epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Нейтральныя воды

Нейтральныя воды...

Нейтральныя воды...

Для ўсіх караблёў тут —

раздолле,

свабода.

Мірны ты госць

ці нахабны пірат,—

ідзі куды хочаш:

наперад,

назад,

не спыніць цябе

аніякі дазор...

 

Нейтральныя воды —

нічыйны прастор,

нічыйны,

агульны —

не свой,

не чужы...

 

Крамсаюць па скуры

кілі-нажы.

Тралы і сеці

ўпіваюцца ў цела.

Грымяць на дасвецці

вучэбныя стрэлы.

Паветра свідруюць

без жалю радары...

 

Ніхто не вартуе,

ды кожны ўладарыць.

Звярыны закон тут

пануе спрадвеку.

Нейтральныя воды

прывыклі да здзекаў,

ні днём

і ні ноччу

спакою не знаюць...

 

Я ім не зайздрошчу —

я ім спачуваю,

усіхным,

нічыйным,

нейтральным тым водам,

 

бо маю Айчыну,

любоў

і свабоду!