epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Басейн у канцлагеры Тэразін

Вось тут — сартавалі людзей,

тут — іх мылі пад халодным душам,

тут — кармілі бурдой з гнілой бручкі,

тут — катавалі, цкавалі сабакамі,

тут — расстрэльвалі,

тут — вешалі.

 

А там —

для сына каменданта

быў плавальны басейн з нагрэтай вадой.

Купаўся, плюхаўся адкормлены хлопчык

і не чуў,

як побач, за сцяной,

ягоны тата

распаленымі абцугамі ірваў жывое мяса,

кулаком выбіваў зубы,

таптаў жывот цяжарнае жанчыны,

накідваў пятлю на шыю кволенькага юнака,

пасля мыў рукі,

па асфальтавай дарожцы

паважна ішоў дамоў,

усаджваў на калені сына,

гладзіў рукою яго бялявую галоўку...

 

Пазней,

у Нюрнберзе

на лаве падсудных

ён сядзеў зусім інакшы:

ціхенькі, бездапаможны, пануры і нікчэмны...

Звяруга!!!