epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Ідуць за мной радкі з юнацтва

Я іх пісаў рукой няўмелай

на стыках баявых дарогу

калі душа мая гарэла

і не пісаць я ўжо не мог.

 

Я іх не вычысціў да бляску,

як амуніцыю салдат,

бо і не марыў выхваляцца,

вылазіць з імі ў першы рад.

 

Я іх не мазаў салідолам,

як зброю, што на склад здаюць

бо звыкся з іх кароткай доляй:

вось адзвінелі — і памруць.

 

Я іх хацеў забыць навекі,

як забываюць будны дзень,

пяском засыпаныя рэкі,

на трэскі пашчапаны пень.

 

Яны ж ідуць за мною следам

амаль паўвека па зямлі

і, хоць які я непаседа,

да самай старасці дайшлі.

 

Усё ж такія маладыя

ў наіўнай шчырасці сваёй,

прапахлыя паходным дымам,

прагорклыя марской вадой.

 

І ўжо за гэтую іх вернасць

і мне

і маладым гадам

я не дазволю ім памерці,

а чытачам

на суд

Аддам.