epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Ёсць на планеце такая краіна..."

Ёсць на планеце такая краіна,

дзе звонка струменяць вясной ручаіны,

дзе лета красуе пад клёкат бусліны,

дзе восень гарыць спелым жарам каліны,

а ўзімку лясы прыбіраюцца ў іней.

 

Ёсць на планеце такая краіна,

дзе з матчыных песень сатканы кілімы,

дзе гулка святкуюць вяселлі, радзіны,

дзе хлопцы-малойцы з паглядам арліным

растуць, кучаравяць пад сонцам чупрыны,

а вусны дзяўчат — саладзей за маліны.

 

Ёсць на планеце такая краіна,

дзе памяць абуджана звонам Хатыні

і Вечны агонь — трапяткі напамінак —

б’ецца трывожна ў гранітным каміне,

б’ецца, як сэрца чацвёртага сына,

што ў бітве за Шчасце і Волю загінуў...

 

Ёсць на планеце такая краіна.

Дружнай сям’ёй у імкненні адзіным

жыве ў ёй народ працавіты і чынны,

працай мацуе магутнасць Айчыны,

сяброў хлебам-соллю страчае гасцінна,

а перад ворагам дзверы зачыніць.

 

Навечна прапісаны я ў той краіне.