epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Кавярня «У златэго гада»

Шмат кавярняў ёсць у Празе

толькі лепшай не шукай,

бо сюды, сказаць па праўдзе,

ты заходзіш, нібы ў рай.

 

Чорнай кавы пах прынадны..

І вітае ўсіх гасцей

зачарованым паглядам

залаты лятучы змей.

 

Ён калісьці быў на волі

і Адама спакушаў,

а прывязаны да столі

смірным і лагодным стаў,

 

на прышэльцаў пазірае

з незатоенай журбой,

хоць з часоў біблейскіх ззяе

залацістаю луской.

 

Змей, вядома,— для рэкламы,

з дрэва ці мо з прэс-пап’е,—

ён зялёнымі вачамі

назірае,

хто што п’е.

 

І калі ты выйдзеш з нормы

ці пачнеш вярзці ману,

змей цябе знячэўку торкне

і пакажа на сцяну

 

(там стаяць Адам і Ева

і смяюцца ад душы,

бо пладоў пад’елі з дрэва

і паспелі саграшыць):

 

паглядзі, маўляў, як людзі

жыць не могуць без уцех,

так яно было і будзе:

грэх — як смех,

а смех — не грэх.

 

...Селі й мы пад тое дрэва

(ці то дуб, ці, можа, вяз),

і рэальная ўжо Эва

выслухала наш заказ.

 

Вабна бліснулі калені,

нібы сполахі ў імгле,

і праз нейкае імгненне

кубкі з кавай — на стале.

 

Здзіўленыя тым уменнем,

з македонцам маладым

каву п’ём

і ў вочы змею

з цыгарэт пускаем дым.

 

Дым у вочы мы пускаем

змею і самім сабе

ды лянотна разважаем,

нібы ўпрэлі на касьбе.

 

Разважаем не пра каву,

не пра Эвін стройны стан.

— Грошы ёсць — не трэба славы,—

кажа цвёрда Радаван.

 

Не пярэчу я, ды згоды,

згоды я яму не дам,

мо таму, што ад прыроды

я маўклівы, як Адам,

 

і такі ж на славу прагны,

і такі ж... наконт жанчын.

— У раю хіба ёсць рангі?

— Як не ведаеш, маўчы!

 

— Змей па-чэшску — «гад», а з гадам

сябраваць ці станеш ты?

— І для гада ёсць спагада,

калі гад той — залаты;

калі сувязі ён мае,

блат,

ці шчыліну на склад,

ці пасаду дзесь займае,

ці камусьці кум і сват...

 

Выпіў каву нетаропка

македонец Радаван,

спрэчцы той паставіў кропку:

— Маладых не зводзь у зман!

 

І шчэ большымі сябрамі

мы выходзім з-за стала.

...Не міргае змей вачамі,

бо яны ў яго — са шкла.