epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Надакучыў мне гасцінец..."

Надакучыў мне гасцінец,

гладзенькі ды роўненькі...

Захацелася прайсціся

крышачку шурпатым.

Надакучыла мне быць

чысценькім, харошанькім...

Захацелася пажыць

крышачку праклятым,

Крышачку праклятым,

Крышачку забруджаным,

Языкатымі суседкамі

Добра перасуджаным:

«Ён такі,

Ён сякі,

Усё ж даскакаўся...

Ты заўваж,

Ты разваж,—

Колькі прытвараўся?!.

І вось...»

 

А што «вось»?

Проста ўбачылі мяне такім,

які я ёсць,

Якім быў,

Якім буду ўвесь свой век,

Бо і я ж — чалавек.