epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"А ноччу мора заштарміла..."

А ноччу мора заштарміла,

гуло,

раўло на ўсе лады,

валы каціла,

ў бераг біла

і змыла ўсе твае сляды.

 

Я гэта знаю,

ды шукаю —

табе ў зарок,

сабе ў папрок,—

мо захаваў халодны камень

ці сыпкі здрадніцкі пясок

калі не след —

хаця б адмету,

адзін штрышок,

якісьці знак

майго нявыпітага лета,

тваіх праклёнаў

ці падзяк.

 

Няма нічога...

Толькі хвалі

у бераг б’юць за разам раз,

яны прамылі пляж,

зраўнялі

для тых,

што прыйдуць пасля нас.