добрыя манеры. — Я ўхмыльнуўся. — Звычайна.

Яна не адводзіла вачэй ад Барона, і ўхмылка знікла з майго твару.

— Звычайна, — паўтарыў я крыху пагрозліва. — Але павінен прызнаць, што ён надзіва прыгожы.

— Так, — яна сцвярджальна кіўнула галавой. — Але перш за ўсё ён дзівосны тым, што выглядае якраз на таго, які ён ёсць на самай справе. Нават вопраткай. Вось гэта і прымусіла мяне спытаць пра яго. Я ніколі не бачыла самага сапраўднага жыгало раней. Ты знаёмы з ім?

— Так, як і ўсе. Крыху.

— Пазнаём мяне з ім, калі ласка.

Эн паспела растлумачыць сваю цікаўнасць. Яна здалася мне бясшкоднай. Я прывёў Поля да нашага століка і пазнаёміў іх.

Праз два тыдні яна выйшла за яго замуж. Я не бачыўся з ёй на працягу тых двух тыдняў, хіба толькі на адлегласці. І ўвесь час паўтараў сам сабе: «Дынастыя». Гэта смешнае, недарэчнае слова, якім яна растлумачыла сваё імкненне ў жыцці, — вырашыў я, — якраз і было менавіта тое, што вабіла яе да чалавека, які, згодна з яе прызнаннем, быў тыповы прадстаўнік вульгарных нізоў.

І ўсё ж яна выйшла за яго замуж.

Праз тыдзень пасля шлюбу яны паплылі ў мора на невялікай лодцы, і назад ён вярнуўся адзін.

Праз два дні пасля гэтага яго арыштавалі. Студэнты-медыкі ўзнялі шум, і паліцыя — якая хоць і вельмі неахвотна звязвалася з амерыканцамі, а з імі асацыіравалася ўжо само імя Эн, і была вельмі заклапочаная тым, каб Каны аднавілі сваю рэпутацыю сусветнага цэнтра забаў і каб пра гэты горад не распаўсюдзілася ніякая слава, акрамя самай добрай, вельмі клапацілася аб тым, каб запэўніць кожнага, што такія тыпы, як Поль, ніколі, заўважце, ніколі не ступяць нагой у іх рай, — гэта самая паліцыя вымушана была саступіць і арыштаваць яго.

Потым, паколькі ён быў неверагодна бездапаможны, паліцыі не заставалася нічога іншага, як перадаць справу ў суд. На пытанне аб тым, куды знікла жонка, ён адказаў:

— Яна вылезла з лодкі і паплыла. — Так ён і паўтараў увесь час гэта глупства. І гэта ўсё, што ён мог сказаць у сваю абарону.

Пасля размовы са мной супрацоўнікі следчых органаў папрасілі не ў якасці афіцыйнага загаду, а ў якасці паслугі застацца, каб прыняць удзел у слуханні справы ў судзе. Відаць, яны думалі, што я змагу ім дапамагчы. Я ж гэтага не разумеў, пакуль не пачаўся суд. І вось тады я ўбачыў, наколькі карысным я аказаўся, вельмі карысным.

Суд прысяжных засядаў не больш двух месяцаў. Потым судовыя пасяджэнні перанеслі ў другое месца ўзмор'я, у Ніцу — цэнтр дэпартамента Прыморскія Альпы.

Так што мае тры ідылічныя месяцы на казачнай Рыўеры аказаліся пяццю горкімі...

У зале французскага суда надзіва цяжка арыентавацца. Мне давялося вельмі доўга шукаць сваё месца і спатрэбілася шмат часу, каб разгледзець сярод прысутных абвінавачанага; яшчэ больш часу спатрэбілася, каб прызвычаіцца да факта, што ён лічыўся вінаватым, пакуль не зможа даказаць адваротнае.

Калі ж я нарэшце да гэтага прызвычаіўся, адчуў вялікае задавальненне.

Паказанні былі абсалютна знішчальныя. Усе да аднаго, у тым ліку і самога Барона. Да таго ж, ні кроплі не засталося ад яго годнасці — і не толькі таму, што шмат што кампраметавала яго, але і сам ён надзіва ўдала прыклаў руку да сваёй дыскрэдытацыі ў час судовага разбору. Так, напрыклад, усплыў факт яго незаконнароджання. Усе гэта, зразумела, ведалі, але гаварылі пра гэта толькі шэптам, ды і пашпарт, што ён меў пры сабе, рабіў гісторыю яшчэ больш заблытанай.

