epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Доктар

Наш век не здзівіш гучным званнем

перш-наперш чалавекам будзь.

...Вясковага ўрача сяляне

заўсёды «доктарам» завуць.

 

Тут — не памылка, а папраўка:

давер, пашана ў слове тым,

удзячнасць шчырая за працу,

за мудрасць строгай дабраты.

 

На дапамогу чалавеку

ідзе ў халаце добры друг,

дарадчык і надзейны лекар,

і акушор ён і хірург.

 

Сівабародыя дзяды ўсе

яго спыняюць каля брам:

— Калі, Пятровіч, маладыя

ты сэрцы перасадзіш нам?

 

Зірні — такое ў свеце ранне!

Шляхі-дарогі ў даль вядуць.

Вясковага ўрача сяляне

заўсёды «доктарам» завуць.