epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Гэта вельмі проста

Хто кахае — той жыве,

гэта вельмі проста...

Месяц ходзіць па траве,

па траве няроснай.

 

А ў сутонні між прысад,

між ствалоў кляновых

вучыцца чытаць пагляд

хлопец чарнабровы.

 

Падрасце — пазнае смак

вернасці і здрады.

Гэта ж вельмі проста так:

месяц,

ноч,

прысады...