epub
 
падключыць
слоўнікі

Хвядос Шынклер

Стрэлачнік Мігай

Хто яе ведае, што зрабіла чыгунка з нашым Сымонам. Але вярнуўся ён са службы на чыгунцы іншым чалавекам. Нібы падмяніў яго хто там ці ўракнуў. Хто яго ведае...

Памятае наша вёска Сымона Мігая вясёлым, гуллівым хлапцом, які красіў усю моладзь. Прыгожы, зграбны хлапец. Чарнявы, з кучаравай галавой, з шэрымі прыгожымі вачыма - заглядзіся. Ніякае гульбішча, ніякае пракудніцтва не абыходзілася без яго. Ды што - не абыходзілася! Ён звычайна быў і завадатарам-канаводам на ўсе ўчынкі. Калі ж траплялася - не адкідаў і чарку гарэлкі перакуліць. А разгуляецца, дык чаркай справа і не канчалася.

Што казаць - спрытны, самавіты хлапец быў!

Так ад роду было яму напісана быць украсай нашае вёскі. Прайшлі б маладыя гады, перабушавала б маладая кроў - быў бы з яго добры разумны гаспадар. Так заўсёды бывае. Але не па сэрцу яму вясковае жыццё прыйшлося, не захацеў па-дзедаўску сядзець - працаваць на зямлі, захацеў выйсці ў людзі, працерабіць сабе новы шлях. Не падабаўся яму сялянскі лазовы лапаць, захацеў набыць гарадскія бліскучыя боты. Вось і пайшоў ён на службу, на чыгунку. Казалі людзі, пашанцавала Сымону: прыладзіўся, усталяваўся недзе служыць стрэлачнікам.

Ды нядоўга нешта паслужыў. Неяк праз гады тры зноў з'явіўся ён у роднай вёсцы.

Ды другім чалавекам прыйшоў да нас Сымон Мігай. Не пазнаць у ім былога гуллівага, гарэзлівага завадатара. Ціхі нейкі, мэрам да зямлі прыбіты, стаўся. Няма былой весялосці ў вачах, нейкі балючы сум бязмерны відаць у іх. Няма спрытных жвавых рухаў, замест іх паважнасць нейкая, сталасць ды павольнасць. Смеху, ухмылкі не пабачыш на вуснах яго - крывіць іх, скажае нейкая балючая грымаса, лапкі-зморшчынкі. А калі гарэлкі чарку па старому звычаю дакляруе хто выпіць - глыбока, цяжка ўздыхне ды моўчкі адыдзе.

Чалавек малады, а на вячорках нідзе яго не пабачыш, ад людзей хаваецца і да грамады рэдка падыходзіць.

Другі, зусім другі чалавек...

І з чаго б то стала? Колькі разоў пачыналі людзі дапытвацца ад Мігая, чаму пакінуў ён чыгунку, ці добра працаваць на ёй, ці няўжо на вёсцы лепей, - нічога не адказвае, махне рукой ды пойдзе.

Дзівак чалавек, што казаць...

Нешта нейкае зрабіла з ім чыгунка. Хто ж яго ведае... Знаходзілі некаторыя з тых, што языком ахвочы патрапаць ды розум маюць спрытны, дапытлівы, розныя здагадкі, але нічога путнага і яны прыдумаць не маглі.

Здагадкамі тут нічога не растлумачыш. Дый хацелася ведаць сапраўдную праўду. А Мігай нічагуткі казаць не хоча, абмінае, адхіляе ўсе пытанні. Так і пачалі казаць у нас пра яго: Мігай - не чапай.

Так-так... Другім чалавекам вярнула нам чыгунка Сымона Мігая.

 

Цёплым вясновым надвячоркам павыпаўзалі людцы з хат адпачыць ад дзённае працы, пагаманіць аб тым аб сім, парадавацца на ажываючую прыроду, поўнымі грудзьмі ўдыхнуць у сябе лёгкае, пахучае паветра.

Сабралася грамада ля хаты старога дзядзькі Нічыпара, які нямала пабачыў на сваім доўгім жыццёвым шляху, нямала меў розных прыгод.

Ён, як і заўсёды, заўладаў агульнай увагай, апавядае, як давялося яму праехаць аднойчы на чыгунцы, колькі папакутаваць давялося яму, непісьменнаму, загнанаму вясковаму чалавеку, які не ведае распарадкаў чыгуначнай сумятні. Колькі гора нацярпеўся, колькі паздзекаваліся з яго разбазыраныя чыгуначныя чыноўнікі.

- Лепей і не знацца, браткі мае, з гэтай чартапхайкай! - заключыў дзядзька Нічыпар.

- Вось і не кажыце, дзядзька, - адазваўся тут Сымон Мігай. - Не ведаеце вы чыгункі, нельга і казаць пра яе гэтак!

- Што не ведаю? Не ве-е-едаю... Шмат ужо ты яе ведаеш. Відаць, на каго яна цябе перарабіла, да сябе падобны не стаў, ад людзей вунь нават хаваешся...

