epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Акадэмік ідзе ў грыбы

І. Я. Навуменку

 

Не дзеля набытку,

а дзеля самой хадзьбы,

якая

і млявасць зганяе

і думкам высокім дасць рошчыну,

ідзе акадэмік

на золку ў грыбы

ажно за Валоўшчыну.

 

Ідзе не дарогай —

дае кругаля

праз ельнік,

балота

глухімі сцяжынкамі.

Ён чуе,

як дыхае хлебам зямля,

нібыта жытное перад зажынкамі.

 

На ўзмежку

расою набракла гірса,

сасоннік

ігліцай шчэрыцца.

...Калісьці ён босы

па шыгаллі гэткім гайсаў,

цяпер аж самому

не верыцца.

 

Не дзеля набытку прыйшоў...

Але ўсё ж

з сабой прыхапіў ён

кашэль парусінавы

і загадзя добра навостраны нож,

каб зрэзаць

пры самай зямлі

Падасінавік.

 

Няхай невялічкі...

Знайшоўся адзін,—

варта шукаць

і другога,

і трэцяга,

пятага...

І на пагорак,

дзе шмат баравін,

цягне ужо

грыбніка заўзятага.

 

Які ж ён прыветны,

ранішні бор

з насцеж адкрытымі

меднымі брамамі!

На фоне ружовага неба

яснеецца

лапак узор,

пахне жывіцай

і травамі.

 

Ды раптам

уздрыгнуў былы партызан —

куляй з-пад ног

вылецеў подлетак спуджаны.

Танклявыя ручкі

прасунуў праз коўдру-туман

даверлівы,

бы немаўля,

беразняк абуджаны.

 

І дзень пачынае

дужэць пакрысе,

закончыўшы з ноччу нямую палеміку,

над краем,

дзе ходзяць на золкай расе

на золку

ў грыбы

акадэмікі.