epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Маналог закаханай

Прыходзь, мой любы,

прыходзь, мой харошы,

прыходзь не госцем у жаданы дом —

прыходзь назаўсёды ў сэрца!

Я не мару пра высокія зоркі,—

прышытая да цябе іголкай чакання,

увесь дзень правяла ў клопатах,

увесь дзень рыхтавала для цябе пачастункі:

з кужалю цнатлівасці

выткала чысцюткі абрус вернасці,

засцялю ім стол роднасці,

пастаўлю перад табой

поўныя місы добразычлівасці,—

на здароўе!

Налью поўныя кубкі шчырасці,—

на здароўе!

Пі асалоду жыцця,

пі мёд маіх вуснаў!

Пі,

пакуль я не навучылася

варыць атруту здрады...