epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Не верыце?.."

Не верыце?

Я адчуваю, як верціцца Зямля.

 

Ля мора

я гэтаму навучыў бы і вас.

Калі заходзіць сонца,

трэба моўчкі стаяць і глядзець,

як яго вогненны шар

апускаецца ў густую ртуць вады,

нібы цяжарная жанчына садзіцца ў ванну.

 

Зайшло да палавіны,

на дзве трэці,

застаўся толькі акрайчык...

Увага!

Не прапусціце моманту, калі яно знікае.

Адчуваеце?

Зямля крутнулася,

хіснула вас назад.

Цяпер трымайцеся!

Разам з планетай

вы ляціце вакол сонца

з шалёнай хуткасцю.