epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"На ўсе пытанні адказаць гатоў..."

На ўсе пытанні адказаць гатоў

не словам,

дык гучаннем ліры.

Адно сказаць мне не хапае слоў —

за што цябе я пакахаў так шчыра.

 

У словы я такія і не веру,

не веру я ў наяўнасць параўнанняў,

якімі б перадаць змог на паперы

цябе,

маё сумленне і каханне.

 

Вось вочы сінія.

Прад імі васількі

цямнеюць у пажоўклым жыце

і не раўня ім сонечны блакіт,

бо часта хмары носяцца ў блакіце.

 

Няма ў тваіх вачах хмурынкі зла,

праменяцца яны адной пяшчотай;

каб ты павекі толькі падняла —

і знікла б прэч мая туга-самота.

 

Тваю ж усмешку параўнаць з зарой

я палічу за здзекі і абразу:

зара бывае золкай, ледзяной,

ты ж усміхнешся —

і цяплынь адразу.

 

А вусны палкія!

Іх ружамі назваць

замала і ад ісціны далёка:

паўмесяца якога ружы пагараць,

і ападуць завялыя пялёсткі.

Не! Вусны ружамі

я не магу назваць:

цвітуць яны,

не вянуць круглы год,

гараць, пераліваюцца агнямі;

іх хмельнае віно,

салодкі мёд

мне піць не толькі майскімі начамі.

 

1952


1952