epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Дванаццаць месяцаў

Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань


Студзень

Падае, падае, падае снег...

Дзед Мароз валачэ падарункаў мех,

ды не мне,

а іншаму камусьці

папёр вышэй паверхі на тры,—

класіку, мусіць.

Ну і чорт яго падзяры!

Даўно забыў я прыгожыя казкі,

пражыву і без ласкі,

без кілбаскі-падмазкі...

 

*

Студзень —

свята і ў будзень,

бо на вуліцы мароз —

адмарозіш вушы, нос.

Дык ляжы сабе на печы,

грэй азадак,

пяты,

плечы,

еш цыбулю, ананас,

пі шарбет і хлебны квас,

калядуй,

часу, браце, не шкадуй.

 

 

Люты

Намятае завіруха

гурбы снегу ля платоў

і буркоча, як свякруха

на нявестку...

 

*

Пытаецца люты:

— Ці добра ты абуты?

— Мяне абулі ў лапці, падкавалі,

зняважылі,

абмовілі

і абплявалі...

а пасля — разулі і раздзелі

ў самыя мяцелі...

 

 

Сакавік

Сакавік, сакавік!

Снег з палёў яшчэ не знік,

не пускаюць сок бярозы,

ноччу ціскаюць марозы,

вецер — сіберны...

Аднак

дзесьці ўжо на паўдарозе

вестунок вясновы — шпак.

 

 

Красавік

У зацішку на ўзмежку,

дзе прагрэлася зямля,

кветка сіняя — пралеска

усміхнулася здаля.

 

 

Май

Май — зялёны,

май — чырвоны,

распусцілі космы клёны,

вішня высыпала цвет —

пасвятлеў адразу свет.

 

 

Чэрвень

За сунічным борам —

палёў квяцісты ўзор.

Піянерскім горнам

абуджаны прастор.

 

*

З распаранай сталіцы

імчыся, нібы ў рай,

у лес

і там суніцы

з чарніцамі збірай.

 

 

Ліпень

Ліпы ў ліпені цвітуць,—

пчолы чуюць за вярсту

пах спакуслівы, прынадны.

Ну, а ты, паэт парадны,

чым адметны:

зрокам,

нюхам,

інтуіцыяй

ці вухам?

— Я адметны языком,

не пракормішся ж радком,

языком я і брашу

і парой руку ліжу

выдаўцу і крытыку,

каб было карытачка

з пойлам гусценькім,

хата-пяцісценка,

мэбля і кілімы,

месца хоць бы ў «ЛіМе»

для дубовых вершаў.

Хіба ж я тут першы?

 

 

Жнівень

Даспяваюць яблыні і слівы —

лепшых не прыдумаеш прынад.

Хіба ж ты не быў тады шчаслівы,

калі лазіў у суседаў сад?

Ах, не лазіў!

Быў такі рахманы —

не сваволіў, і не краў зусім,

і такі быў ціхенькі, слухмяны,

ну, не хлопчык — проста херувім!..

Я табе і веру, і не веру:

гэта ж трэба боская рука,

каб такому людаеду-зверу

вырасці з казяўкі-матылька...

 

 

Верасень

У верасні святлее лес і поле —

ад пошугу барвістых ліхтароў,

што ўсыпалі бяроз і клёнаў голле

шчэ да прыходу цёмных вечароў.

 

*

Не звоняць больш на голым лузе косы,

не бегае па ржэўніку Савоська —

блазан босы.

Рыпяць нагружаныя збажыной калёсы,

на слівы спелыя садзяцца гуртам восы.

 

 

Кастрычнік

На ўсе лады праславілі паэты

і залаты і медны лісцявей.

Пішу марудна нешта кніжку гэту

і мо не скончу нават да завей.

 

Не, не лянота — іншыя турботы

мне не даюць усесціся за стол.

...Калі табе намуляць ногі боты,

ці зможаш ты, скажы, ганяць футбол?

 

 

Лістапад

Зноў — сцягі і транспаранты,

стройныя рады салдат.

Б’юць Крамлёўскія куранты —

пачынаецца парад.

Раз-два, левай! Раз-два, левай!

Строй раўнюткі не ламаць!

На трыбуне Маўзалея

ціха маршалы стаяць,

маладосць успамінаюць,

Севастопаль, Сталінград...

Над планетаю шугае

залацісты лістапад.

 

 

Снежань

Снежань, снежань на двары!

Прышпіляйце каўняры

і падкладкі з футра —

тут не Брахмапутра!

 

*

Я забыў, што ўжо — не хлопчык,

не юнак і не дзяцюк.

Бачу: свежы лапік лёду

там, дзе быў учора брук,

разагнаўся, паслізнуўся —

бух!.. Скапыціўся і сеў.

Аблізнуўся,

ды не з’еў.

 

*

Круг апошні

робіць Месяц,

абляціць Зямлю,

як шар.

Хутка Новы год павесіць

на сцяну мне каляндар.