epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Байкі без маралі

Зязюля
Знаёмы крумкач
Вясёлка і сонца


 

 

Зязюля

Зязюля на ўвесь лес

разнесла Лессабес:

— Прыстасаванцы! Малаверы!

Не бачаць праўды з-за паперы.

Ёсць восем дзетак у мяне

і ўсе жывыя,

пра гэта знаюць жыхары лясныя.

І дапамога мне належыць па закону.

А ім дай метрыкі

ды назаві імёны.

«Ты,— кажуць,— іх не гадавала...»

А хіба ж я пра іх не дбала,

калі ў чужыя гнёзды яйкі клала?

 

 

Знаёмы крумкач

Казаў аднойчы Граку Шпак:

— Ты з Крумкачом знаёмы?

— Яшчэ як!

Калі на складзе ён рабіў,

я з ім дружыў...

— Нядаўна Крумкача

птушыны суд судзіў

за разбазарванне грамадскага дабра...

— Даўно пара

судзіць такога махляра!

— Ды не, мінулася бяда,

і Крумкача суд апраўдаў.

— Вядома, кадрамі такімі што ж кідацца?

Ён — галава!

Адзін каштуе дваццаць.

— Дык суд лясны зноў перагледзеў справу —

і два гады ўляпілі Крумкачу.

— Вось слаўна!

Я гэткіх прайдзісветаў-Крумкачоў

і ведаць не хачу!

 

 

Вясёлка і сонца

Вясёлка Сонцу кінула папрок:

— Навошта промнямі ты разганяеш змрок?!.

У цемры так я засвяціла б,

што Зоркі й Месяц зацямніла б,

спрачалася б з Паўночным ззяннем.

 

І сонца здзейсніла яе жаданне:

за хмары светлы твар схавала.

Вясёлкі ў той жа міг не стала.

 

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Жычка Хв. Абрус: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 95, с. іл.