epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Аб’ява аб абмене кватэры

Свой пяты паверх

я мяняю на першы.

На пятым паверсе

не пішуцца вершы.

 

На першым было б

і лацвей і бліжэй

да роднай зямлі,

да вясёлых дзяцей.

 

Ты кажаш:

на першым

трывожаць зладзеі...

А што ў мяне красці:

задумы,

надзеі?

 

Іх многа ў мяне —

іх мільёны мільёнаў,

задарма аддам,

падстаўляйце далоні!

 

Насыплю, як семак,

пяску або маку,

бярыце, ўжывайце,

скажу толькі «дзякуй!»

Самому мне іх

не спажыць,

не адужаць,

бо слава даўно ўжо

мне голаў не кружыць,

 

ні слава,

ні грошы,

ні горы багацця

не вернуць мне больш

маладосці і шчасця.

 

Адно застаецца —

бадзёрыцца ў вершы.

 

Свой пяты паверх

я мяняю на першы!