epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Асеннія акварэлі

Навошта?
Час
Былінка


Навошта?

Навошта ты, дождж,

так шчодра поіш сухую траву,

якой ужо ўсё роўна паміраць?

 

Навошта ты, сонца,

так шчодра размалёўваеш кляновае лісце,

якому ўсё роўна падаць у гразь?

 

 

Час

Хоць ён і хаваецца ў тумане,

саламянымі нагамі

ціхенька ступае па зямлі,

цяпер

я так востра адчуваю,

як імкліва бяжыць ён, час.

 

 

Былінка

Абсыпалася насенне крываўніку.

І цяпер гэтая незаўважная амаль былінка

чакае снегу,

які накрые ўсё,

апрача яе.

Ва ўсім полі

толькі адна яна будзе ўзнімацца над снегам

і ўяўляць сябе

Непераможнай.