epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Калабок

Летнім днём ля бухты сіняй,

дзе як прысак пясок,

чарнабровай дзяўчыне

выхваляўся Калабок:

— А я з дому ўцёк,

ад бабулі ўцёк,

ад дзядулі ўцёк,

ад татулі і матулі я таксама ўцёк.

Будзем мы з табой кахацца,

цалавацца-мілавацца,

пажывём на пляжы ўсмак.

Сам сабе ён думаў так:

«Не паспееш стаць ты мамай,

ад цябе ўцяку таксама».

І ўцёк!..

 

Надвячоркам непагодным

у кавярні «Паплавок»

сабутыльнікам прагорклым

выхваляўся Калабок:

— І ад жонкі я ўцёк,

і ад дзетак я ўцёк,

аліментаў не плачу,

п’ю-гуляю з кім хачу,

бо я вольны казак.

Сам сабе ён думаў так:

«Вось дап’ём віно «Агдам»,

і ад вас я драла дам».

І ўцёк!..

 

Дакаціўся днём марозным

ён да фабрыкі «Клубок»,

у аддзеле кадраў слёзна

кляўся-плакаў Калабок:

— Я з шальмана ўцёк,

ад дурману ўцёк,

ад зладзеяў і ад п’яніц я таксама

уцёк,

жыць хачу сумленнай працай,

буду шчыра старацца,

ці ж я нейкі там слабак...

Сам сабе ён думаў так:

«Атрымаю аванс,

уцяку і ад вас».

І ўцёк!

 

Спрытны, хітры Калабок,

ад каго яшчэ ты ўцёк:

ад нашчадкаў,

ад падаткаў,

ад грамадскіх абавязкаў,

ад імкнення,

ад гарэння,

ад згрызотаў сумлення,

ад павагі і падзяк?

А я думаю вось так:

«Хоць якім будзь ветрагонам,

не ўцячэш, брат, ад законаў!»

Не ўцячэш!