- Ат! Што вы разумееце. Чыгунка - гэта такая складаная машына, якую не лёгка зразумець, трэба пабыць хоць самым мізэрным шрубочкам у ёй, зразумець сваё месца ў гэтай машыне, дык тады не скажаш так, як вы... З мяне яна чалавека зрабіла, ды не лёгка далося гэта мне... Вялікую віну ўзяў я на сябе перад чыгункай, як расквітацца з ёй, і не ведаю... Ды што казаць...

- А вось ужо як пачаў, дык і сказаў бы людзям, чаму цябе чыгунка твая навучыла, якую адукацыю табе дала. Няма чаго хавацца ўжо!

- Ды ўжо ж... раскажу. Слухайце. Мо іначай пра чыгунку казаць будзеце...

І пачаў Сымон апавядаць сваю «гісторыю». Зразумела, з якой цікавасцю ўсе слухалі яго, бо раскрываў ён тую таямніцу, якую так даўно хацелася ўсім ведаць.

- ...Прыйшоў гэта я на чыгунку. Вось, бадай, так глядзеў на яе, як дзядзька Нічыпар. Ну, папрацаваў трохі на шляху ў рамонце, а потым трапіў на лепшую пасаду, стрэлачнікам. Тут ужо служба далікатнейшая, намагацца сілай столькі не трэба, паварочвай стрэлкі, як табе загадаюць, ды прапускай па каляях цягнікі, паравозы.

Абжыўся, пазнаёміўся з людзьмі... А станцыя - нішто сабе, дзейная, грузаў шмат перакідае, працы хапае. Але і жыць весела. І горад блізка. Быў ля станцыі спірытусавы завод, амаль штодня падаваліся туды па спецыяльнай каляі вагоны пад пагрузку. За пагрузку вагонаў станцыйнае начальства атрымлівала звычайна ад уласніка завода аплату за паслугі - ці то грашамі, ці то натурай - спірытусам. Так ужо на чыгунцы вядзецца. Называецца гэта «капытковы збор», ну а па-простаму будзе - хабар...

- Ну, вось табе і твая чыгунка, бачыш - хабары бяруць, - не сцярпеў нехта.

- А вы ўжо, дзядзькі, калі ўзяліся слухаць, дык слухайце, а то...

- І праўда, хлопцы, чаго сунецеся, не перашкаджайце!

- Так... Дык вось з капытковых гэтых перападала тое-сёе і нам, стрэлачнікам. Так што жылося мне някепска, было чаго выпіць, было і закусіць. Так паглядзіш прызвычаеным вокам - бо непрызвычаенае ж не ўсё здолее прыкмеціць, тут асобныя акуляры патрэбны, - дык як паглядзіш - ой-ёй што рабілася! Звычайная рэч, калі начальства ходзіць «пад шэфэ», як кажуць па-далікатнаму, ну а наш брат - проста «пад мухай». Так сабе ніштавата і жылося.

Ды вось мухі гэтыя капытковыя і нарабілі для мяне такога, што і сёння адчуваю, ніяк запамятаваць не магу... Гэ-э-эх, мухі, мухі...

Аднойчы, на свята, атрымалі мы зверх капытковай нормы. Набраліся што называецца. Да службы не праспаўся я, пайшоў на дзяжурства, а ў вачах мітульга нейкая, у нагах казінец. Дзяжуру. Перакідаю стрэлкі. Так-сяк сходзіць. Пачалі мы рыхтаваць падачу вагонаў пад завод, тут я нешта заспяшаўся, перакінуў няёмка баланс, што перацягвае рэйкі, дык пяро не прыкінулася як след да рамачнай рэйкі, і пайшлі вагоны па стрэлцы ўразрэз... Збочылі з галоўнае каляі на заводскую ды з адхону ўніз. Пабег я за імі следам... Ды што ж, дагоніш іх, ці што? А калі і дагоніш? Ляпаюць на стыках вагоны, і я ўгрунь за імі. А яны ўсё далей-далей, коцяцца хутчэй ды хутчэй...

Гляджу я - ідзе ля каляі нейкі салдат, мусіць з кашараў ішоў. Бачу - схапіў ён шпаліну, відаць думаў затрымаць вагоны, ды не кінуў шпалу ўпоперак рэек, але паставіў канцом на рэйку, а за другі сам трымае...

І не падумаў, відаць, чалавек, што з гэтага паратунак малы. Ці збянтэжыўся ён з неспадзеўкі, ці што?..

...Наскочылі вагоны на шпалу, крутанулі яе пад сябе, а за ёй і салдата, уздрыгнулі, грымнулі ды далей пабеглі... А на каляі, бачу, ляжыць паміж рэек шпала, а ля яе салдат... Курчыцца...

Падбег я. Тут усе мухі з галавы маёй павыляталі... Адразу цвярозасць пайшла. Але што ж з тае цвярозасці...

Ляжыць, бядак, енчыць, з ботаў кроў цурком хлышча. Гляджу, а яму абедзве пяты так і адцяло... Як перакуліўся са шпалай, так і папаў нагамі на рэйку...

...Прыбеглі людзі, войкаюць. Забралі салдата таго ў бальніцу. За ім і я, як непрытомны, пацёгся. Колькі дзён прасядзеў ля яго ложка! Што ж, прапаў чалавек... без пят, як без ног, - хадзіць нельга, а бязногі чалавек што ж за работнік...

