epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Карадаг

Карадаг — вялізнае каменнае страшыдла.

У яго тры галавы:

адна ўглядаецца ў неба,

другая нюхае вецер,

а трэцяя п’е і ніяк не можа выпіць мора,

бо мора — бяздоннае,

бо мора салёнае,

бо мора неспакойнае і злое,

б’е хваляй па мордзе, залівае ноздры...

Трэцяя галава Карадага

толькі фыркае, і чмыхае,

і ўсё крычыць:

— Вып’ю! Вып’ю!

 

— Дурніца ты! —

кажуць ёй старэйшыя сёстры-галовы.—

Чаго ты зводзішся?

Жыві, як мы, спакойна і ціха,

любуйся небам,

сушыся пад сонцам і ветрам,

нюхай кветкі руж і кізілу.

 

— Не хачу жыць так, як вы! —

не ўнімаецца трэцяя галава Карадага

і працягвае піць мора.

 

А можа, вып’е?