epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Мо каму чытаць ніякавата..."

Мо каму чытаць ніякавата

гэтыя шурпатыя радкі.

Не ў палац вядуць яны,

а ў хату,

што зрабілі з бёрнаў землякі.

 

Тая хата не была багатай

на адзенне,

мэблю

і яду,

толькі ў ёй не прадавалі брата,

а дзялілі пораўну бяду.

 

Дзіркамі там затыкалі дзіркі

і ашчадна адразалі хлеб...

Я ў той беднай хаце нарадзіўся,

стаў на ногі, вырас і акрэп.

 

І з той хаты ў людзі я выходзіў...

Хоць прайшоў мо тысячу дарог,

не мінаю пры любой нагодзе

зноў пераступіць яе парог.

 

Там даўно жыве сям’я чужая...

Дах бляшаны,

распісны франтон...

Ды яна здалёк мяне пазнае,

прывітае ўсмешкаю акон.