epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Чай

Будзь разважлівай, жонка,

не сварыся дарма,

лепш мне чай завары чаборам і ліпавым

цветам.

 

Сёння ноччу

ў мяккіх валёнках

прыйдзе ў горад зіма,

з вуліц прагоніць духмянасці лета.

 

Замяце завіруха...

Прыпудрыць двары

і шчокі дамоў

шатраванае мліва.

 

Без адценняў,

як радасць і скруха,

раніцою ў акно чорна-белы зірне дрэварыт

на пушкінскія матывы.

 

Нам жа трэба з табою

ў кватэры ўтрымаць

успаміны пра пахі і колеры лета...

 

Чуеш,

крадзецца хітрай лісою

ў нашы сэрцы зіма?..

 

Ты мне чай завары чаборам і ліпавым цветам.