- А вагоны? - запытаўся нехта.

- На шчапы... Закаціліся на заводскую каляю, грохнулі з разгону ў тупік - і збірай толькі шчапы...

Тут мне і выдалі воўчы білет, ды без права паступлення на чыгунку...

Вось, браткі мае, якая гісторыя!.. Перакаланула яна мяне ўсяго. Назаўсёды ўсе мухі з галавы маёй павыганяла, ды так, што і не вернуцца яны больш у яе. Шмат-шмат перадумаў я за гэты час. Вось тут і зразумеў я чыгунку. Гэта табе не забаўка якая. Гэта сур'ёзная вялікая машына, якая робіць адказную працу. Гэта ж падумаць толькі - колькі грузаў яна розных перакідае, ды што грузаў, - а людзей колькі перавозіць!

Якая ж гэта вялікая адказнасць, падумайце самі! Якой напружанай, наладжанай працы вымагае яна! Ледзь сплашаў, вось табе і катастрофа.

Тут, як у машыне. Усе часткі яе павінны быць правераны, кожны шрубочак, кожная шасцёрка, кожная гаечка павінна быць на сваім месцы, ведаць яго і выконваць як след сваю працу. А сапсуецца якая-небудзь частка - засклігоча ўся машына, пачне рыпець, даваць перабоі, дый стане...

...Вось наша станцыя, частка вялікай чыгуначнай машыны, запамятавала аб сваёй ролі. Пачалі шрубочкі, шасцёрачкі кепска працаваць, зарыпела, як нязмазаная, машына, сапсаваўся адзін дробненькі шрубочак, і машына паламалася... А каб жа гэта ды пры пасажырскім цягніку, колькі б ахвяр бязвінных было б!.. Дый так вось без ахвяр не абышлося.

Сваё я жыццё замарудзіў і чалавека загубіў. А чаму? Гарэлка ўсё вінна! Яна са шляху зводзіць, на праступак штурхае...

Шмат-шмат думак у маёй галаве прабегла за гэты час... Чалавекам праз няшчасце зрабіла мяне чыгунка.

Зразумеў я яе ад таго, палюбіў... Ды выкінулі з машыны сапсуты шрубок, і няма мне нідзе цяпер месца.

А без чыгункі цяжка, нудна жыць мне цяпер, прызвычаіўся я да яе. Так хочацца паквітацца за свой праступак, зрабіць што-небудзь добрае для яе, памагчы наладзіць машыну, каб добра працавала, але куды ж? Воўчы білет - і няма звароту. Выкінуты на сметнік, зламаны шрубок...

Вось кім стаўся цяпер я...

 

Прайшлі гады. Адгрымелі громы рэвалюцыі, сціхла завіруха, пачалі ўзводзіць рыштаванне новай, светлай пабудовы.

Далёка ад роднай вёскі апынуўся я. Давялося і мне папрацаваць на чыгунцы. Пад час працы не раз успамінаў Сымона Мігая і яго гісторыю. Палюбіў і я чыгунку, захапіўся і я стройнасцю, своеасаблівым хараством яе працы і зразумеў я Сымона. Зразумеў, чаму так цяжка было яму адчуваць сябе выкінутым, нягодным шрубочкам гэтай вялікай складанай машыны. Дбаў я, шчыра і ўважліва дбаў аб тым, каб быць на сваім месцы, добра выконваць сваю працу маленькага шрубочка, ад якога, бывае, залежыць праца машыны.

І зноў успамінаў Мігая.

Аднойчы давялося мне выехаць на маленькую станцыю. Хоць маленькая яна была, хоць зусім мала было тут чыгуначнікаў, але тут добра, прыкладна для іншых працаваў мясцком. Вёў вялікую культурна-асветную работу сярод членаў свайго саюза, меў шэфства над вёскай суседняй і там дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, светлае, прыгожае жыццё.

У гэтым мясцкоме спаткаўся я з Сымонам Мігаём. Рэвалюцыя анулявала яго воўчы білет, звярнула шрубок на старое месца, дала магчымасць паквітацца за былы, мо і несвядомы, праступак.

І шчыра, старанна квітаўся Сымон Мігай.

Уся вялікая культурная работа, пра якую чутно было і за межамі станцыі, была справай рук Мігая, старшыні мясцкома чыгуначнікаў.

З вясёлым тварам спаткаў мяне Мігай. Відаць было, што чалавек жыве, захоплены жыццём, бачыць у ім сэнс, працуе, закаханы ў працу.

- Квітаюся, браток, квітаюся, - казаў ён мне. - А галоўнае, родны мой, не пабачыш ты на нашай станцыі аніводнага п'янага. Няма, брат, гэтай брыдоты ў нас! На сваім прыкладзе пераканаў я ўсіх. Наша частка машыны працуе добра, сумленна, кожны шрубок на месцы, не хістаецца, роўна і гладка ідзе. За нашу частку машыны можна быць спакойным!

Я ахвотна паверыў Сымону Мігаю.

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая