epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Паходны дзённік

Творчая камандзіроўка
"Я краю роднага даліны..."
"Да спаткання, цёплая казарма!.."
"Адзначыць Новы год бакалам..."
Запявала
Першаму камандзіру
На прывале
Ротны камсорг
Цяпло Радзімы
«Служу Савецкаму Саюзу!»
Дружба
На варце
Дзяўчыне
У чужым порце
Ці ёсць дзе?
Цішыня
Ты са мной, Радзіма!
"Не за блакіт цябе..."


Творчая камандзіроўка

Мне не рэдактар, сябры,— ваенком

пуцёўку ўручыў з атэстатам.

Да месца таварным дапяў цягніком,

прысягу прыняў перад энскім палком

і стаў яго верным салдатам.

 

Жыццё баявое навек палюбіў,

вінтоўку і гром палігона.

Дзіўлюся, што колісь салдатам не быў,

без строю, без песні хадзіў у грыбы,

не меў гімнасцёркі зялёнай.

 

Дзіўлюся... А роднай сваёй стараной

стаў яшчэ больш ганарыцца.

Інакш — маладосць не звінела б струной,

інакш — не магло б маё сэрца бранёй

стаяць на савецкай граніцы.

 

Інакш — я не змог бы у строй гэты стаць

непераможнага племя,

дзе з песняй гартуецца мужнасці сталь,

дзе кожнае сэрца — агонь і крышталь,

дзе кожнае сэрца — паэма.

 

 

"Я краю роднага даліны..."

Я краю роднага даліны

яшчэ з дзяцінства палюбіў.

Ды як жа не любіць краіны,

дзе нарадзіўся я і жыў?!.

 

І вось я вырас, стаў салдатам,

а па-ранейшаму люблю

сасновы лес і млын крылаты,

Дняпро і свежую раллю,

 

дажджом абмытую рабіну

і белыя ствалы бяроз...

Ці ж можна не любіць краіну,

дзе нарадзіўся я і рос?!.

 

 

"Да спаткання, цёплая казарма!.."

Да спаткання, цёплая казарма!

Будзь шчаслівай аркай, віядук!

У паход на баявы экзамен

маладыя воіны ідуць.

 

На шляху — крутыя перавалы,

чэпкія палосы перашкод,

наступы, кароткія прывалы,

харчаванне з рэчавых мяшкоў...

 

Можа, не майстэрскай перабежкай

у атаку пойдуць першы раз,

але выб’юць «ворага» з аб’екта

пераможным воклічам:— Ура-а-а!

 

 

"Адзначыць Новы год бакалам..."

Адзначыць Новы год бакалам

не дазваляе мне Статут.

Ды што бакал той?

Хіба мала

стаяць сягоння на пасту?!.

 

Сасонка мне згінае постаць

і зычыць шчасця Млечны Шлях.

А за мяне падыме тосты

уся Савецкая зямля.

 

Я — на пасту.

Я ганаруся

вялікім іменем — салдат,

і ў дождж, і ў град, і ў завіруху

загад Радзімы — ёсць загад!

 

Вартую ноччу навагодняй

спакой савецкіх берагоў.

Няхай багатым на рэкорды,

шчаслівым будзе Новы год!

 

 

Запявала

Наш узводны запявала —

хлопец бойкі і вясёлы.

Ён салдатам на прывалах

сумаваць не дасць ніколі,

ён салдатам грэе душы

песняй, жартам і частушкай.

 

І баец ён добры: метка

б’е з вінтоўкі, з ППШа.

Ў «Баявы лісток» заметку

пра яго я напісаў

 

Гэта ж па яго парадзе

ў харавы адзін гурток

запявалаў мы сабралі

чалавек так, можа, сто.

 

Ходзяць з бліжніх сёл вяскоўцы

слухаць хор наш палкавы.

Знаюць нашых хоргурткоўцаў

жыхары самой Масквы —

на аглядзе ўсеармейскім

не адзін там дзень былі.

 

Кажуць, маршал Васілеўскі

слухаў іх

і пахваліў.

 

 

Першаму камандзіру

У якім кутку Радзімы —

на палях ці ля станка —

чэсць трымаеш пашай роты,

чэсць палка

і ўсёй пяхоты

зараз,

першы камандзір мой,

гвардыі сяржант?!

Гэта ж ты мне крок паходны,

першы комплекс фіззарадкі,

«сцебель,

грэбень,

рукаятку»,

як шынель круціць у статку

паказаў;

танцаваць «Калінку» ў холад,

быць харобрым і вясёлым,

на ялінках ноч марозную

пераспаць у шынялі,

на шурпатым пні бярозавым

напісаць дзяўчыне ліст

навучыў:

«Жыву я весела...»

«Трапна б’е мой аўтамат...»

«На заняткі ходзім з песнямі...»

«Добрых многа тут рабят...» —

і ні слова пра паходы,

пра цяжкі вучэбны дзень.

Баявы сяржант пяхоты,

дзе ж ты сёння, дружа, дзе?

 

Мне здаецца, ты заўсёды

там, дзе свежая ралля.

Сэрца рвецца з карагодаў

за вясновы далягляд,

каб табе, сяржант пяхоты,

дзякуй шчырае сказаць

і за тое, што ў паходы

навучыў збіраць рукзак,

і за тое,

што ў марозы,

кладучы мяне на снег,

пот і водар зямлі роднай

навучыў любіць мацней.

 

 

На прывале

На прывале сон кароткі,

сон салдацкі,

сон салодкі

з легкакрылай марай,

што нясе, нясе салдата

ў край, дзе тоне ў садзе хата,

канюшына пахне мёдам,

бусел дзюбай-кулямётам

строчыць жнівеньскі блакіт.

Браму новую адчыніць

там харошая дзяўчына,—

твар вясёлы,

загарэлы,

а на плацці яе белым

ззяе Зорка залатая,—

і салдата прывітае

шчырым поціскам рукі,

пацалуе і прытуліць,

скажа:

«Добра край вартуеш,

стой на варце ты заўжды,

каб квітнела шчасце наша».

— Ёсць! — гвардзеец ёй адкажа.

Пра паходы ў дождж асенні

і прабітыя мішэні

расказаць так хоча ёй...

 

Толькі ж сон яго салодкі —

сон салдацкі,

сон кароткі:

заіграў гарніст «пад’ём».

 

 

Ротны камсорг

Такі закон на службе ёсць:

у баявым страю

ты месца ведаеш сваё,

пазіцыю сваю.

 

Дадуць вінтоўку — маршыруй,

кацёл — вары абед.

Зусім інакш сакратару —

тут не адзін аб’ект.

 

І трэба ў час яму паспець

у цір, на палігон,

наведаць кухню, і КП,

і клуб, і стадыён,

 

каб ведаў кожны з юнакоў

гісторыю палка

і як футбольны матч прайшоў

з «Дынама» ў «Спартака».

 

І трэба ўмець усё рабіць,

выходзячы ў дазор:

без промаху з вінтоўкі біць,

маскіраваць касцёр,

 

распазнаваць і фармаваць

характары людзей,

дзе трэба — строгасць паказаць,

уцешыць у бядзе.

 

Чаму вайну банкіры зноў

імкнуцца развязаць

і пра карэйскіх змагароў

з запалам расказаць,

 

каб у душы палаў агонь

і кожны мужным стаў,

каб гаварылі пра яго:

«Сапраўдны сакратар!»

 

 

Цяпло Радзімы

Я прывык у паходзе быць вечна,

быць да бою гатовым заўжды,

ў дні марозныя песнямі грэцца,

спёку мераць глыткамі вады.

 

Што ж так часта у гурце

на прывалах хвалю незнарок

тыя родныя любыя вёскі,

дзе бярозы шумяць ля дарог,

дзе жыты без канца і без краю

каласамі страчаюць зару.

 

Як люблю я цябе, дарагая,

працавітая Беларусь!

 

Я па праву краінай найлепшай

называю цябе, родны край,

бо цяпло з прыдняпроўскіх палеткаў

для жыцця баявога сабраў.

 

 

«Служу Савецкаму Саюзу!»

Здаецца, прыгажэй адбіліся ў вадзе

гранітны мол і цені чаек

вячэрняю парой, калі паходны дзень

падзякай камандзір канчае.

 

За сінім даляглядам бачу: родны край

у кветках патануў і шчасці,

гудуць гудкі, калыша вецер ля Дняпра

густыя пасмы сенажаці;

 

вяртаецца калгаснік з поля ў новы дом,

дзяўчына пад акном цалуе ружу...

І радасць б’е тады з душы маёй ключом:

«Служу

Савецкаму

Саюзу!»

 

 

Дружба

З маленства нам знаёмыя карцінкі

пра Каракумаў дзікія пяскі.

Ды сябра мой Рахман гаворыць:

— Кіньце,

цяпер наш край прыгожы, не такі:

дзе быў пясок — шуміць сцяной пшаніца,

дзе кактус рос — цвіце цудоўны сад,

і, промнямі наліты, залаціцца

наш вінаград... Ты еў наш вінаград?

Я слухаю, і думкі пераносяць

мяне туды, дзе высяцца стагі

і бабкі на асушаным балоце,

дзе з бульбаю сябруе кок-сагыз.

І ўспамінаю дзень, калі кулацкай куляй

прастрэлены мой бацька паміраў,

ён здымак з-пад акропленай кашулі

мые даў:

«Шануй!..» — ледзь чутна прашаптаў.

З яго глядзеў будзёнавец з вінтоўкай,

і па складах чытаў я на рагу:

«Мяне ад смерці вынес пад Кахоўкай

мой лепшы друг — Мамедаў Ісамгул».

