epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Наказ бацькоў

У дзень ад’езду на вучобу

наказ давалі мне бацькі:

«Запомні, сорам хлебаробу

не мець мазольнае рукі».

 

Гляджу на чыстыя далоні...

Чатыры ўжо гады прайшлі

жыцця студэнцкага.

Алоўкам

хіба ж нагоніш мазалі?!.

 

І мо таму мне гэтак рупіць

абмыцца ранішняй расой,

і мо таму так прагнуць рукі

узяць яловае кассё,

 

што ў дзень ад’езду на вучобу

наказ давалі мне бацькі:

«Запомні, сорам хлебаробу

не мець мазольнае рукі».

 

1954


1954