Узнікла пытанне і наконт яго ўзросту. Калі знікла тая маленькая балканская краіна? У 1915 годзе. Колькі год яму было тады? Кароткія гістарычныя звесткі, сабраныя разам, вымусілі яго сказаць праўду: яму было тады пятнаццаць. Такім чынам яго пашпарт быў падроблены; чалавеку, якому на выгляд было трыццаць чатыры, а па ўласным прызнанні трыццаць сем, на самай справе мінула сорак сем год — а гэта прызнанне для яго мела большае значэнне, чым для іншых людзей. Маладжавасць — галоўная акцыя пры яго занятку.

Але ж чаму ён ажаніўся з гэтай дваццацідвухгадовай дзяўчынай? Ён надзвычайна ўразіў усіх прызнаннем праўды: ён ажаніўся з ёю дзеля грошай. А значыць, ён не ведаў, што яна зможа атрымаць грошы толькі праз трынаццаць год? — з'едліва заўважыў пракурор (ён наогул быў схільны да з'едлівасці), — тады, калі ваш узрост наблізіўся б да шасцідзесяці год.

— Яна мне пра гэта не казала.

Памятаю, як бездапаможна ўздыхнуў адвакат.

— Значыць, вы ажаніліся з ёю дзеля грошай, потым даведаліся, што не атрымаеце іх раней, чым праз трынаццаць год, і таму вырашылі атрымаць іх у якасці спадчыны?

— Я ажаніўся з ёю таму, што яна папрасіла мяне аб гэтым, таму што яна была прыемная асоба і таму што яна была багатая. Да таго часу, як я апынуўся ў гэтай зале суда, я не ведаў нічога наконт гэтых «трынаццаці год». Яна сказала, што загадала перавесці грошы, але французскія банкі вельмі марудныя. А яны на самай справе марудныя. Прайшоў толькі тыдзень пасля шлюбу.

— Тыдзень. Толькі тыдзень, — сказаў пракурор, паволі і горка, і сеў на месца.

Нарэшце мяне правялі да месца, дзе я павінен быў выступаць як сведка. Я стаяў за стойкай, абапіраючыся аб парэнчу, трасучыся ад пачуцця болю, страты і раз'юшанасці. Ці патрэбны мне быў перакладчык? Мяне аб гэтым спыталі, і я сказаў — не, хоць маё веданне французскай мовы было, па праўдзе кажучы, недастатковае. Але я не хацеў, каб паміж мной і помстай існавала б хоць якая-небудзь заслона.

Галоўная каштоўнасць, якую я ўяўляў для следства, была, як я потым зразумеў, у тых гарачых пачуццях кахання і жалю, што мучылі мяне. Маімі вачыма суддзі бачылі, якая простая, якая шчырая, якая маладая, якая жыццялюбівая яна была.

Яны атрымалі таксама некаторыя факты.

— Вы плавалі разам з баранэсай?

— Часта.

— Яна добра плавала?

— Не. Вельмі дрэнна.

— Вы абмяркоўвалі з баранэсай пытанні, звязаныя з грашыма?

— Абмяркоўвалі.

— Гаварыла яна што-небудзь такое, што наводзіла б на думку пра валоданне ёю спадчынай? Значным багаццем — банкаўскімі рахункамі, акцыямі, аблігацыямі і гэтак далей — усім тым, што тут было пералічана і скарыстана ў якасці доказаў?

— Не.

— Гаварыла яна што-небудзь адваротнае?

— Яна расказала мне адкрыта і падрабязна, што не можа крануць нават частку сваіх грошай да таго, як ёй споўніцца трыццаць пяць год.

— І вы былі з ёю ў адносінах, падобных на тыя, якія меў пазней абвінавачаны? Гэта значыць паміж вамі паўставала пытанне аб шлюбе?

— Так, такое пытанне паўставала. Менавіта тады яна растлумачыла, што ў яе мала што ёсць, што жыла яна «ў беднасці» — менавіта гэта слова яна ўжыла.

Абаронца ўступіў са мной у кароткі дыялог, які яго засмуціў.

— Вы сказалі, што плавалі разам з нябожчыцай?

— Але.

— Ну, значыць, яна ўсё-такі ўмела плаваць, ці не так?

— Безумоўна. Яна плавала, як толькі што народжаны пудзель: напалову на спіне, махаючы адной лапай.

— Меней рыторыкі, месьё Дэнтэл, і болей фактаў.

