epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Маравія

Мірны край — Маравія...

Горы і лясы...

Ліпы кучаравыя

млеюць ля шашы...

Самалёт пад небам...

Коні за ракой...

Пахне спелым хлебам,

скошанай травой.

 

Адчыні, таварыш,

крышачку акно,

хай абмые твары

ветрам, як віном,

голавы захмеліць

водарам густым,

валасы пабеліць

пылам залатым...

 

Коціцца аўтобус

у тунель прысад.

І зямля, як глобус,

верціцца назад,

верціцца, раскручвае

памяці рулон.

.................................

— Цяжка аднарукаму,—

крэкча Радзівон,—

ні скруціць цыгаркі,

ні забіць цвіка...

 

Хтось пытае:

— Дзядзька,

дзе ж твая рука?

— Дзе? Ішлі на захад,—

сеў ён на бярно,—

увесну сорак пятага

вызвалялі Брно,

ля ракі Світавы

бралі рубяжы...

Гэта ордэн Славы

там я заслужыў.

І руку пакінуў...

Быў гарачы бой,—

аскабалак міны

зрэзаў — як касой...

Добра, што не правую...

Добра, што жыву...

 

Мірны край—Маравія...

Воблакі плывуць

над табой, зялёнай,

як вясна сама...

 

Дзядзьку Радзівона

я ўспомніў нездарма,

яго ордэн Славы

і рукаў пусты...

 

Над ракой Маравай,

над ракой Світавай —

еднасці масты.