epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Як гэта добра!

Як гэта добра:

прачнуцца раніцай у родным доме,

убачыць праз акно чыстае неба,

пачуць па радыё мелодыю гімна

і знаёмае з дзяцінства:

— Увага! Гаворыць Масква!

 

«Гаворыць Масква!

Гаворыць Масква!»

Ва ўсе куткі Радзімы

ляцяць крылатыя словы,

якія вядуць за сабой

паведамленні аб добрых справах,

працоўныя рапарты калектываў,

рэпартажы з касмадромаў і стадыёнаў.

 

— Гаворыць Масква!

На чарговы партыйны з’езд

сабраліся дэлегаты —

лепшыя з лепшых:

працаўнікі,

мысліцелі,

творцы.

 

Як і мільёны савецкіх людзей

думкамі і сэрцам

я там —

у Крамлёўскім Палацы з’ездаў,

слухаю

і адабраю

Праграму Камуністычнай партыі,

праграму нашага жыцця.

 

Маё радаслоўнае дрэва

не мае на сваіх разгалінаваннях

квяцістых атожылкаў

з высокімі тытуламі і званнямі,—

мае продкі

не ездзілі ў гербавых карэтах,

а ўсе былі сялянамі,

як выгнаныя з раю боскія дзеці,

яны працавалі на зямлі,

сваімі рукамі

здабывалі хлеб,

будавалі жыллё,

шылі адзенне,

ведалі:

каб жыта ўзышло,

трэба яго пасеяць,

каб дождж не капаў за каўнер,

трэба накрыць хату,

каб карова дала малако,

трэба яе накарміць.

 

І з гэтых простых ісцін

выспявала перакананне:

шчасце ніхто не прынясе,—

яго трэба рабіць сваімі рукамі,

перакананне,

якое стала нормай жыцця,

надзеяй і верай

у заўтрашні дзень.

 

Наперад глядзець

працоўных навучыў вялікі Ленін,

які высока ўзняў над планетай

паходню Свабоды, Роўнасці і Братэрст

і асвятліў ёю

шлях да шчасця.

 

Пад Ленінскім сцягам,

па Ленінскіх запаветах

мы цвёрдым поступам

упэўнена крочым наперад

да тых вяршыняў,

імя якім — Камунізм.

 

Час не спыняецца

і назад не вяртаецца.

Смела глядзець наперад

навучыў нас вялікі Ленін.

З узлётнай паласы Ленінскіх запаветаў

паднімаюцца ў высі

касмічныя караблі нашых планаў,

наша ўпэўненасць у заўтрашні дзень.

 

Што збудавалі мы,

тое стаіць трывала,

што мы плануем,

усё здзейснім,

бо ведаем:

каб жыта ўзышло,

трэба яго пасеяць...

 

Як гэта добра:

прачнуцца раніцой

і ўбачыць у акне чыстае неба!

Сваім нашчадкам

разам з новымі гарадамі і электрастанцыямі,

караблямі і касмадромамі,

разам з поўнымі свірнамі

і квітнеючымі садамі

мы перададзім у спадчыну

і гэты чысцюткі блакіт неба,

у якім

залатым юбілейным рублём,

адлітым у Фонд міру новага тысячагоддзя

будзе пяшчотна ззяць іскрыстае сонца.

 

— Гаворыць Масква!

— Гаворыць Масква! —

ва ўсе куткі планеты

ляцяць крылатыя словы,

якія вяшчуюць працоўным свету

Мір,

Шчасце,

Свабоду.