— Гэта і ёсць факт.

— Яшчэ адным фактам з'яўляецца тое, што вы абмяркоўвалі пытанне шлюбу з мадам?

— Гаворка пра гэта ішла.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Тое, пра што я гаварыў.

— Па-французску гэта ні аб чым не гаворыць. Я сфармулюю гэта так: вы прапанавалі ёй выйсці за вас замуж, яна адмовіла, потым яна вырашыла выйсці замуж за іншага мужчыну, куды больш прыгожага. Можа, яна менавіта гэта вам і сказала, таму вы і не адчуваеце спагады да абвінавачанага?

— Фактычна я не прапаноўваў ёй выйсці за мяне замуж, і таму яна мне не адмаўляла. Думаю, калі б я прапанаваў, яна б, можа, і згадзілася. І адзіны каментарый, які я чуў ад яе пра чалавека, за якога яна выйшла замуж, дык гэта тое, што ён выглядае як сапраўдны жыгало.

Абаронца раптоўна вызваліў мяне ад далейшых паказанняў.

У адвакатаў Поля заставалася ўсяго некалькі вартых жалю аргументаў і адзін важкі доказ.

Спачатку яны патрабавалі скарыстаць аргумент, згодна з якім маёмасць Эн не належала ёй паводле завяшчання, бо бацька абмежаваў яе правы. У выпадку яе смерці, напомнілі яны суду, грошы павінны былі адысці нейкай жанчыне ў Штатах, што даводзілася Эн далёкай раднёй. (Завяшчанне манатонна прачыталі ўголас і потым гэтак жа манатонна пераклалі. Я з горыччу заўважыў, што тая жанчына ў Штатах аказалася прамой спадчыніцай. Альбо ёй было даўно за трыццаць пяць, альбо негатывізм бацькі Эн на яе не распаўсюджваўся.) Дык вось, сказаў абаронца, які мужчына пойдзе на забойства, не паклапаціўшыся нават даведацца пра тое, ці атрымае ён спадчыну? І адказ быў занадта відавочны, каб яго можна было пазбегнуць: Поль, паводле агульнага прызнання, жаніўся дзеля грошай, якія не змог бы атрымаць, і нават не паклапаціўся пра гэта даведацца. Ён — проста дурань.

Хто будзе кідаць чалавека за борт, а потым казаць, што яна паплыла?.. Ён — проста дурань.

— Ну добра, — было сказана, — дзе ж цела?

Гэта якраз і выклікала звычайную мітусню. Паняццем corpus delicti* карыстаюцца часта, але яно ніколі не было па-сапраўднаму вызначана.

* Склад злачынства, рэчавыя доказы (лац.).

Людзей прызнавалі вінаватымі ў забойстве, хоць труп так і не быў прад'яўлены ў якасці доказу; ва ўсякім разе, сам тэрмін разумеецца памылкова. Corpus delicti як прававы тэрмін не азначае фізічнага цела ахвяры забойцы. Гэта паняцце азначае істотныя факты, неабходныя для ўчынення забойства.

Абвінаваўчы бок заяўляў, што спачатку яму было вядома менавіта гэта, а потым і іншае.

Але спрэчкі пра гэта хутка скончыліся, бо ўсярэдзіне працэса аб'явілася частка трупа.

Пасля гэтага медыкі пачалі фланіраваць да месца, дзе даваліся паказанні, і назад. Тыя, каго вызывалі адвакаты, гаварылі, што цела было пазбаўлена жыцця занадта даўно, каб быць трупам баранэсы. Тыя ж, каго выклікаў абвінаваўчы бок, гаварылі, што труп занадта доўга быў у вадзе, каб можна было сказаць, колькі часу цела было мёртвым.

Абвінаваўчы бок, акрамя таго, падкрэсліў той факт, што на няшчасных рэштках цела былі знойдзены шматкі купальніка Эн. І ніхто — ні абаронцы, ні абвінаваўца, ні Поль, ні я — не адмаўлялі, што кавалак серабрыста-зялёнай тканіны быў часткай купальніка Эн.

Барона Поля павесілі.

 

Начальнік паліцыі кіўнуў у мой бок.

— А вы паехалі дадому, — сказаў ён, — і потым ажаніліся, у вас нарадзіліся два сыны, а вы ўсё не маглі забыць дзяўчыну ў зялёным купальніку з яснымі вачыма. Вельмі цікавая гісторыя, містэр Дэнтэл. Сумная. Але — прабачце — ну дык і што?