 

 

На варце

Флоту кветкамі салютаў

шле краіна прывітанне,—

адгалоскі гімнам льюцца

над савецкімі партамі.

Ганаруся, што на вахце

я стаю пад алым сцягам.

Знаю, вымпелы на мачтах

бачны ў гэты час мінчанам.

Знаю, многія прыпомняць

сёння шум прастораў сініх,

бой на востраве Гунхольме

ці дэсант новарасійскі,—

не баяліся дзе смерці,

за Радзіму йшлі пад кулі...

І таму прыемна сэрцу

сёння быць у каравуле.

 

 

Дзяўчыне

Чую: жняярка стракоча на полі,

спелае жыта шуміць,

песня калгасніц, твой голас вясёлы

ў чыстым прасторы звініць.

 

Бачу: калгасныя нівы густыя,

ты за жняяркай ідзеш,

вяжаш старанна снапы залатыя,

песню пра шчасце пяеш

 

ды пра таго, хто краіны Савецкай

варту граніцы нясе,

лісты прысылае ў ружовых канвертах —

песню пяеш пра мяне.

 

Вецер мне гэтую песню прыносіць,

я пазнаю голас твой.

Чую: жняярка на полі стракоча,

не — гэта вінт за кармой.

 

Не, гэта мора шуміць, а не жыта

ў полі за вёскай маёй,

і не касу, а вінтоўку стальную

моцна сціскаю рукой...

 

Добра працуй! —

я надзейна вартую

працу тваю і спакой.

 

 

У чужым порце

Патануў у млявай цемры горад,

і на мора паў туман густы.

Дзесьці блізка смелым пераборам

зазвінеў «Лявоніхі» матыў.

Дарагая!

Як ты прыляцела

праз чужыя плыні і вятры?

Вось сустрэцца б нам у гэтай цемры

пра святло Масквы пагаварыць,

пра жыццё шчаслівае ў Палессі!..

Падыдзі ж...

Не растае туман.

Толькі плача на маіх каленях

па Радзіме тульскі наш баян.

 

 

Ці ёсць дзе?

Ці ёсць дзе на свеце

святлейшае неба,

гусцейшае жыта?

Ці ёсць дзе яснейшы

за наш далягляд?

Ці ёсць дзе на свеце

ярчэйшыя кветкі?

Ці ёсць дзе на свеце

куток прыгажэйшы,

чым наша зямля?

Дзе ліпы начамі

лепш нашых шумяць?

Дзе песні пра шчасце

лепш нашых звіняць?

Дзе лепш палымнеюць

усмешкі прыветаў?

Дзе могуць так шчыра

сцягі чырванець?

Ці ёсць дзе краіна

лепш нашай, Савецкай?

Спытайце любога,

і скажа ён:

— Не!

 

 

Цішыня

Дзень цэлы мора нас гайдала,

то апускала, то ўздымала,

салёнай пенаю норд-ост

запырскаў неба, вочы, рот...

 

Ды не змаглі ні гром, ні вецер

імкненне нашае суняць —

мы ў порт вярнуліся пад вечар,

і ўсіх кранула цішыня.

 

І з грудзей, адкрытых бурай насцеж,

песня мілагучная плыве:

«Я другой краіны больш не знаю,

дзе б так вольна дыхаў чалавек».

 

 

Ты са мной, Радзіма!

Зноў крутыя хвалі

пад нагамі

захісталі карабель сталёвы,

ды ніяк,

Радзіма дарагая,

не магу ўявіць,

што ты далёка.

 

Не магу!

Сябры ў маю каюту

заглядаюць па адным, гурбою

у лістах з калгасаў,

інстытутаў,

у прыветах вучняў і рабочых.

 

Разгарну цэнтральную газету —

ветла пазірае з-за варштата

сябра мой Міхась,

ён толькі летась

з экіпажам нашым развітаўся.

 

Уключу прыёмнік —

мінскай маркі! —

звонкі голас пазнаю імгненна:

з нашага калгаса Шлег Адарка

выступае на сталічнай сцэне.

 

У кіно зайду —

па гулкіх рэйках

мчыць цягнік, мільгаюць толькі колы,

машыніст —

былы наш боцман Рэдзькін —

ветліва махае мне рукою.

 

І няхай хістаюць пад нагамі

карабель раз'юшаныя воды,

Беларусь!

Радзіма дарагая,

дзе б ні быў,

са мною ты заўсёды!

 

"Не за блакіт цябе..."

Не за блакіт цябе

я палюбіў так, мора,—

за смелы твой разбег,

за шырыню прастораў.

 

Ты з громам навальніц

спрачацца навучыла.

Гартоўку тут прайшлі

характар мой і сіла.

 

З натураю марской

так лёгка мне ў жыцці

вятрам наперакор

наперад смела йсці.

 

1944-1951


1944-1951