epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Не тулі ў каракуль цёплы..."

Не тулі ў каракуль цёплы

твар прыгожы, малады.

Дождж? Ды гэта ж толькі кроплі,

пойдзе дождж, дык што ж тады?..

 

Ці ж цябе вучылі ў школе

гнуцца ветру, як трысцё,

ціхім перакаці-полем

пракаціцца праз жыццё?

 

Не, не гэтаму за партай

навучалі ўсе цябе,—

каб была заўсёды ўпартай

у жыцці, у барацьбе;

 

каб настойліва і смела

шляхам выбраным ішла,

каб не тлела, а гарэла

і ніколі не старэла —

маладой душа была;

 

каб патоп, не толькі кроплі,

не заліў юнацкіх мар!..

 

Не тулі ў каракуль цёплы

малады прыгожы твар!

 

1957


1957