epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Глобус

Са школьных гадоў

усе мы ведаем

гэты размаляваны

ў сіняе, зялёнае і жоўтае

шар на драўлянай падстаўцы.

 

Сотні разоў бачылі яго,

насілі,

вярцелі,

паказвалі настаўнікам,

дзе — Атлантычны акіян,

дзе — Ціхі,

дзе — Азія,

дзе — Аўстралія;

па ім вывучалі геаграфію

і цяпер добра ведаем

гарады, якіх ніколі не бачылі,

уяўляем горы і пустыні,

стэп і тайгу,

выпукласць мора, якая сведчыць,

што наша планета мае форму шара.

 

Ды па сёння

толькі лічаныя людзі — касманаўты

бачылі Зямлю

круглую, як глобус.