epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Магчыма, лягчэй будзе жыць у раі..."

Магчыма, лягчэй будзе жыць у раі:

там, кажуць, і ў сцюжу пяюць салаўі;

 

там, кажуць, малочныя рэчкі цякуць;

там, кажуць, дабра —

як ля мора пяску;

 

там, кажуць, зялёныя вечна сады,

на голлі салодкія спеюць плады...

 

Адно, што там кепска,—

між райскіх людзей

плады тыя дзеліць спакуслівы змей:

 

дасць яблык табе ці які там арэх,

з’ясі — і адразу пацягне на грэх.

 

А грэшнікам станеш — ад райскіх варот

без лішняй размовы круты паварот,

 

і ў пекла — цяпер назаўжды, назусім —

спіхне цябе ўраз малады херувім.