epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Гэта было...

Гэта было,

хочаш вер ці не вер,—

юнацтва аддаў я вандроўцы.

Чорныя стужкі,

блакітны каўнер

і грудзі ў татуіроўцы...

 

Пад неба

узносіў дзевяты вал

і ў бездань шпурляў заўзята,

а боцман

(у шторм ён — амаль адмірал)

«падсольваў» густа

загады.

 

Цвярдзелі бранёй

мазалі на руках,

пад сонцам

дубіўся карак...

...Аб здрадзе дзяўчыны,

якую кахаў,

пачуў я ад чаек-пляткарак.

 

І тое,

на што ні спякота,

ні шквал,

ні боцман

былі не здольны,

здолеў вось гэты падманны сігнал

зламаў маю сілу

і волю.

 

Хацелася

біць усё,

трушчыць,

крышыць,

крычала душа ў адчаі.

мазоліла вочы бязлюдная шыр

і сэрца

шукала прычалу.

 

Дражніўся,

знікаў у тумане маяк,

хлусілі прыборы і зоры...

Далёка быў порт

і той шчодры піўняк,

дзе змог бы заліць сваё гора...

 

А мора шалела,

раўло, нібы звер,

кіпела бруя за кармою...

….............................................

Гэта было,

хочаш вер ці не вер,

гэта было ўсё

са мною.