epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

На вуліцы Янкі Маўра

Як ветразь, жаданае сонца плыве

па сцішаным небе вясеннім.

Ад светлых дамоў

наўскасяк па траве

цягнуцца сінія цені.

Бярозкі ля сцен летуценяць.

 

І там,

дзе ў зацішку ад стрункіх вятроў

мяжуе цяпло з прахалодай,

дзіцячых калясак стаіць доўгі строй,

нібы каля прыстані лодкі

ці збілася качак чародка.

 

Матулі на сонцы, а дзеці ў цяньку

скверыка шчэ не густога...

Матулі на лавачках...

Дзеці ў пяску...

Сляды ўсё далей ад парога,

нібы выбіраюць дарогу...

 

Не ўгледзіш —

яны ўжо, як птушкі з гнязда,

выпырхнуць з цёплых улонняў...

Матулін жа лёс — пазіраць-выглядаць

на шлях з-пад абвялых далоняў,

чакаць вестуна-паштальёна...

 

Язмін падрасце,

шчэ ярчэй зацвіце,

ад спёкі расплавяцца хмары...

Не сціхне ніколі смех звонкі дзяцей

на вуліцы Янкі Маўра —

дзе з явай вітаецца мара.