— А тое, — сказаў я, — што гадзіну назад, калі я ішоў з гэтэля да таго месца каля дарогі, дзе падаюць смажанае на вуголлі мяса...

— Шынок «Пралеска». У Доўгім завулку.

— Так. Па дарозе якраз там, дзе канец галоўнай вуліцы і дзе два святлафоры, побач са мной спыніўся на чырвонае святло цёмна-фіялетавы «мерседэс-бенц» з шафёрам за рулём.

— Я ведаю гэту машыну, — кіўнуў галавой паліцэйскі. — Натуральна, бо гэта адзіная такая ў горадзе. Належыць уладальнікам фабрыкі.

Чаму ж ён тады не ўдакладніў назвы галоўнай вуліцы, падумаў я, губляючы цярпенне, калі ён такі ненажэрны на падрабязнасці? Але...

— Уладальнікам фабрыкі? — перапытаў я. — Я маю з ёю справы шмат год, але ніколі не думаў, што ёю «ўладаюць». Яна ж такая вялікая — сапраўдны монстр. Хіба гэта не акцыянерная кампанія?

— Не-а. Сямейнае ўладанне. Але ўладальнік — не адміністратар па складзе характару. Яны больш падарожнічаюць. Тут бываюць рэдка. Адны гавораць, што ён добры гаспадар, другія ж — што проста дрэнны камерсант, але дастаткова разумны, каб ведаць гэта... Ну, як я сказаў, а што?

— Тое, што на заднім сядзенні цёмна-фіялетавай машыны сядзела Эн.

Шэф выпрастаўся, зняўшы цяжар тулава з локцяў.

— Вы, — вымавіў ён паволі, — вар'ят. Хутчэй за ўсё жанчына, што сядзела ззаду, была місіс Фраўнфелд.

— Гэта была Эн. Карычневыя валасы пакрыліся серабром — не па гадах, але калі колер і штучны, яны вельмі прыгожыя. Яна вельмі прыгожая і вельмі халодная.

Паліцэйскі па-ранейшаму глядзеў на мяне як на поўнага вар'ята.

— Трыццаць пяць? Трыццаць шэсць? — спытаў ён.

— Ёй цяпер трыццаць сем, але выглядае на больш.

— Місіс Фраўнфелд падобна на жанчыну, якая «добра захавалася». Дзіўна, бо яна даволі маладая.

— Фраўнфелд?

— Я ж вам сказаў.

— Фраўнфелд. Чакайце. — Я нахмурыў бровы і раптам успомніў. — Гэта было прозвішча яе далёкай кузіны. Яго ўспаміналі ў судзе. Гэта было прозвішча далёкай кузіны, якая атрымала спадчыну. Але ж — гэта была жанчына.

— Яго імя Марыён.

— Ага. Дык вось яно што.

— Я сказаў нешта смешнае, містэр Дэнтэл?

— Я ўсміхнуўся? Ну, што ж, гэта залежыць ад таго, якім пачуццём гумару чалавек валодае. Я якраз пытаўся ў сябе, ці не ўзяла Эн гэта падобнае на жаночае імя ў свой старанны разлік, і вырашыў, што гэта было немагчыма. Таму што я таксама ўспомніў той незвычайны, але не вельмі падыходзячы купальнік. Адзіная рэч, што я бачыў на ёй, каштоўнасць якой не была заменшана. «Дзеля яго эканоміла на адзенні некалькі месяцаў», — сказала яна мне.

Паліцэйскі ўтаропіўся ў мяне на цэлую хвіліну — адну доўгую хвіліну.

— Вы ўпэўнены, містэр Дэнтэл? — спытаў ён.

— Абсалютна ўпэўнены. Пастарэла, стала больш халоднай, прыгажэйшай. Тыя самыя вочы.

— Я звярнуў увагу на вочы місіс Фраўнфелд на адным дабрачынным мерапрыемстве, — сказаў паволі паліцэйскі. — Калі яна падавала мне кубак пуншу, яна была вельмі чароўная, вельмі прыемная. Але тады я падумаў, што місіс Фраўнфелд магла быць пад наркотыкам.

— Не думаю. Проста зацыкленая сваёй мэтанакіраванасцю. Можа, гэта і лухта з боку гледжання медыцыны, але я заўсёды так лічыў.

Паліцэйскі зірнуў на гадзіннік, што вісеў за маёй спінай. На тэлефон на стале. Потым глянуў на мяне.

