epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Наш дзень

Наш новы дзень ступае па зямлі

дзяржаўным

гаспадарчым

цвёрдым крокам,

упэўнена,

паважна,

нетаропка,—

так дбайны сейбіт

крочыць па раллі,

калі не раб ён —

гаспадар шчаслівы,

адборным зернем засявае ніву.

Наш новы дзень ступае па зямлі.

 

Наш мірны дзень — нястомны працаўнік;

шахцёр — у шахце,

на палях — араты,

за пультам кіравання — аператар,

на стромкіх рыштаваннях—будаўнік;

ён промні ловіць дужымі рукамі,

па скронях пот сцякае ручайкамі...

Наш мірны дзень — нястомны працаўнік.

 

Наш кожны дзень напоўнены жыццём:

спакоем,

рухам,

шчасцем

і журбою,

адчаем,

верай,

суцяшэннем,

болем,

бо мы расцём,

наперад мы ідзём,

змагаемся,

шукаем,

адкрываем,

адно — спыняцца права мы не маем.

Наш кожны дзень напоўнены жыццём.

 

Наш ясны дзень — прадвеснік новых дзей,

як парастак,

што з зерня прарастае,

у рунь эпохі

ён сцяблінкай стане,

закаласіцца справамі людзей,

зачырванее нараджэння датай

для будучых паэтаў,

касманаўтаў.

 

Наш ясны дзень — прадвеснік новых дзей.

Наш светлы дзень — гісторыі працяг,

учорашніх задум і мар здзяйсненне,

імгненне эстафеты пакаленняў,

што з дня Кастрычніка

нясуць агністы сцяг

высока

над абжытаю планетай,

прарочым словам Леніна

сагрэтай.

Наш светлы дзень — гісторыі працяг.