epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Два букеты народных песень

Польскія
Чэшскія


Польскія

 

* * *

Стаяла я ў гародзе

па калена ў водзе.

Стоячы, глядзела,

дзе мой Ясю едзе.

 

Едзе Ясю, едзе

не ў нашы вароты,

ка мне не заехаў,

да беднай сіроты.

 

Прыязджай у сваты,

ёсць у мяне хата,

ручнік вышываны,

на стале сняданак.

 

Малады мой Яська,

добры ў яго бацька,

рада ўсё аддаць я,

каб сваім назваці.

 

Цэлы пост не ела б

я харчоў скаромных,

каб згуляць вяселле

Сёмухай зялёнай.

 

* * *

Ехаў я з пагорка,

ехаў я з пагорка

паўз маленькі дворык.

Ой, і спадабалася мне

падушачак горка!

 

Ой, не так падушкі,

ой, не так падушкі,

як чорныя вочы.

Калі ўдзень я іх не ўбачу,

дык не сплю і ўночы.

 

Буду ліст пісаць ёй,

буду ліст пісаць ёй,

буду маляваці,

каб назваў млынар багаты

мяне сваім зяцем.

 

Не для пса кілбасы,

не для пса кілбасы,

не для кошкі клёцкі...

Не для цябе, хлопча бедны,

млынаровы дочкі.

 

* * *

Як пад лесам, на пакосе...

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

Як пад лесам, на пакосе,

там дзяўчына траву косіць.

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

 

Накасіла, назграбала...

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

Накасіла, назграбала,

хлопцу Ясю загадала,

ку-ку, ку-ку, ку-ку:

 

— Хадзі, Ясю, ў копы складай...

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

Хадзі, Ясю, ў копы складай,

на мяне ж ты не заглядай.

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

 

Мне матуля загадала...

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

Мне матуля загадала,

каб з табой не жартавала.

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

 

Ясь жа траўку не складае...

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

Ясь жа траўку не складае,

на Марысю паглядае.

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

 

Ляжыць траўка на пакосе...

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

Ляжыць траўка на пакосе,

а Марыся сына носіць.

Ку-ку, ку-ку, ку-ку!

 

* * *

 

Ой, стаіць калодзеж

на Дамброўскім полі.

Хто там едзе, ідзе,—

коніка напоіць.

 

Ясь каня паіў там,

Кася воду брала.

Заспяваў Ясь песню,

Кася зарыдала.

 

Не плач, не плач, Кася,

слёзы — не вадзіца,

трэ было не бегаць

у лес па суніцы.

 

Трэ было не бегаць

роснаю сцяжынай,

калі прыязджаў я,

сустрэўся з дзяўчынай.

 

— Як жывеш, дзяўчына?

О, дзень добры, панна!

Куды ж ты падзела

свой вянок так рана?

 

— Павесіла ў лесе

яго на дубочак,

а як вясна прыйдзе,

зацвіце вяночак.

 

* * *

Пад лесам, пад борам

ветры кружылі.

Спала там дзяўчына —

ды разбудзілі.

Ой, дана, дана, ой, дана, дана.

Спала там дзяўчына —

ды разбудзілі.

Хто ж мог дзяўчыне

сон патрывожыць?

Той, хто закахаўся,—

Янка прыгожы.

Ой, дана, дана...

Раскілзай каня ты,

каб збярог сілы.

Не кахай дзяўчыну,

якой нямілы.

Ой, дана, дана...

Не трэба той рыбы,

дзе косці без мяса.

Не трэба кахання,

што без адказу.

Ой, дана, дана...

Не адна ды ў лузе

ружа з шыпамі.

Не адзін на свеце

бацька з сынамі.

Ой, дана, дана...

Не адну пушынку

развее вецер.

Не гэты, дык іншы

у сваты прыедзе.

Ой, дана, дана, ой, дана, дана.

Не гэты, дык іншы

у сваты прыедзе.

 

* * *

А пад борам, а пад борам,

пры той ляшчыне

граў я песні на жалейцы

сваёй дзяўчыне.

 

Шнур бурштынавых караляў

шыю абвівае.

Запытаўся я ў дзяўчыны,

ці мяне кахае.

 

— Не кахаю цябе, Ясю,

бо ты ў карты граеш.

— А я цябе браць не буду —

чорны ногі маеш.

 

— А я пайду да Дунаю

і вымыю ногі,

а ты ў карты ўсё прайграеш

і будзеш убогі.

 

* * *

Дзе ж вы, коні вараныя,

дзе вы, мае лейцы?