— Нічога, каб яго чорт узяў, не ведаем мы пра гэтых Фраўнфелдаў, — сказаў паліцэйскі суха. — Відаць, таму, што ў горадзе няма ім роўні па сацыяльным статусе. Ходзяць чуткі — упэўнены, што гэта бабскія плёткі, — што яна — вартая таго, чаго яна вартая, як бы сказала мая маці. Жыве сваім жыццём, як кажуць жанчыны. Не паважае мужа. Але ж ён — не моцны мужчына. Слабы падбародак. Завостраны. Адзінае, што я ведаю напэўна, — ён горны інжынер. Як і вы.

— Як я і як чалавек, якога яна любіла, — не камерсант і не багаты, ён быў слабы, але, як бы сказаць, адпавядаў ёй. Мае востры падбародак, так? Як яго жонка і кузіна? Значыць... «Дынастыя», — сказала яна. Можа, у яе бы думка, што калі яна выйдзе замуж за адзінага сваяка, створыць нешта накшталт дынастыі, і грошы застануцца ў сям'і.

Рука паліцэйскага паволі пацягнулася да тэлефона, лягла на апарат і засталася там нерухомай.

— Не толькі яе, але і яго, — сказаў ён, відаць, сам сабе. — Саўдзельнік... Значыць, вы сказалі наступнае: яна не магла атрымаць спадчыну на працягу трынаццаці год. Але калі б яна «памерла», яе кузен — чалавек, якога яна любіла, — атрымаў бы спадчыну. Такім чынам, яна арганізуе «сваё забойства», кузен атрымлівае спадчыну, яна выходзіць за яго замуж і адразу ж атрымлівае грошы... Трэба праверыць дэталі, пацвердзіць тое-сёе — завяшчанні, пасведчанні аб нараджэнні, аб шлюбе, тую частку трупа ў шматках ад зялёнага купальніка. І, — ён глянуў на мяне, — нетаропкасць, упэўненасць, маўчанне — пакуль мы не забяспечым дакладнасці. Вы далучыцеся да мяне ў забеспячэнні гэтых засцярог, містэр Дэнтэл?

— Так.

— Пракурор штата, — сказаў ён задумліва, — занадта высока для мяне. — Ён па-ранейшаму трымаў руку на тэлефоне, разважаючы аб нечым. — Вы прыедзеце, калі спатрэбіцеся нам, містэр Дэнтэл?

— Я буду чакаць тут.

Мне здалося, што паліцэйскі сумняваецца.

— Не менш двух тыдняў. А можа, і намнога больш.

— Я чакаў на Блакітным беразе два месяцы.

Ён глянуў на мяне з цікавасцю.

— Вы адчуваеце неабходнасць адпомсціць?

«Ці так?» — падумаў я і паволі сказаў:

— Усё менш з кожнай хвілінай. Спачатку мне зрабілася шкада тых тыдняў агоніі, ад якіх пакутаваў малады Ўільям Дэнтэл, а потым многіх год з іх начамі, поўнымі болю і жалю. Але цяпер я думаю толькі пра звычайную справядлівасць. Я лічу, што мы павінны зрабіць гэта, каб перамагла справядлівасць. Дзеля Поля. Як я гаварыў Эн, ён быў сапраўды сімпатычным хлопцам і чэсным, згодна з яго магчымасцямі.

— Гм. Ну, ведаеце, яна таксама. І я думаю, што вы маглі б таксама адчуваць у нейкай меры ўдзячнасць.

— За што?

— Нягледзячы на тое, што ваш твар мог бы зрабіць адпаведнае ўражанне на прысяжных, вашы бацькі былі неадпаведна заможныя. У вас не хапала матывацыі забіць яе, а матывацыя да яе забойства была адна з умоў шлюбу.

Ён прасачыў, як мой твар асвяціла здагадка, усміхнуўся, а потым перайшоў на з'едлівы тон.

— Ці жадаеце вы, містэр Дэнтэл, афіцыяльна заявіць, што вы лічыце: забойства было здзейснена над адным баронам Полем — мы павінны даведацца яго прозвішча — што забойства было здзейснена ў адносінах аднаго барона Поля імярэка, у горадзе Каны, у Францыі, у адна тысяча дзевяцьсот сорак сёмым годзе?

— Так.

Паліцэйскі ўзяў слухаўку.



Пераклад: Уладзімір Шчасны

Беларуская Палічка: http://knihi.com