epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Чытаючы сексуальны раман

Напэўна, на ўсім свеце я —

самы няшчасны мужчына.

За ўсё маё жыццё

мне не сустрэлася жанчына,

якая б,

спяшаючыся хутчэй распрануцца,

каб легчы са мной у ложак,

таптала б прынесеныя мной кветкі.

 

Мае жанчыны звычайна рабілі так:

з удзячнасцю бралі кветкі,

замілавана нюхалі іх,

цалавалі мяне ў вусны,

ставілі кветкі ў вазу

і доўга любаваліся імі.

 

Пасля, магчыма, было і нешта такое...

Але я дробязей не помню,

для мяне галоўным было тое,

што мае кветкі

прыносілі радасць каханай.

 

Можа, я —

самы няшчасны мужчына на свеце?

А можа,— і самы шчаслівы?