Дзе ж ты, дзе, мая каханка,

дзе ты, маё сэрца?

 

Дзе ж ты, тая крынічанька,

у якой купаўся?

Дзе ж ты, тая дзяўчыненька,

што я заляцаўся?

 

А ўжо ж тую крынічаньку

глеем зацягнула.

А ўжо ж мая дзяўчыненька

іншага цалуе.

 

 

Чэшскія

 

* * *

Шырокай дарогай

крочым і не збочым.

Соты раз мне любы

кажа: «Добрай ночы!»

 

Дзякуй яму, дзякуй

за добрыя ночы,—

выспацца не змогуць

зноўку мае вочы.

 

 

* * *

Ой, падкоўкі мае

іскры б выкрасалі,

каб у садзе да дня

з любай не стаялі.

 

Ой, падкоўкі мае

з кладненскае сталі,

вы, здаецца, сваё

ўжо адтанцавалі.

 

Ой, падкоўкі мае

ды з прыстукам звонкім.

Пападуся хутка я

пад абцасік жонкі.

 

 

* * *

У даліне пры каліне

сарна з рэчкі воду п’е,

паляўнічы ўзяў на мушку,

ой жа, ён яе заб’е!..

 

Не страляй ты, паляўнічы,

тая сарна — гэта я,

закляла мяне так злосна

маці родная мая.

 

Закляла мяне за тое,

што не слухаю яе:

багачам даю адмовы,

замуж хочу за цябе.

 

 

* * *

Дзве гары і дзве даліны,

пойдзем, дзевачкі, ў маліны.

 

На малінах сонца ззяе,

прыгажосць дзяўчат палае.

 

— Ты, Яношак, не журыся,

прыгажосцю той дзівіся.

 

— Калі б я на ўсё дзівіўся,

дык даўно б з дарогі збіўся.

 

* * *

Я ўжо ніву гэтую не даару,

бачыш, вунь заходзіць сонца за гару.

Дык няхай мой конік траўку паскубе,

буду цалаваць я, любая, цябе.

 

 

* * *

Над Мыявай зорка ў небе сінім,

а ў суседа пекная дзяўчына,

як убачу, дык ажно нямею,

да багатай сватацца не смею.

 

Чаму, божа, літасці не маеш,

беднякоў, такіх, як я, ствараеш?

Маю я адно багацце — сэрца,

не набыць другога мне да смерці.

 

Вее вецер, круціць завіруху,

навявае мне на сэрца скруху.

Пашкадуй мяне, маё каханне,

слоўца мне скажы на развітанне.

 

* * *

Я ж цябе ўпікала, я ж табе казала:

хочаш, каб кахала, не стой з кім папала;

 

не стой з кім папала, не трывож мне сэрца,

кляўся ж, абяцаўся ты любіць да смерці.

А цяпер свае ты клятвы забываеш,

з іншымі танцуеш, з іншымі гуляеш.

 

Не хавай пагляду, не вядзі ў прысады,

я рашучай стану, не дарую здрады.

Выйду на гулянку, завяду каханка,

буду цалавацца з ім я аж да ранку.

 

* * *

Разлука, разлука —

сумная прыгода.

Пакідаеш ты мяне

мо і назаўсёды.

 

Разлука, разлука

пад зялёным дубам.

Сустракацца болей тут

мы з табой не будзем.

 

Разлука, разлука

на пустой дарозе.

Дзе кахання ўжо няма,

не памогуць слёзы.

 

Ой, пайду я полем,

далінаю голай,

каб цябе хутчэй забыць,

зноўку стаць вясёлай.

 

* * *

Танцуй, танцуй, весяліся,

толькі грубку не зваліце.

Добра з грубкай у мароз,

не ва ўсіх жа коўдра ёсць.

Тра-ла-ла-ла, тра-ла-ла-ла,

тра-ла-ла-ла, тра-ла-ла!..

Стаіць салдат на пасту

у падраным шыняльку,

яго вецер прадзімаў,

ноччу холад данімаў.

Тра-ла-ла-ла...

Камізэльку мела я,

ды цыганцы аддала.

Цыганачка малада,

прычаруй мне малайца.

Тра-ла-ла-ла...

Як я буду чараваць,

мусіш мне ты нешта даць:

залатоўку ці гарсэт,

будзе хлопец, як той цвет.

Тра-ла-ла-ла...

Пабіў цыган цыганку

па зялёным жупанку,

а цыганка цыгана

качаргою выцяла.

Тра-ла-ла-ла, тра-ла-ла-ла,

тра-ла-ла-ла, тра-ла-ла!