epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Дунай

Дзень добры, слаўная рака, блакітны звон

Дунай!

Ад бацькі Нёмана прывёз табе паклон,

Дунай.

Віруй і скалы падмывай, імчыся ўдаль,

Дунай,

ды песні новыя люляй на грэбнях хваль,

Дунай.

Ці, можа, хочаш нагадаць ты сёння мне,

Дунай,

аб пераможнай, у сцягах, красе-вясне,

Дунай,

калі праз горныя хрыбты, лясы, палі,

Дунай,

Чырваназорыя арлы зару няслі,

Дунай?

Да Перамогі выпаў лёс не ўсім дайсці,

Дунай...

А многім з іх шчэ не было і дваццаці,

Дунай...

І сонечны настой вясны п’яніў іх сны,

Дунай.

Ім так хацелася дамоў прыйсці з вайны,

Дунай,

Сваіх каханых і матуль, сяброў абняць,

Дунай...

На берагах тваіх яны ў магілах спяць,

Дунай...

Ім так хацелася дажыць да нашых дзён,

Дунай...

Глядзі ж, надзейна беражы святы іх сон,

Дунай!