epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Даспелая ніва калоссем звініць

Нэлі Тулупавай

 

Пад Рэчыцай помняць яшчэ землякі

зіму-калыханку,

тады на палях снег быў чысты такі,

нібы пытляванка;

мароз-ваявода абходзіў лясы

па сцежках ласіных;

мяцеліца ў коміне ў тры галасы

спявала быліны.

Адтуль—чысціня тваіх шчырых

радкоў,

прывабныя чары,

лагоднасць пагляду, мелодыя слоў

і светлыя мары.

Вясною пяшчоту прыносіў прамень,

цвілі кветкі ў полі,

у ясным блакіце звінеў увесь дзень

жаўрук тваёй долі.

І песня мацнела, ігралі гучней

цымбалы на свяце,

рабілася ўтульней, чысцей і цяплей

і сонечна ў хаце.

Адтуль — твая чуласць і слодыч

надзей,

спагадлівасць сэрца,

імкненне дзявоцкае — быць для

людзей

сястрой міласэрнай.

А лета прыйшло — сонца стала ў зеніт,

усіх яно грэе.

Даспелая ніва калоссем звініць.

Душа не старэе,

імкнецца яна, як раней, адарыць

сяброў доляй весняй,

у свет неўміручасці браму адкрыць

бадзёраю песняй.

Няхай жа да восеньскіх дзён

залатых

яснеецца неба,

і поўніцца хата праўдзівасцю кніг

і водарам хлеба.