epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Пакаянні алілуйшчыкаў

Кулаком у грудзі б’е, клянецца:

— Быў дагэтуль я сляпы зусім,

а цяпер відушчы стаў, паверце,

не засцеле больш вачэй мне дым...

 

І другі яму таксама ўторыць:

— Поўзаў я са скорасцю смаўжа,

а цяпер змагу сяўбу паскорыць,

каб сабраць у чэрвені ўраджай...

 

Трэці заліваецца прамовай:

— Я ірвуся да вялікіх спраў,

у нагу іду з перабудовай,—

хоць нічога век не будаваў.

 

...Гэткія з’явіліся не раптам —

і ў былыя дні было іх шмат.

Іх дэвіз: «Дзе ўлада — там і праўда,

хто наверсе — той нам брат і сват...»

 

Гэткія заўжды таго віталі,

хто садзіўся на мясцовы трон,

дыфірамбы соладка спявалі,

рыфмавалі словы «плён» і «дзён».

 

Гэткія заўсёды білі ў ладкі

выхвалякам, спрытным брахунам,

каб свае «запляскаць» непаладкі

і паўстаць святошамі, без плям.

 

Гэткія спяшалі адракнуцца

ад радні, ад мовы, ад зямлі,

даць аддаць любой ілжэнавуцы,

размяняць сумленне на рублі.

 

Гэткія ў рашучы час чакалі,

нібы мышы, за глухой сцяной,

і куды хіснуцца раптам шалі —

там, глядзі, яны ўжо ўсёй гурмой.

 

Гэткія заўсёды асуджалі

тых, хто з імі крочыць не ў нагу,

«выкрывалі», нішчылі без жалю,

гнулі іх — упартых — у дугу.

 

Не сагнулі!

Рушыў час наперад,

рве старыя нормы на шматкі.

Свежы вецер адчыняе дзверы,

прадзімае затхлыя куткі.

 

Верым:

дзень наступны ясным будзе,

знікнуць назаўсёды міражы.

Кулаком не трэба біць у грудзі,

языком не выбівайся ў людзі,—

працай

вернасць праўдзе

пакажы!