epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Ельнік цёмны і сыры..."

Ельнік цёмны і сыры.

Непрыветна ў гушчары:

ні груздоў,

ні сыраежак...

Лабірынт падманных сцежак...

З кошыкам парожнім

заблудзіцца можна.

Арыядна на дарогу

мне клубочка не дала.

Не дала — і дзякуй богу,

бо сама са мной пайшла.

Ельнікам блукаем,

выйсця не шукаем.

Лабірынт нам — не завада,

мы яму бясконца рады:

век бы ў лесе нам блукаць

гэтак — у руцэ рука,

век бы гэтак згодна,

хоць і старамодна.

Век бы так пра шчасце марыць,

век...

Ды што гэта за чары:

расступіўся, знік гушчар,

сонца свеціць проста ў твар,

свеціць ды не грэе,

мабыць, вечарэе?..

Чуем шоргат шын машын —

выйшлі проста да шашы,

да шашы рухавай,

люднай, нецікавай...

Не шанцуе, як на здзек,—

быў кароткі шчасця век...